Get Mystery Box with random crypto!

​​Неверагодна стылёвая сякера на фотаздымку ўнізе гэтага паста | Беларускі Бабілон

​​Неверагодна стылёвая сякера на фотаздымку ўнізе гэтага паста была знойдзена ў 2017 годзе археолагам Яўгенам Уласаўцам у Ашмянскім раёне.

Належыла яна не нейкаму вікінгу, нібелунгу, ці капетынгу, а тутэйшаму хлопцу - заможнаму літоўскаму баярыну XIII ці XIV ст.

Яўген аднойчы вельмі цікава распавядаў пра той перыяд. На мяжы XIII-XIV ст. у літоўцаў здарылася нейкая невядомая нам падзея: некалькі стагоддзяў яны пакорна плацілі даніну рускім князям як раптам нешта моцна памянялася. Археалагічныя раскопкі фіксуюць, што за вельмі кароткі прамежак часу на мяжы стагоддзяў усе мужчыны Літвы пачалі насіць падобную (вельмі сціплую) вопратку і карыстацца аднолькавай (якаснай і стылёвай) зброяй.

Літва пераўтварылася ў добра ўкамплектаванае ваяўнічае племя.

Што стала прычынай гэтай мадэрнізацыі мы ня ведаем. Але затое ведаем вынікі: літва пачала хадзіць на рускія гарады, актывізаваліся сувязі розных узроўняў і цягам наступнага стагоддзя вырасла Вялікае Княства Літоўскае.

Яўген, падаецца, адзіны ў нас археолаг, які цягам 10 год мэтанакіравана займаўся даследаваннем усходніх літоўцаў - адной з самых "забытых" тэм беларускай гісторыі.

І гэта не выпадковасць. Беларускі нацыянальны міф, адпрэчваючы заваяванне літоўцамі "нас", баіцца разбірацца ў той эпосе, відавочна, асцерагаючыся, што калі пачнём разбірацца, то самае “непрыемнае” можа пацвердзіцца.

І вельмі дарма. Тая эпоха хавае ў сабе вельмі цікавую эстэтыку і шмат таямніц, якія маюць да нас непасрэднае дачыненне. І гэтая сякерка добрае таму пацверджанае.

Тут, на жаль, трэба ўдакладняць. Літоўцы ў гэтым кантэксце - гэта не жамойты, не аўкштайты і канешне не русіны (а была і такая версія), а менавіта літоўцы - балтамоўныя аўтахтоны, якія жылі на тэрыторыі паміж Вільняй і Маладзечна (вельмі прыблізна) і якіх пакрыўджаныя суседзі, калі тыя хадзілі на іх набегамі, называлі літоўцам.

І Літва (якая не Жамойць) - гэта адно з плямёнаў, якое не менш чым крывічы-дрыгавічы ўдзельнічала ў фармаванні нашага народа. Хаця мы самі яшчэ не да канца разумеем як.

Бо баяры з-пад Ашмянаў, Смургоні, Валожына і Меднікаў нам не дужа пра гэта распавядаюць. Таму што мы ў іх не асабліва пра тое пытаемся.

Таму, калі шукаеце, дзе схаваная беларуская Атлантыда, то вось вельмі верагодна, што аднойчы яна выплыве якраз тут. У раёне гэтай сякеры.