Get Mystery Box with random crypto!

​​Учора было 100 гадоў з дня нараджэння амерыканкі Рут Ўолер. | Беларускі Бабілон

​​Учора было 100 гадоў з дня нараджэння амерыканкі Рут Ўолер. Амерыканкі, якая загінула ў Мінску ў жніўні 1946 года.

Ужо адзін гэты радок з біяграфіі моцна павялічвае цікавасць да асобы місіс Ўотлер. Бо што магла рабіць амерыканская грамадзянка ў пасляваенным Мінску?

Прычына яе знаходжання ў нашым горадзе раскрывае адну прыхаваную старонку гісторыі БССР. Місіс Ўотлер была супрацоўніцай (і па сумяшчальніцтве жонкай кіраўніка місіі) міжнароднай арганізацыі UNRRA Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення ААН. Гэтая арганізацыя прывезла ў БССР прадукатаў, медыкаментаў, будаўнічай тэхнікі і шмат чаго яшчэ на суму каля 61 млн. даляраў. І хоць сума гэтая была адносна невялікая, (асабліва праўноўваючы з тым, што атрымала, напрыклад, Украіна), але вопратка і ежа "схаваныя" ў гэтых грашах, выратавалі шмат жыццяў у знявечанай рэспубліцы ў 1946-1947 гадах.

Рут з мужам, яшчэ 12 амерыканцамі і адным новазеландцам займаліся складаннем спісаў таго, што трэба завесці ў краіну і кантралявалі лагістыку.

Штаб арганізацыі знаходзіўся ў Лошыцкай сядзібе ў Мінску. На самой сядзібе зараз вісіць шыльдачка з гэтай нагоды. Як будзеце гуляць, то звярніце ўвагу.

У канцы ліпеня 1946 года Рут Ўотлер пайшла гуляць уздоўж Свіслачы, убачыла як у рацэ тонуць дзеці ў якіх пад нагамі разваліўся самаробны плот. Амерыканка кінулася іх ратаваць, падаставала з вады, але сама па выніку захварэла і памерла праз некалькі дзён ад менінгіта.

Такая вось сумная недарэчнасць. Але гісторыя часам дзіўным чынам выкарыстоўвае такія трагічныя сітуацыі. 

Смерць амерыканскай грамадзянкі стала моцным рычагом ціску на заходнія краіны з боку СССР і ААН. 

На той момант буйнейшымі вытворцамі антыбіётыкаў у свеце былі Англія і ЗША. Аднак у СССР яны прадавалі гэты тавар па завышаных коштах, неахвотна і агулам вельмі не хацелі аддаваць свае медычныя напрацоўкі патэнцыйнаму суперніку.

Пасля смерці Рут Ўолер, якая памерла па сутнасці ад таго, што ў Мінску не было антыбіётыкаў, сітуацыя рэзка памянялася. Ужо праз год, у 1947 годзе ў горадзе пачаў працаваць Мінскі пеніцылінавы завод, дзе працавалі беларускія фармацэўты, якія прайшлі стажыроўку ў Канадзе. У БССР з'явілася дастатковая колькасць антыбіётыкаў. Іх значэнне ў пасляваеннай рэспубліцы цяжка перааніць.

Вось так, кінуўшыся ратаваць двух дзяцей, Рут Ўолер выратавала тысячы жыццяў. Што праўда коштам свайго.

Роля асобы ў гісторыі часам выглядае менавіта так. 

P.S. 
Пахавалі смелую амерыканку на Вайсковых могілках. Магіла захавалася і па сённяшні дзень, злева па цэнтральнай алеі.

Пеніцылінавы завод - гэта цяпер "Белмедпрэпараты". Цікава, ці даўмеліся яны прынесці кветак на магілу сваёй заснавальніцы (сімвалічнай, відавочна) ў гэтыя дні, ці ўсе занятыя разліванне Спутніка?