Get Mystery Box with random crypto!

Беларускі Бабілон

Лагатып тэлеграм-канала belbabylon — Беларускі Бабілон Б
Лагатып тэлеграм-канала belbabylon — Беларускі Бабілон
Адрас канала: @belbabylon
Катэгорыі: адукацыя , Факты
мова: беларускі
Падпісчыкі: 1.35K
Апісанне з канала

Беларуская гісторыя ў незвычайных ракурсах.
Паштовая скрынка: @Babyylon_bot
Падтрымаць праект:
https://www.patreon.com/belbabylon

Ratings & Reviews

4.00

2 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

1

4 stars

0

3 stars

1

2 stars

0

1 stars

0


Апошнія паведамленні 6

2022-02-04 12:04:02 Сёння, 4 лютага, дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, аднаго з найбольш маштабных і цікавых персанажаў нашай гісторыі.

Цягам апошніх гадоў я пару разоў звяртаўся да асобы Касцюшкі ў сваіх тэкстах. І сёння вырашыў узгадаць пра гэтыя матэрыялы.

Мерачоўшчына: маленькі музей вялікага героя
Артыкул на самой справе не пра музей, а пра тое, што маштаб Касцюшкі пакуль што ў Беларусі неацэнены нават на палову.

Як вырваная з кантэксту цытата Касцюшкі скажае яго вобраз
Тут разбіраю знакамітую байку пра тое, што Касцюшка хацеў паланізаваць усіх беларусаў. Дакаладней гэта не байка, ён такое пісаў. Але разумець гэтыя заклікі мы мусім у кантэксце XVIII ст., а не XXI.
541 views09:04
Адкрыць / каментаваць
2022-02-01 12:26:43 ​​Сёння, 1 лютага, юбілей знакамітага Магілёўскага паўстання. Падзеі споўнілася 360 год.

У гэты дзень у 1661 годзе ўзброеныя мяшчане пад вокліч "Пара!" і царкоўны звон выразалі ўсю маскоўскую залогу ў горадзе і вызвалілі Магілёў.

На прыкладзе гэтай падзеі вельмі добра бачна, як выбарачна часам працуе гістарычная памяць. У магілёўскім музеі, дзе яшчэ да нядаўняга часу захоўвалася савецкая экспазіцыя (ня ведаю як цяпер) на паважным месцы вісела копія ліста ад мяшчанаў да маскоўскага цара, дзе яны пішуць як хочуць, каб той прыйшоў і ўзяў іх горад. І, відаць, у савецкія часы экскурсаводы з задавальненнем распавядалі, што цар пачуў голас праваслаўнага места, прывёў войска, магілёўцы добраахвотна адкрылі гарадскія брамы і больш за тое, пасля разам з маскоўцамі абаранялі свой горад ад войскаў Рэчы Паспалітай. Пры гэтым, хутчэй за ўсё, савецкія экскурсаводы далікатна забываліся распавесці пра паўстанне 1661 года.

У наш час усё перакруцілася наадварот. Падзеі халоднага лютаўскага дня 1661 года сталі адной з важных датаў нацыяльнай памяці, вобразам смеласці беларусаў у змаганні з маскавітамі. Пры гэтым у сучасным наратыве цалкам адсеклася тая частка гісторыі, якая распавядае, чаму вораг у прынцыпе стаяў у горадзе.

Вось жа, калі добра прыгледзіцца, то можна ўбачыць, што абедзве гэты супрацьлеглыя падзеі, якія нікому не хочацца згадваць разам у адным кантэкце (бо ад гэтага моцна псуецца сам патрыятычны кантэкст), яны на самой справе кажуць пра адно і тое ж. Пра вельмі важнае.

Магілёўцы, жыхары аднаго з самых вялікіх і заможных гарадоў ВКЛ не баяліся прымаць рашэнні, якія былі б выгодныя іх гораду і браць адказнасць за гэтыя рашэнні. У пэўны момант яны палічылі, што пад царом ім будзе лепей, бо той праваслаўны і будзе абараняць іх веру. Ну і засланыя салаўі прыгожа спявалі, як будзе прыемна жыць пад маскоўскім гаспадаром. А салаўям тады просты народ верыў. І месцічы паклікалі цара.

А калі высветлілася, што нічога прыемнага пад царом няма, што праваслаўе на ўсходзе не такое ж самае, што свабоду забіраюць, а да таго ж яшчэ і рабуюць направа і налева, то магілёўцы, моцна рызыкуючы, склалі план і выгналі маскавітаў. Памылку выправілі і агулам засталіся з вялікім профітам: вярнулі магдэбургскае права, шмат хто з удзельнікаў паўстання атрымаў шляхецтва, а сам горад атрымаў герб.

І чаму яны такія малайцы былі? Рашэнні прымалі, рызыкавалі, тых запрашалі, гэтых выганялі. Звычайна даецца просты адказ: продкі нашыя былі смелыя, ваяўнічыя, вось і ганялі маскавітаў туды і сюды. Але гэта няправільны адказ. Продкі нашыя былі звычайныя, такія як і мы. 

Гісторык Мікола Волкаў нядаўна звярнуў увагу ў сваім фэйсбуку на важны момант ва ўсёй гэтай гісторыі:

"А справа ў тым, што памежныя гарады ВКЛ ва ўмовах пастаянных войнаў з Масквой, татарамі і казакамі мелі ваенізаваную структуру - па-іншаму было не выжыць. Усе мяшчане падзяляліся на дзесяткі і сотні, а сотні маглі аб'ядноўвацца ў палкі. Адпаведна, у час небяспекі мяшчане не беглі "кучай хто куды", а мелі ўжо гатовую ваенную структуру і кіраўніцтва (дзесятнікі і сотнікі). А менавіта арганізацыя і кіраванне з'яўляецца ключавым фактарам у любой сілавой акцыі. Гэта ў прынцыпе больш важны элемент вайсковай справы, чым ўменне махаць шашкай. Менавіта так адолелі маскоўскі гарнізон у 1661 г., а не проста ўзняліся на хвалі патрыятычных пачуццяў."

Вельмі важна шукаць у нашым мінулым не толькі праявы смеласці, але і вопыт фармавання структур. Бо незалежнасць нараджаецца толькі з аб'яднання двух гэтых элементаў.
6.9K views09:26
Адкрыць / каментаваць
2022-01-25 19:42:44 Лёс чалавека з гістарычнай адукацыяй пакручасты: ты крыху больш за іншых ведаеш мінулае і гэта развязвае табе рукі ў выбары сваёй будучыні. У якіх толькі прафесіях я не сустракаў сваіх аднакурснікаў па гістфаку...

Але адзін з найбольш цікавых трэкаў (калі не браць непасрэдна гістарычную сферу) паказвае мой стары прыяцель гістфакавец Дзмітры Нарывончык. Ён ужо шмат год працуе прафесійным інвестарам, прычым са спецыялізацыяй на беларускіх актывах (гэты пункт, канешне, пачаў карэктавацца апошнія 2 гады).

Хачу параіць вам ягоны тэлеграм канал "Нетрудовые даходы", дзе Дзіма распавядае пра свае поспехі і памылкі на рызыкоўнай ніве тутэйшага інвеставання. А таксама праводзіць аналіз рынкаў і адсочвае навіны беларускай сферы.

Зрэшты, калі вы хоць крыху ў тэме, то ўжо дакладна на яго падпісаныя)

https://t.me/income_shabbat
306 views16:42
Адкрыць / каментаваць
2022-01-24 14:44:54 Папрасілі адкаментаваць артыкул праўладнага агітатара Гігіна, напісаны з нагоды чарговай гадавіны паўстання 1863 года.

Што цікава ў гэты артыкуле? Толькі адно - стабільнасць.

Вы можаце адкрыць любы расійскі артыкул хоць бы канца ХІХ ст. пра паўстанне 1863 года і там будзе напісана тое ж самае - паўстанцы не хацелі свабоды сялян і былі тэрарыстамі. І ўсё. Дзясятак цытат, тры лічбы і тузін аргументаў, якія гуляюць па ўсіх расійскіх тэкстах больш за стагоддзе.

Артыкул Гігіна не парушае гэту стабільнасць ні на каліва. Суцэльныя паўтарэнні шмат разоў паўторанага. У тэксце ўзгадваецца толькі адзін прафесійны гісторык - Мітрафан Доўнар-Запольскі. Як непахісны аўтарытэт (так і напісана). А тое, што ён 100 год назад жыў, тое няважа.

Ага, яшчэ расійскі гісторык Дзюкаў узгадваецца. Але з гэтага ж артыкула становіцца ясна, што Дзюкаў на тэме Каліноўскага толькі піарам і займаецца.

Гэта пры тым, што па тэме паўстання пішуцца і выдаюцца навуковыя і навукова-папулярныя працы. У нас, у Польшчы, у Літве, думаю, што і ў Расіі. Там ёсць пра што дыскутаваць і ў тым перыядзе яшчэ шмат цёмных куткоў, якія трэба даследаваць.

Вось, напрыклад, кніга Сяргея Абламейкі "Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі" у 2021 годзе стала лаўрэатам прэміі Гедройца. Там аўтар даводзіць, што Каліноўскі - гэта першы беларускі палітык.

Вельмі рызыкоўная гіпотэза. Напісана амаль білетрыстычна. Падавалася б, бяры і дыскутуй, даказвай, спрачайся. Якраз для прэсы тэма. Але дзе там.

Нецікава гэта чытаць, карацей. Але калі любіце рэтра стыль, то можаце пачытаць.

А вось кніга Абламейкі цікавая. Вельмі раю. Па спасылцы можна бясплатна спампаваць.
771 views11:44
Адкрыць / каментаваць
2022-01-21 16:29:05 Пагаварылі на @euroradio пра год гістарычнай памяці.

І агулам пра гістарычную памяць.

Падаецца, усё па справе атрымалася.

Вокладка не зусім адлюстроўвае кірунак і стылістыку гутаркі)



443 viewsedited  13:29
Адкрыць / каментаваць
2022-01-12 20:01:27 Сёння стала вядома, што памёр Эдуар Вайцяховіч.

Для людзей, звязаных з турыстычнай сферай і з тэмай развіцця рэгіёнаў, гэта імя шмат што значыць.

Былы дэпутат ВС і шматгадовы дырэктар свірскай вучэльні, Эдуард Вайцяховіч вырашыў аднойчы зрабіць вёску Камарова, а заадно і ўвесь Нарачанскі рэгіён па-сапраўднаму еўрапейскім.

І паспеў за апошнія 20 год неверагодна шмат.

Ён заснаваў у Камарова ГА "Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю" (ужо сам пасыл назвы чаго варты), адкрыў першы вясковы бізнэс-інкубатар, запусціў у старых панскіх будынках кавярню, хлебапякарню, краму, апекаваўся паркам і сядзібай Хамінскіх, дый шмат, што яшчэ.

Што самае галоўнае, усё гэта было бачна. Заяжджаеце ў Камарова і бачыце, што нешта там па-іншаму, так як хочацца, каб было ўсюды.

Смерць Эдуарда Вайцяховіча - вялікая страта для ўсяго рэгіёна, бо далёка не ўсё з запланаванага было завершана. Але нават тое, што выйшла - гэта прыклад таго, як мусяць развіцца ў нас гістарычныя мясціны. Смела, энергічна, з адчуваннем духу раёна.

Светлая памяць добраму чалавеку.

Калі ніколі не былі ў Камарова, то пачытайце гэты рэпартаж і гутарку са спадаром Эдуардам і абавязкова з'ездзіце туды:

https://34travel.me/gotobelarus/post/kamarova
1.8K views17:01
Адкрыць / каментаваць
2022-01-12 14:10:15 ​​12 студзеня 1591 года кароль Жыгімонт Ваза надаў сваім прывілеем герб гораду Менску. Той самы (з некаторымі стылістычнымі зменамі), які мы маем цяпер.

Звычайна прынята казаць, што вобраз Багародзіцы на гербе звязаны з абразам Божай Маці Менскай, які з пачатку XVI ст. захоўваўся ў нашым горадзе (і дзіўным чынам захоўваецца да сённяшняга дня).

Выглядае досыць лагічна, але мне падчас падрыхтоўкі адной з экскурсій? прыйшла ў галаву зусім іншая гіпотэза. Яна мае спасылкі на даследаванні сур'ёзных навукоўцаў, але сама па сабе аматарская, бо для мяне XVI ст. - цёмны лес і гістарычная адукацыя тут не ратуе. Таму прашу паставіцца да яе са здаровым скепсісам, як і я сам стаўлюся.

Вось жа, на гербе Менска выяўленая не проста Божая Маці, а сюжэт Унебаўзяцця (Увазнясення) Божай Маці на неба пасля смерці. З Божай Маці ёсць некалькі важных хрысціянскіх сюжэтаў, якія выяўляюцца на абразах і ўсе яны самастойныя і непадзельныя. Таму малаверагодна, што выява Божай Маці з дзіцем магла натхніць на выяву Божай Маці пасля смерці. Такія рэчы раней не змешвалі.

Адкуль жа ўзяўся сюжэт Унебаўзяцця. Вось тут выкажу сваю гіпотэзу. Быў на той час у Менску такі касцёл, які стаяў на месцы Опернага тэатра - Траецкі (ад яго пайшла назва нашага прадмесця). Вось ён якраз і быў асвечаны на той момант тытулам Унебаўзяцця Божай Маці. Так, у касцёла было 2 назвы.

Гэты храм не быў проста сабе храмам.

Па-першае, Траецкі кацёл быў Фарным касцёлам.

Па-другое, ён быў заснаваны вялікім князем. Тут меркаванні разыходзяцца, ці то Ягайлам, ці то Жыгімонтам Старым, але ў любым разе ўладаром. Наколькі я разумею, калі храм засноўваўся каралём, то ўсе наступныя каралі мелі прывязку да такога храма і, напрыклад, мелі права прапаноўваць у яго вікарыяў. Карацей, мусілі трымаць сувязь.

Па-трэцяе, менская фара была адным з багацейшых храмаў ВКЛ у XVI ст. Пра гэта піша Уладзімір Дзянісаў.

Па-чацвертае, Троіцкі касцёл выконваў у горадзе нейкія адміністратыўныя функцыі. Вольга Бабкова піша пра тое, што ў пач. XVII ст. каралеўскія загады развешвалі ў горадзе на замку, на кірмашы, на ратушы і на касцёле. 

Па-пятае, гэта быў адзіны каталіцкі храм у горадзе на кан. XVI ст., а кароль быў каталіком.

Па-шостае, мы ведаем, што ў Фарнага касцёла была свая бронзавая пячатка і мы ведаем, што на ёй быў выяўлены сюжэт Унебаўзяцця. Пра гэта піша Юры Лаўрык. І вось тут я зусім залажу ў невядомую для мяне тэму, але здаецца ў Менску XVI ст. ўвогуле мала ў каго была пячатка апроч самога места.

На падставе гэтых пунктаў дазволю сабе абсалютна неабгрунтаваную гіпотэзу, што кароль выбраў для горада герб з адсылкай да буйнейшага каталіцкага цэнтра ў Менску праз які, магчыма, і камунікаваў з крэпка праваслаўным тады яшчэ местам.

І калі так, то гэта быў балючы шчаўчок па носе праваслаўным Менска. Але апантаны каталік Жыгімонт такія штукі, падаецца, любіў.

! Яшчэ раз, гіпотэза абсалютна калянавуковая, экскурсаводская, можна сказаць. І чакае разгромнай крытыткі ад сур'ёзных навукоўцаў.
1.0K views11:10
Адкрыць / каментаваць
2022-01-06 19:35:46 ​​Нібыта трэба адрэагаваць на заяву Лукашэнкі пра тое, што "а давайце абвесцім Рэч Паспалітую перыядам акупацыі".

Але Лукашэнка заўтра і сам можа не ўзгадаць пра тое, што ён гаварыў. Ці сказаць нешта зусім супрацьлеглае. Для яго гісторыя - гэта дробны каляпалітычны аргумента. Выкарыстаў і забыў.

Па шчыраці, нават, хочацца, каб усё закруцілася і ў нас сапраўды пачалі мяняць падручнікі пад "геліяньную" ідэю кормчага.

Гэта абазначала б адкрыццё новага фронта супрацьстаяння. Нам трэба было б прыдумляць інструменты (выдаваць падпольна свае брашуры, ствараць ютуб каналы ...), каб перамагчы гэту заразу. 

Аб'ектыўна, складаная задача.

Але на гэтым адцінку фронта мы (грамадства) мацнейшыя за Лукашэнку і можам яго перамагаць.

Падцверджаннем гэтаму сам "магілёўскі гісторык", які ў той жа прамове даказвае, што ВКЛ - гэта скрадзеная ў нас літоўцамі спадчына.

У базавай матрыцы Лукашэнкі гэтай канцэпцыі не было. Гэта мы (грамадства) яе туды ўпісалі, хаця ўвесь арганізм глыбіннага ўсходніка ёй супраціўляўся.

Таму на гэтым полі я надзвычай аптымістычны (паглядзім ці апраўдана): чым больш іхніх глупстваў, тым больш нашых перамог.

Бо маем такую-сякую структуру.
878 viewsedited  16:35
Адкрыць / каментаваць
2022-01-04 11:23:37 ​​Учора памёр Адам Мальдзіс, выбітны гісторык і грамадскі дзяяч. Ён апошні з кагорты "зуброў", якія адкрывалі беларусам Беларусь у другой палове ХХ ст., у часы калі лічылася, што да 1917 года ніякіх беларусаў шукаць ня трэба.

Прычым Мальдзіс зрабіў неверагодна шмат і на навуковай глебе (бясконцая колькасць артыкулаў, манаграфій, унікальных архіўных знаходак), і як папулярызатар гісторыі. Мы зараз моцна здзівімся, калі падлічым колькі асобаў, падзей і гістарычных метафар, якія падаюцца нам цяпер відавочнымі, увёў у грамадскі ўжытак Адам Мальдзіс.

Тое ж можа сказаць і пра грамадскую дзейнасць. Спіс усталяваных помнікаў, адкрытых музеяў, запачаткаваных грамадскіх ініцыятыў і ініцыяваных даследчыкаў да рэалізацыі якіх меў дачыненне Адам Мальдзіс можа заняць некалькі старонак.

Зрэшты сам Мальдзіс заслугоўвае музея, ці прынамсі вялікага асабістага сайта ў інтэрнэце. Спадзяюся, аднойчы гэта будзе.

Светлая памяць выбітнаму чалавеку.

***

На Камунікаце ёсць некаторыя творы Адама Мальдзіса.

У тым ліку ягоная любімая праца (па ягоных жа словах) прысвечаная Уладзіміру Караткевічу і іх сяброўству:

Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Напэўна, найлепшае ўшанаванне гісторыка - гэта чытанне ягоных прац. Прыведзеная вышэй кніга вельмі жывая і асабістая.
2.4K views08:23
Адкрыць / каментаваць
2021-12-27 17:42:25 ​​Неверагодна стылёвая сякера на фотаздымку ўнізе гэтага паста была знойдзена ў 2017 годзе археолагам Яўгенам Уласаўцам у Ашмянскім раёне.

Належыла яна не нейкаму вікінгу, нібелунгу, ці капетынгу, а тутэйшаму хлопцу - заможнаму літоўскаму баярыну XIII ці XIV ст.

Яўген аднойчы вельмі цікава распавядаў пра той перыяд. На мяжы XIII-XIV ст. у літоўцаў здарылася нейкая невядомая нам падзея: некалькі стагоддзяў яны пакорна плацілі даніну рускім князям як раптам нешта моцна памянялася. Археалагічныя раскопкі фіксуюць, што за вельмі кароткі прамежак часу на мяжы стагоддзяў усе мужчыны Літвы пачалі насіць падобную (вельмі сціплую) вопратку і карыстацца аднолькавай (якаснай і стылёвай) зброяй.

Літва пераўтварылася ў добра ўкамплектаванае ваяўнічае племя.

Што стала прычынай гэтай мадэрнізацыі мы ня ведаем. Але затое ведаем вынікі: літва пачала хадзіць на рускія гарады, актывізаваліся сувязі розных узроўняў і цягам наступнага стагоддзя вырасла Вялікае Княства Літоўскае.

Яўген, падаецца, адзіны ў нас археолаг, які цягам 10 год мэтанакіравана займаўся даследаваннем усходніх літоўцаў - адной з самых "забытых" тэм беларускай гісторыі.

І гэта не выпадковасць. Беларускі нацыянальны міф, адпрэчваючы заваяванне літоўцамі "нас", баіцца разбірацца ў той эпосе, відавочна, асцерагаючыся, што калі пачнём разбірацца, то самае “непрыемнае” можа пацвердзіцца.

І вельмі дарма. Тая эпоха хавае ў сабе вельмі цікавую эстэтыку і шмат таямніц, якія маюць да нас непасрэднае дачыненне. І гэтая сякерка добрае таму пацверджанае.

Тут, на жаль, трэба ўдакладняць. Літоўцы ў гэтым кантэксце - гэта не жамойты, не аўкштайты і канешне не русіны (а была і такая версія), а менавіта літоўцы - балтамоўныя аўтахтоны, якія жылі на тэрыторыі паміж Вільняй і Маладзечна (вельмі прыблізна) і якіх пакрыўджаныя суседзі, калі тыя хадзілі на іх набегамі, называлі літоўцам.

І Літва (якая не Жамойць) - гэта адно з плямёнаў, якое не менш чым крывічы-дрыгавічы ўдзельнічала ў фармаванні нашага народа. Хаця мы самі яшчэ не да канца разумеем як.

Бо баяры з-пад Ашмянаў, Смургоні, Валожына і Меднікаў нам не дужа пра гэта распавядаюць. Таму што мы ў іх не асабліва пра тое пытаемся.

Таму, калі шукаеце, дзе схаваная беларуская Атлантыда, то вось вельмі верагодна, што аднойчы яна выплыве якраз тут. У раёне гэтай сякеры.
1.8K views14:42
Адкрыць / каментаваць