Get Mystery Box with random crypto!

​​Сёння, 1 лютага, юбілей знакамітага Магілёўскага паўстання. | Беларускі Бабілон

​​Сёння, 1 лютага, юбілей знакамітага Магілёўскага паўстання. Падзеі споўнілася 360 год.

У гэты дзень у 1661 годзе ўзброеныя мяшчане пад вокліч "Пара!" і царкоўны звон выразалі ўсю маскоўскую залогу ў горадзе і вызвалілі Магілёў.

На прыкладзе гэтай падзеі вельмі добра бачна, як выбарачна часам працуе гістарычная памяць. У магілёўскім музеі, дзе яшчэ да нядаўняга часу захоўвалася савецкая экспазіцыя (ня ведаю як цяпер) на паважным месцы вісела копія ліста ад мяшчанаў да маскоўскага цара, дзе яны пішуць як хочуць, каб той прыйшоў і ўзяў іх горад. І, відаць, у савецкія часы экскурсаводы з задавальненнем распавядалі, што цар пачуў голас праваслаўнага места, прывёў войска, магілёўцы добраахвотна адкрылі гарадскія брамы і больш за тое, пасля разам з маскоўцамі абаранялі свой горад ад войскаў Рэчы Паспалітай. Пры гэтым, хутчэй за ўсё, савецкія экскурсаводы далікатна забываліся распавесці пра паўстанне 1661 года.

У наш час усё перакруцілася наадварот. Падзеі халоднага лютаўскага дня 1661 года сталі адной з важных датаў нацыяльнай памяці, вобразам смеласці беларусаў у змаганні з маскавітамі. Пры гэтым у сучасным наратыве цалкам адсеклася тая частка гісторыі, якая распавядае, чаму вораг у прынцыпе стаяў у горадзе.

Вось жа, калі добра прыгледзіцца, то можна ўбачыць, што абедзве гэты супрацьлеглыя падзеі, якія нікому не хочацца згадваць разам у адным кантэкце (бо ад гэтага моцна псуецца сам патрыятычны кантэкст), яны на самой справе кажуць пра адно і тое ж. Пра вельмі важнае.

Магілёўцы, жыхары аднаго з самых вялікіх і заможных гарадоў ВКЛ не баяліся прымаць рашэнні, якія былі б выгодныя іх гораду і браць адказнасць за гэтыя рашэнні. У пэўны момант яны палічылі, што пад царом ім будзе лепей, бо той праваслаўны і будзе абараняць іх веру. Ну і засланыя салаўі прыгожа спявалі, як будзе прыемна жыць пад маскоўскім гаспадаром. А салаўям тады просты народ верыў. І месцічы паклікалі цара.

А калі высветлілася, што нічога прыемнага пад царом няма, што праваслаўе на ўсходзе не такое ж самае, што свабоду забіраюць, а да таго ж яшчэ і рабуюць направа і налева, то магілёўцы, моцна рызыкуючы, склалі план і выгналі маскавітаў. Памылку выправілі і агулам засталіся з вялікім профітам: вярнулі магдэбургскае права, шмат хто з удзельнікаў паўстання атрымаў шляхецтва, а сам горад атрымаў герб.

І чаму яны такія малайцы былі? Рашэнні прымалі, рызыкавалі, тых запрашалі, гэтых выганялі. Звычайна даецца просты адказ: продкі нашыя былі смелыя, ваяўнічыя, вось і ганялі маскавітаў туды і сюды. Але гэта няправільны адказ. Продкі нашыя былі звычайныя, такія як і мы. 

Гісторык Мікола Волкаў нядаўна звярнуў увагу ў сваім фэйсбуку на важны момант ва ўсёй гэтай гісторыі:

"А справа ў тым, што памежныя гарады ВКЛ ва ўмовах пастаянных войнаў з Масквой, татарамі і казакамі мелі ваенізаваную структуру - па-іншаму было не выжыць. Усе мяшчане падзяляліся на дзесяткі і сотні, а сотні маглі аб'ядноўвацца ў палкі. Адпаведна, у час небяспекі мяшчане не беглі "кучай хто куды", а мелі ўжо гатовую ваенную структуру і кіраўніцтва (дзесятнікі і сотнікі). А менавіта арганізацыя і кіраванне з'яўляецца ключавым фактарам у любой сілавой акцыі. Гэта ў прынцыпе больш важны элемент вайсковай справы, чым ўменне махаць шашкай. Менавіта так адолелі маскоўскі гарнізон у 1661 г., а не проста ўзняліся на хвалі патрыятычных пачуццяў."

Вельмі важна шукаць у нашым мінулым не толькі праявы смеласці, але і вопыт фармавання структур. Бо незалежнасць нараджаецца толькі з аб'яднання двух гэтых элементаў.