Get Mystery Box with random crypto!

У мяне, як у гісторыка, ёсць яшчэ адна 'крыўда' да свята 8 вер | Беларускі Бабілон

У мяне, як у гісторыка, ёсць яшчэ адна "крыўда" да свята 8 верасня.

Некалькі дзесяцігоддзяў святкавання гэтай даты так і не спарадзілі шырокай цікавасці да эпохі калі гэтая бітва адбывалася.

XVI стагоддзе адно з найважнейшых ў нашай гісторыі.
Але ці маем мы выразную візуальную карцінку таго часу? XV стагоддзе - рыцары, XVII ст. - крылатыя гусары, XVIII - мужыкі ў ласінах і парыках. А XVI?

Ці шмат у нас візуальных вобразаў звязаных з той эпохай, якія б прысутнічалі ў шырокай грамадскай свядомасці (г. зн., знаходзілі б адлюстраванне ў сучасным мастацтве)? Мірскі замак, берэцік Скарыны, карціна "Бітва па Воршай". Напэўна і ўсё.

Я ў свой час "з'еў вачыма" выяву інтэр'ераў пакояў Льва Сапегі, зробленую Паўлам Татарнікавым для "Ілюстраванай Гісторыі Беларусі". Бо XVI ст. у побытавых рэчах у нас ніхто не малюе. Крылатых гусараў колькі хочаш. А вось гарадскіх вуліц часоў Скарыны няма.

З літаратурай падобная штука. Дзіўным чынам няма лепшага твора пра XVI ст. для сучаснага чалавека, чым твор з той самай эпохі ("Песня пра Зубра"). Хаця натуральнай ёсць сітуацыя, калі творцы кожнай наступнай эпохі прапануюць сваю інтэрпрэтацыю ключавых падзей мінулага. Але ці шмат у нас гістарычных раманаў пра XVI ст.? Аб'ектыўна менш, чым пра наступныя, ці папярэднія эпохі.

Мы робім на Крапівенскім полі бардаўскі фэст, а не рэканструкцыю бітвы проста таму, што ў нас крытычна мала клубаў, якія б займаліся той эпохай (не чапаем тут палітычных прычынаў). Зноўку ж, у рэканструкцыі ў нас ёсць славяне, ёсць рыцары, ёсць крылатыя гусары, ёсць напалеоніка, нават, індзейцы ёсць. А першай паловы XVI ст. амаль няма. А там, між іншым, Скарына, Гусоўскі, Статуты, зямельныя рэформы, важныя бітвы і процьма ўсяго яшчэ.

З усімі гэтым аргументамі можна спрачацца, але я асабіста бачу вялікую пустку інтэрпрэтацыі на месцы нашага XVI стагоддзя.

І тое, што дата з той эпохі выкарыстоўваецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў для падняцця градуса нашай мускуліннасці, але не для ўвядзення ў зварот вобразаў той эпохі (крытычна важнай для нас), мяне як гісторыка часам напружвае.