Get Mystery Box with random crypto!

Беларускі Бабілон

Лагатып тэлеграм-канала belbabylon — Беларускі Бабілон Б
Лагатып тэлеграм-канала belbabylon — Беларускі Бабілон
Адрас канала: @belbabylon
Катэгорыі: адукацыя , Факты
мова: беларускі
Падпісчыкі: 1.35K
Апісанне з канала

Беларуская гісторыя ў незвычайных ракурсах.
Паштовая скрынка: @Babyylon_bot
Падтрымаць праект:
https://www.patreon.com/belbabylon

Ratings & Reviews

4.00

2 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

1

4 stars

0

3 stars

1

2 stars

0

1 stars

0


Апошнія паведамленні 9

2021-09-19 10:37:45 Сёння 30 год прыняцця герба "Пагоні" і бел-чырвона-белага сцяга дзяржаўнымі сімваламі.

Прыгожая і важная дата. Але разглядаць яе трэба ў дынаміцы.

30 год назад дэпутаты вымушаныя былі пайсці на хітрасць, каб прыняць новыя сімвалы ў парламенце.

Вось тут я пра гэта ўзгадваў са спасылкай на добры матэрыял па тэме: https://t.me/belbabylon/291

На самой справе, калі быць шчырымі перад сабой, нашыя сімвалы атрымалі лігітымнасць на ўзроўні нацыі толькі ў 2020 годзе.

І таму што былі ўзнятыя на вуліцах сотнямі тысяч чалавек. Раней такога маштабу не было.

І таму што галоўныя канкурэнты, якія выглядалі пераможцамі яшчэ ў 2019 годзе, цалкам дэскрэдытавалі сябе.

Нацыянальныя сімвалы гэта ж не проста набор колераў і фігурак, гэта "скарбонкі", куды складаюць важныя для нацыі сэнсы.

І дзіўным чынам цяпер у "скарбонцы" з архаічным вершнікам складзеныя найбольш актуальныя і канкурэнтныя сэнсы. А "скарбонка" з актуальным глобусам збірае ў сябе ў самае брыдкае і бессэнсоўнае.
1.5K views07:37
Адкрыць / каментаваць
2021-09-16 19:30:37 ​​Жыў быў такі хлопец Сяргей Грыцавец.

Родам быў з невялікай вёскі пад Баранавічамі. Але пражыў там нядоўга, бо калі Сяргею споўнілася 5 год пачалася Першая Сусветная. Малая радзіма знікла: Баранавічы апынуліся на польскай тэрыторыі, а сям'я выехала на Урал, дзе Грыцавец адвучыўся і пайшоў працаваць на чыгунку. Перамогшы сваё беларускае маўленне, ён стаў паспяховым камсамольскім актывістам.

Але ў 1931 годзе дзяржаве спатрэбіліся лётчыкі і партыя дала загад «Комсомолец — на самолёт!». Сяргей быў сярод тысяч натхнёных маладых людзей, якія захацелі скараць неба.

І тут выявілася, што ў Грыцаўца талент. Ужо ў 1933 годзе ён стаў камандзірам звяна, у 1935 узначаліў рэкордны пералёт новых самалётаў І-16 да Ўладзівастока, а ў 1938 годзе адправіўся ў Гішпанію.

За паўгады баявых дзеянняў Сяргей Грыцавец збіў да 30 варожых самалётаў. Гэта быў бліскучы вынік. Неба сапраўды скарылася маладому хлопцу. За Гішпанію ён атрымаў званне Героя СССР.

А вясной 1939 года маёр Грыцавец апынуўся ўжо зусім на іншым краі кантынента. Пад час баёў на Халхін-Голе Сяргей збіў каля 12 японскіх самалётаў. Асабліва праславіўся ён, калі 26 чэрвеня, вяртаючыся з боя ўбачыў, што ягоны камандзір маёр Забалеў быў падбіты і зрабіў аварыйную пасадку ў варожым тылу. Нягледзячы рызыку, Грыцавец пасадзіў свой самалёт проста на полі недалёка ад японскіх пазіцый і выратаваў Забалуева. У войску пра гэта гаварылі ўсе.

У канцы жніўня, разам са сваім сябрам украінскім лётчыкам Краўчанкам, Грыцавец атрымаў званне двойчы Героя СССР. Беларус і ўкраінец сталі першымі ў гісторыі двойчы героямі СССР.

У пачатку верасня прыйшоў нечаканы загад усім лепшым лётчыка ляцець у Маскву. Ніхто ня ведаў у чым справа. Тым больш нечаканым стаў вялікі прыём, наладжаны ў Крамлі. Сталін абвясціў савецкім афіцэрам, што іх чакае "вызваленчы" паход на Беларусь і Украіну.

Тут якраз прыдаліся два двойчы героя СССР. Краўчанка паляцеў вызваляць украінцаў, а Грыцавец быў накіраваны на аэрадром Балбасава пад Воршай камандзірам 58-ай авіяцыйнай брыгады. 

Верагодна, менавіта ён, беларус Сяргей Грыцавец, павінен быў стаць адным з твараў восеньскай ваеннай кампаніі ў Беларусі.

Сам жа Сяргей, напэўна, у гэтыя гадзіны думаў пра тое, што зможа ўбачыць сваю малую радзіму ўпершыню за шмат год. І не проста ўбачыць, а з'явіцца там вызваліцелем. Лёгкай сентыментальнасці мусіла спрыяць і тое, што жонка Сяргея якраз чакала другое дзіця.

16 верасня самалёты Сяргея Грыцаўца і яго сябра Пятра Хары вылецелі з Балбасава на мінскі аэрадром Мачулішчы для атрымання загадаў.

Вярталіся назад яны ўжо позна ўвечары. Самалёт Грыцаўца ішоў першы. У Балбасава ў той час стаяў вялікі перапалох. Як зрэшты і па ўсё савецкай арміі - загад аб наступленні зваліўся як снег на галаву. Каб прыстрэльваць кулямёты, з узлётна-пасадачнай паласы знялі пражэктары і перавезлі іх на палігон. На паласе паставілі керасінавыя ліхтары.

Грыцавец пасадзіў свой самалёт без праблем і вывеў яго на нейтральную паласу. А вось маёр Хара нешта пераблытаў ці не разабраў з-за адсутнасці пражэктараў. Ён зайшоў на пасадку менавіта з боку нейтральнай паласы. Грыцавец спрабаваў пазбегнуць аварыі, але было ўжо позна.

Два самалёты сутыкнуліся на хуткасці. Сяргею Грыцаўцу вінтом адрэзала галаву.

###

Мне падаецца, што лёс Сяргея Іванавіча Грыцаўца - гэта найлепшая метафара "свята" 17 верасня. Вось ёсць прыстойны савецкі беларус, герой і прафесіянал, які хутчэй за ўсё шчыра хоча выратаваць сваіх супляменнікаў ад калектыўнага ворага. Але ўсё ідзе не так як трэба і сканчаецца трагедыяй у той момант, калі ворагі яшчэ нават ня ведаюць, што яны ворагі.

А чаму? Бо савецкія беларусы не мелі ніякага дачынення да самой ініцыятывы аб'яднання. Некаторыя марылі пра яго, хтосьці нават агітаваў, але ўсё здарылася ў выніку геапалітычнай гульні вялікіх сілаў.

А які сэнс святкаваць падзею, у якой нашыя продкі ўдзельнічалі толькі як працоўная сіла? Бо калі б беларусы мелі хоць нейкае дачыненне да ініцыяцыі гэтай аперацыі, ці яе планавання, то пражэктары стаялі б на месцы.
399 views16:30
Адкрыць / каментаваць
2021-09-15 17:48:25
Мастак Павел Татарнікаў. З кнігі "Ілюстраваная Гісторыя Беларусі"
688 viewsedited  14:48
Адкрыць / каментаваць
2021-09-15 17:36:35 У мяне, як у гісторыка, ёсць яшчэ адна "крыўда" да свята 8 верасня.

Некалькі дзесяцігоддзяў святкавання гэтай даты так і не спарадзілі шырокай цікавасці да эпохі калі гэтая бітва адбывалася.

XVI стагоддзе адно з найважнейшых ў нашай гісторыі.
Але ці маем мы выразную візуальную карцінку таго часу? XV стагоддзе - рыцары, XVII ст. - крылатыя гусары, XVIII - мужыкі ў ласінах і парыках. А XVI?

Ці шмат у нас візуальных вобразаў звязаных з той эпохай, якія б прысутнічалі ў шырокай грамадскай свядомасці (г. зн., знаходзілі б адлюстраванне ў сучасным мастацтве)? Мірскі замак, берэцік Скарыны, карціна "Бітва па Воршай". Напэўна і ўсё.

Я ў свой час "з'еў вачыма" выяву інтэр'ераў пакояў Льва Сапегі, зробленую Паўлам Татарнікавым для "Ілюстраванай Гісторыі Беларусі". Бо XVI ст. у побытавых рэчах у нас ніхто не малюе. Крылатых гусараў колькі хочаш. А вось гарадскіх вуліц часоў Скарыны няма.

З літаратурай падобная штука. Дзіўным чынам няма лепшага твора пра XVI ст. для сучаснага чалавека, чым твор з той самай эпохі ("Песня пра Зубра"). Хаця натуральнай ёсць сітуацыя, калі творцы кожнай наступнай эпохі прапануюць сваю інтэрпрэтацыю ключавых падзей мінулага. Але ці шмат у нас гістарычных раманаў пра XVI ст.? Аб'ектыўна менш, чым пра наступныя, ці папярэднія эпохі.

Мы робім на Крапівенскім полі бардаўскі фэст, а не рэканструкцыю бітвы проста таму, што ў нас крытычна мала клубаў, якія б займаліся той эпохай (не чапаем тут палітычных прычынаў). Зноўку ж, у рэканструкцыі ў нас ёсць славяне, ёсць рыцары, ёсць крылатыя гусары, ёсць напалеоніка, нават, індзейцы ёсць. А першай паловы XVI ст. амаль няма. А там, між іншым, Скарына, Гусоўскі, Статуты, зямельныя рэформы, важныя бітвы і процьма ўсяго яшчэ.

З усімі гэтым аргументамі можна спрачацца, але я асабіста бачу вялікую пустку інтэрпрэтацыі на месцы нашага XVI стагоддзя.

І тое, што дата з той эпохі выкарыстоўваецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў для падняцця градуса нашай мускуліннасці, але не для ўвядзення ў зварот вобразаў той эпохі (крытычна важнай для нас), мяне як гісторыка часам напружвае.
731 viewsedited  14:36
Адкрыць / каментаваць
2021-09-11 10:18:27 Нацыянальныя святы - гэта вельмі важны блок нацыянальнай свядомасці.

Але ўсё важнае трэба перыядычна разбіраць і крытыкаваць, каб не ствараць у нацыянальным арганізме балючых "пролежняў".

Ніжэй будзе крытыка свята 8 верасня. Прашу паставіцца з разуменнем, як да медычнай працэдуры.

###

Мне падаецца, што з Днём вайсковай славы 8 верасня ёсць такая ж праблема як і з 3 ліпеня.

Гэта калі ўзялі несумненна важную дату (перамога пад Воршай / вызваленне Мінска), але навесілі на яе такі груваздкі сэнс, які моцна пераўзыходзіць саму падзею гэтай даты.

З 3 ліпеня я думаю зразумела (дзе вызванне горада, а дзе незалежнасць), але і з 8 верасня тое ж самае. Бітва пад Воршай сапраўды была значнай, але ці такой ужо выбітнай, каб рабіць з яе свята?

Я вельмі добра разумею чаму менавіта гэта бітва была ўзятая "на шчыт" у 1980-90-ых, але чым далей мы рухаемся, тым болей пытанняў да гэтага выбара ўзнікае. У тым ліку і навуковых.

Гэта па-першае, а па-другое, падзеі XVI ст. цяжка прывязваюцца да нацыянальнай памяці. Проста таму што гэта было даўно. А нацыянальная памяць найлепш працуе з ХХ ст.

Тут, мне падаецца, працуе наступная логіка: браць з сярэднявечча святочныя даты, якія сімвалізуюць сабой пачатак нейкай з'явы, правільна.

Напрыклад, 1517 г. - пачатак кнігадрукавання. Крута, у нас друкаваныя кнігі ўжо 500 год!

А вось браць з тых часоў святочныя даты, якія б сімвалізавалі кропкі найвышэйшага ўздыму - дзіўна.

Дзень беларускай вайсковай славы адбыўся 500 год назад. Што гэта значыць?

Што ў нас 500 год не было войнаў? Не пра нас.

Што ў нас усё дрэнна з вайсковай славай, калі за 500 год не знайшлося іншай даты? ...

(вось тут мы выходзім на балючую тэму, якая патрабуе асобнай гутаркі, а ў гэтым пасце крыху пра іншае).

Тут пра логіку. Сярэднявечныя даты дрэнна пасуюць да нацыянальных святаў "Гонару".

І ў 8 верасня гэтая праблема ёсць.

###

Калі вы чакаеце нейкіх катэгарычных высноваў па выніку вышэйсказанага, то іх няма.

8 верасня - несумненна свята для вялікай колькасці беларусаў. А святы проста так не знікаюць і проста так не з'яўляюцца.

Проста часам трэба крытычна пераглядаць свой даробак.
549 viewsedited  07:18
Адкрыць / каментаваць
2021-09-08 21:14:51 Многія могуць быць здзіўленыя, але гэта нядаўна апублікаванае відэа БТ3 пра бітву пад Воршай.

У ім яшчэ выступае Мікола Волкаў, за сваю грамадскую пазіцыю адсядзеў суткі і які як многія іншыя гісторыкі быў звольнены з Нацыянальнай Акадэміі Навук. Таксама выступае Аляксей Бацюкоў, які за сваю грамадскую пазіцыю быў аштрафаваны і звольнены з пасады дырэктара Музея гісторыі Магілёва.
485 views18:14
Адкрыць / каментаваць
2021-09-03 23:56:57 Пра "духоўнасць і патрыятызм" 2

Чамусьці ніхто не звяртае ўвагі на просты факт: патрыятызм - гэта дарослае пачуццё.

Патрыятызм - гэта 18+, як пачуцці паміж мужчынам і жанчынай.

Любіць Радзіму чалавек пачынае ў дарослым узросце. Ці не пачынае. Але ў любым разе гэта складаны і вельмі асабісты набор эмоцый дарослага чалавека.

Бусел у аблоках, песні каля вогнішча, пусты праспект у 5 раніцы, руіны замка, любімая кавярня, начныя прыгоды ў богам забытай палескай вёсцы, бацькі, сябры, сям'я, дранікі.

Усё гэта пачынае працаваць і раптам складваецца ў любоў да Радзімы толькі ў дарослым узросце. Нават, Марат Казей з гранатай, гэта, калі разабрацца, не патрыятызм, гэта крыху пра іншае.

Вось жа, навучанне ў школе патрыятызму - гэта нейкая поўная бязглуздзіца. Гэта як трэніраваць у школе любоў паміж мужчынам і жанчынай.

Відавочна, на уроках літаратуры разбіраюць няшчаснае каханне Рамэо і Джульеты. Але ж гэтаму пачуццю ніхто не вучыць!

Шчыра перакананы, што слова "патрыятызм" трэба цалкам выкідаць са школьнай праграмы.

Школа сур'ёзнае месца, там трэба трэніраваць грамадзянскія навыкі, а высокія пачуцці самі прыйдуць калі трэба.

Ад іх усё адно нікуды ня дзенешся.
2.0K views20:56
Адкрыць / каментаваць
2021-09-01 18:14:44 Пра "духоўнасць і патрыятызм" 1

У канцы XVIII ст. у Рэчы Паспалітай сфармавалася партыя рэфарматараў, якая называла сябе "патрыёты".

І назва гэтая выглядае не выпадковай, бо ім супрацьстаяла старая шляхта - "obywatelі" (грамадзяне).

Шляхта-obywatelі настойвалі на захаванні сваіх грамадзянскіх правоў - выбіраць караля, крычаць на соймах liberum veto і так далей.

У адрозненні ад іх "патрыёты" заклікалі праявіць любой на радзімы і дзеля гэтай любові адмовіцца ад часткі натуральных грамадзянскіх правоў шляхты, якія заміналі развівацца Рэчы Паспалітай.

Спрашчаючы: рэтраграды адстойвалі грамадзянскія правы, а рэфарматары заклікалі да пачуццёвага. Бо толькі ў самаахвярнасці было выратаванне для краіны.

І вось як дзіўна ўсё перакулілася праз 200 год, у сучаснай Беларусі:
рэтраграды патрабуюць ад усіх адключыць мазгі, проста любіць радзіму ("патрыятызм") і не лезці ў палітыку, а ўсе нармальныя людзі патрабуюць банальнага выканання базавых грамадзянскіх правоў. Бо толькі праз гэта можна выратаваць краіну.
730 viewsedited  15:14
Адкрыць / каментаваць
2021-08-25 09:42:45
Хочацца, каб як мага хутчэй наступіў той момант, калі галоўнай ідэалагічнай праблемай беларусаў стане пытанне: якой датай святкаваць Дзень Незалежнасці Беларусі - 27 ліпеня ці 25 жніўня?

Сёння роўна 30 год фактычнай незалежнасці Беларусі! Ужо зусім дарослая)

Усіх са святам!

Вельмі добры матэрыял па тэме (і фота адтуль жа):
http://90s.by/years/1991/sesija-niezalezhnasci.html
2.1K views06:42
Адкрыць / каментаваць
2021-08-20 09:01:27 ​​Учора было 100 гадоў з дня нараджэння амерыканкі Рут Ўолер. Амерыканкі, якая загінула ў Мінску ў жніўні 1946 года.

Ужо адзін гэты радок з біяграфіі моцна павялічвае цікавасць да асобы місіс Ўотлер. Бо што магла рабіць амерыканская грамадзянка ў пасляваенным Мінску?

Прычына яе знаходжання ў нашым горадзе раскрывае адну прыхаваную старонку гісторыі БССР. Місіс Ўотлер была супрацоўніцай (і па сумяшчальніцтве жонкай кіраўніка місіі) міжнароднай арганізацыі UNRRA Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення ААН. Гэтая арганізацыя прывезла ў БССР прадукатаў, медыкаментаў, будаўнічай тэхнікі і шмат чаго яшчэ на суму каля 61 млн. даляраў. І хоць сума гэтая была адносна невялікая, (асабліва праўноўваючы з тым, што атрымала, напрыклад, Украіна), але вопратка і ежа "схаваныя" ў гэтых грашах, выратавалі шмат жыццяў у знявечанай рэспубліцы ў 1946-1947 гадах.

Рут з мужам, яшчэ 12 амерыканцамі і адным новазеландцам займаліся складаннем спісаў таго, што трэба завесці ў краіну і кантралявалі лагістыку.

Штаб арганізацыі знаходзіўся ў Лошыцкай сядзібе ў Мінску. На самой сядзібе зараз вісіць шыльдачка з гэтай нагоды. Як будзеце гуляць, то звярніце ўвагу.

У канцы ліпеня 1946 года Рут Ўотлер пайшла гуляць уздоўж Свіслачы, убачыла як у рацэ тонуць дзеці ў якіх пад нагамі разваліўся самаробны плот. Амерыканка кінулася іх ратаваць, падаставала з вады, але сама па выніку захварэла і памерла праз некалькі дзён ад менінгіта.

Такая вось сумная недарэчнасць. Але гісторыя часам дзіўным чынам выкарыстоўвае такія трагічныя сітуацыі. 

Смерць амерыканскай грамадзянкі стала моцным рычагом ціску на заходнія краіны з боку СССР і ААН. 

На той момант буйнейшымі вытворцамі антыбіётыкаў у свеце былі Англія і ЗША. Аднак у СССР яны прадавалі гэты тавар па завышаных коштах, неахвотна і агулам вельмі не хацелі аддаваць свае медычныя напрацоўкі патэнцыйнаму суперніку.

Пасля смерці Рут Ўолер, якая памерла па сутнасці ад таго, што ў Мінску не было антыбіётыкаў, сітуацыя рэзка памянялася. Ужо праз год, у 1947 годзе ў горадзе пачаў працаваць Мінскі пеніцылінавы завод, дзе працавалі беларускія фармацэўты, якія прайшлі стажыроўку ў Канадзе. У БССР з'явілася дастатковая колькасць антыбіётыкаў. Іх значэнне ў пасляваеннай рэспубліцы цяжка перааніць.

Вось так, кінуўшыся ратаваць двух дзяцей, Рут Ўолер выратавала тысячы жыццяў. Што праўда коштам свайго.

Роля асобы ў гісторыі часам выглядае менавіта так. 

P.S. 
Пахавалі смелую амерыканку на Вайсковых могілках. Магіла захавалася і па сённяшні дзень, злева па цэнтральнай алеі.

Пеніцылінавы завод - гэта цяпер "Белмедпрэпараты". Цікава, ці даўмеліся яны прынесці кветак на магілу сваёй заснавальніцы (сімвалічнай, відавочна) ў гэтыя дні, ці ўсе занятыя разліванне Спутніка?
1.2K viewsedited  06:01
Адкрыць / каментаваць