Get Mystery Box with random crypto!

Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

Лагатып тэлеграм-канала vsviasna — Валанцёрская служба ПЦ "Вясна" В
Лагатып тэлеграм-канала vsviasna — Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"
Адрас канала: @vsviasna
Катэгорыі: Палітыка
мова: беларускі
Падпісчыкі: 542
Апісанне з канала

@viasnahelp - па валанцёрскіх пытаннях.
@ViasnaSos - для паведамленняў пра затрыманні па адм. і крым. справах, а таксама для кансультацый па факце затрымання і далейшых дзеянняў.
@Zvarot96 - юрыдычная падтрымка Вясны.

Ratings & Reviews

1.67

3 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

0

4 stars

0

3 stars

0

2 stars

2

1 stars

1


Апошнія паведамленні 21

2021-07-06 11:46:27
Праваабаронца Марфа Рабкова ў камеры страціла прытомнасць

«Вясне» стала вядома, што палітзняволеная праваабаронца Марфа Рабкова страціла прытомнасць у камеры. Гэта здарылася з-за недахопу паветра і духаты, падчас нядаўняй анамальнай спякоты для Беларусі прыкладна 27-28 чэрвеня. У камеры Марфы 12 чалавек.

Аказаная медыцынская дапамога выглядала наступным чынам: прыйшоў лекар і даў таблетку цытрамону.

Падрабязнасці bit.ly/3qMYl2V


Падтрымаць Марфу лістамі і паштоўкамі салідарнасці:
- СІЗА-1, г.Мінск, вул.Валадарскага, д.2 220030, Марыя Аляксандраўна Рабкова
Напісаць анлайн bit.ly/3jwJMLn
285 views08:46
Адкрыць / каментаваць
2021-07-05 12:40:11 ​Пісьменнік, доктар гістарычных навук Сяргей Абламейка далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў лісты Аляксандру Вінярскаму, Марку Салонікаву, Данілу Бандаруку ды Віктару Барушка.

"Дарагія Аляксандр, Марк і Даніла!

Я выпадкова паглядзеў, як вы ў машыне сьпявалі пабожную песьню. Гэта было балюча і радасна адначасова. Дзякуй вам за тое, што вы такія чыстыя і прыгожыя, што вы ёсьць, што вы выйшлі ў жніўні і што прыносіце такую цяжкую ахвяру!

Ніхто не чакаў, што на нашых людзей накаціцца такі каток. Мне ўжо далёка за 50 гадоў, але я ніколі ў жыцьці столькі ня плакаў ад радасьці і ад болю, як за апошні год.

Я таксама веруючы. Кожны дзень я малюся за ўсіх зьняволеных беларусаў. Але ад 1 ліпеня 2021 году буду кожны дзень асобна маліцца за вас. Вытрымайце, калі ласка, тое, што выпала вам, беражыце сябе і дачакайцеся свабоды. Малюся за тое, каб вашае цярпеньне не было дарэмным і як найхутчэй скончылася.

Вы не адны. Вялікая колькасьць людзей ў сьвеце і ўрады ўсіх дэмакратычных краін змагаюцца за ваша вызваленьне, аказваюць велізарны ціск на рэжым.

Вельмі хочацца дапамагчы вашым сваякам, даслаць вам перадачу. Але я фізычна працую ў Празе і, адпаведна, тут жыву. У сёньняшняй Беларусі гэта зрабіць цяжка. Калі будзе нейкая магчымасьць аказаць вам дапамогу, абавязкова ёй скарыстаюся.

Вельмі хочацца паціснуць асабіста вашы рукі ў будучай свабоднай Беларусі. Запрашаю вас да сябе ў госьці ў Прагу. Хай вас беражэ Бог!

Сяргей Абламейка
Прага
1.07.2021".

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі:
Аляксандру Андрэевічу Вінярскаму
СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37Александру
Данілу Віктаравічу Бандаруку
СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В
Марк Міхайлавіч Салонікаў
СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В

"Дарагі Віктар!

Калі мне прапанавалі напісаць ліст палітвязьню і выбраць са сьпісу імёнаў, я туды нават не зазіраў і ні хвіліны не вагаўся, адразу вырашыўшы напісаць Вам.

Дзікая гісторыя Вашага затрыманьня, пакутаў і асуджэньня не дае мне спакою ўжо больш за паўгода і не выходзіць з галавы. Насамрэч, хацелася б напісаць Вам шмат і адначасова няма чаго, калі падумаю, што я знаходжуся ў бясьпечнац Празе, дзе працую, а Вы – у калёніі, у палоне рэжыму. Вельмі спадзяюся, што Вашая ахвяра ня будзе дарэмнаю, і што катаў пакараюць.

Ня думайце, што сьвет забыўся пра беларусаў. Насамрэч, да Беларусі ніколі не было такой увагі і такога суперажываньня. Пра Беларусь гавораць у эўрапейскіх сталіцах і за акіянам. Думаю, гэта дапаможа і нашым вязьням, у тым ліку Вам.

Дарагі Віктар! Дай Вам Бог вытрымаць усё і выйсьці на волю як найхутчэй, беражыце сябе наколькі гэта магчыма. Цяпер у Беларусі нават за дапамогу асуджаным людзей саджаюць у турму. Але мне хацелася б неяк падтрымаць Вас і Вашу сям'ю.

Спадзяюся некалі асабіста паціснуць Вашу руку ў нашай свабоднай краіне!

Ведайце, што недзе ў Празе працуе беларус Сяргей Абламейка, які кожны дзень думае пра Вас, моліцца за Вас і за ўсіх беларусаў.

Жыве Беларусь!

Сяргей Абламейка
Прага
1.07.2021"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Віктару Яўгеньевічу Барушка:
ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
262 views09:40
Адкрыць / каментаваць
2021-07-04 22:12:10 ​Паэт Анатоль Івашчанка далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Андрэю Севяртоку - жыхару Мастоў, асуджанаму на 5,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі на акцыі пратэсту 27 верасня). Таксама па гэтай крымінальнай справе асуджаны Міхаіл Ефімовіч, Вадзім Хіжнякоў і Міхаіл Юдзін. Сёння Андрэй Севяртока адзначае сваё 50-годдзе!

"Прывітанне, шаноўны спадар Андрэй!
Мяне клічуць Анатоль Івашчанка. Мы з Вамі незнаёмыя, таму – некалькі словаў пра сябе.
Па адукацыі я філолаг (скончыў беларускае аддзяленне філфака БДУ). Абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці паэта Алеся Разанава (дыплом, праўда, гадоў дзесяць ляжыць у шуфлядзе, бо з навукай пакуль на невядомы тэрмін “завязаў”). Па сканчэнні універа працаваў у Саюзе беларускіх пісьменнікаў (да таго часу, пакуль арганізацыю не выселілі з яе Дома фактычна на вуліцу). Цяпер працую ў часопісе “Дзеяслоў”. Можна сказаць, прафесія – чытальнік-вычытвальнік мастацкіх тэкстаў. Сам папісваю вершы і зрэдку баўлюся прозай. Жанаты, маю трох дзетак і котку)
Разам з цудоўнымі суседзямі ды суседкамі, з якімі мы пасябравалі, а з некаторымі сталіся амаль сям’ёю пасля жніўня 2020, пішам лісты людзям, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. То – ад імя нашай дружнай уручскай суполкі – прыміце калі ласка віншаванне з юбілеем. Будзьце здаровы як лёды калядовы! Моцы Вам, дарагі Андрэю, душэўнае трываласці, паболей добрых і надзейных людзей побач, Божае ласкі. Памятайце, што за самай цёмнай ноччу абавязкова прыходзіць неймаверны Світанак. І чым цямнейшая ноч – тым гэты Світанак бліжэй. Як пісаў наш класік Уладзімір Дубоўка, “жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае”. А як пісаў іншы класік, “і гэты час, і гэты лад не назаўсёды”.
Палічыў бы за гонар ліставацца з Вамі і бліжэй пазнаёміцца.
У якасці віншавальнага падарунка – вось гэты верш, напісаны яшчэ пяць год таму і прысвечану выдатнаму чалавеку, краязнаўцу, які на той момант знаходзіўся за кратамі па справе аршанскіх мытнікаў, Алесю Юркойцю.

А недзе наверсе лятуць аблокі.
А дзесьці за шэрасцю – ясны блакіт.
І цяжка паверыць, што з гэтай аблогі
ёсць вызваленне. Што сыдуць снягі.
Што новае неба па-над смугою
заззяе бурштынам сакавіка.
І ўсміхнецца ранак герою.
І ён усміхнецца
ў адказ.

Трымайцеся, Андрэю, і мацуйцеся. Загляне сонца і ў наша ваконца!
Вітанкі ад жыхароў Уручча-2 і нашага Цмока Змагарыча!
З павагаю,
Анатоль. 30.06.2021".

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Андрэю Рамуальдавічу Севяртоку:
ПК №9. 213410, г. Горкі, вул. Дабролюбова, 16

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
412 views19:12
Адкрыць / каментаваць
2021-07-03 13:44:59 ​Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Наталлі Хершэ - грамадзянке Беларусі і Швейцарыі, асуджанай да 2 гадоў і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

"Добры дзень, Наталля!

Мы з вамі не знаёмыя, але я ўжо напісала вам два лісты. Магчыма, нейкі з іх дайшоў? Адказу ад вас я пакуль не атрымлівала. А таму на ўсялякі выпадак прадстаўлюся і крыху раскажу пра сябе зноў.

(Так шмат рэчаў цяпер мы мусім рабіць, як той Сізіф, што закочвае на гару камень, у тым ліку, і пісаць лісты без адказаў. Але, у адрозненне ад старагрэцкага міфа, дзе ёсць вечнасць, у зямным жыцці ўсё не вечна, на шчасце і на жаль).

Мяне завуць Юля Цімафеева, мне 39 гадоў. Па адукацыі я выкладчыца ангельскай мовы, а цяпер паэтка і перакладчыца з некалькіх моў на беларускую. Да лістапада 2020 мы з мужам, пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам жылі ў Мінску, а цяпер у горадзе Грац (Аўстрыя).

Наталля, мяне вельмі ўсхвалявалі ваша смеласць і адвага. Я моцна перажывала, калі чытала пра вашу галадоўку і цяперашнія праблемы ў калоніі. Я заўжды звяртаю ўвагу на тыя навіны пра вас, што з’яўляюцца ў СМІ.

У сваім мінулым лісце да вас я пісала пра дакументальны фільм “Дэбют” (2018), які здымалі ў вашай калоніі. Фільм апавядае пра жанчын, што граюць у мясцовым аматарскім тэатры і рыхтуюцца да прэм’еры. Таксама пісала пра нарвежскія дзіцячыя кнігі, якая я перакладала. А сёння хачу расказаць пра кнігу, якую нядаўна прачытала.

Яе напісаў амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр, аўтар вялікай колькасці прац па еўрапейскай гісторыі ХХ ст. Кніга называецца “О тирании. 20 уроков ХХ века”. Яна невялікая па аб’ёме і простая па форме, але яе змест перасцерагае і ўсё ж дае надзею. “Гісторыя не паўтараецца. Яна вучыць”, — так пачынае Цімаці Снайдэр. Кніга, выдадзеная ў 2017 годзе, факусуецца на тагачаснай амерыканскай палітыцы, калі да ўлады прыйшоў Дональд Трамп, і хутчэй адрасуецца амерыканскай публіцы. Гісторык аналізуе механізмы прыходу да ўлады нацысцкіх і фашысцкіх рэжымаў у Еўропе, перасцерагаючы сваіх супляменнікаў ад усталявання ў ЗША сапраўднай тыраніі. “Мы не мудрэйшыя за еўрапейцаў, якія бачылі, як дэмакратыя саступае фашызму, нацызму {…} ў ХХ стагоддзі. Наша адзіная перавага ў тым, што мы можам вучыцца на іх досведзе. І цяпер для гэтага самы час”. Некаторыя з назваў гэтых урокаў гучаць так: №2 “Абараняйце грамадскія інстытуты”, №4 “Адказвайце за тое, як выглядае свет”, №9 “Будзьце ўважлівыя да сваёй мовы” і іншыя.

Калі вас зацікавіла кніга, то хачу параіць вам, як яе здабыць, бо ў адпаведнасці з ч.1 і ч. 3 ст. 89 Крымінальна-выканаўчага кодэксу (УИК РБ) асуджанаму можна купляць літаратуру праз гандлёвую сетку. І дастаўка кніг не ўваходзіць у колькасць дазволеных бандэролей і дробных пакетаў.

І яшчэ:

В ПВР (введенными в действие постановлением КГБ РБ от 20.10.2000 №174) в п.110-111 описан порядок получения доп.услуг: они оплачиваются за счёт собственных средств осужденных и предоставляются по их заявлению на имя начальника учреждения. Оплата производится путём перевода денежных средств с личного счёта осужденного в адрес соответствующего предприятия, учреждения в сумме, указанной в заявлении осужденного.

Гэта кніга “О тирании. 20 уроков ХХ века” (аўтар Тимоти Снайдер) прадаецца ў онлайн-краме oz.by. Цана: 17,65 руб. Адрасы пунктаў самавывазу ў Гомелі (самавываз бясплатны): пр-т Леніна, 34 і пр-т Рэчыцкі, 5В. Мабільны тэлефон крамы oz.by (мтс, A1, life:): 695-25-25.

Спадзяюся, гэта кніга і гэтая інфармацыя будзе карысная для вас!

Наталля, вы моцная, рашучая і смелая! Вельмі шмат людзей захапляецца вамі і чакае вас на волі! Калі ласка, беражыце сябе!

З самымі цёплымі думкамі пра вас і надзеяй, што гэты ліст да вас дойдзе,
Юля Цімафеева

30.06.2021

г. Грац"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Наталлі Анатольеўна Хершэ:
ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com
535 views10:44
Адкрыць / каментаваць
2021-06-30 14:10:55«Тыя ж гісторыі, іншыя імёны» - у Чэхіі адбылася акцыя салідарнасці з палітвязнямі, якія сёння ў краінах постсавецкага рэгіёну змагаюцца за захаванне правоў чалавека, свабоду, дэмакратыю і прававую дзяржаву. Сярод іншых узгадалі і Марфу Рабкову, якая з 17 верасня знаходзіцца за кратамі.

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Марфе Аляксандраўне Рабковай:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
453 views11:10
Адкрыць / каментаваць
2021-06-30 10:41:27 ​Музыка Сяргей Башлыкевіч далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Сяргею Бялевічу - жыхару Мінска, якому прад'яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

"Сяргей, вітаю!
Мяне таксама завуць Сяргей, я нарадзіўся ў Ашмянах і ўжо 16-ты год жыву ў Мінску, працую інжынерам і часам спяваю песні ў гурце LEIBONIK (упэўнены, што ты пра нас ніколі не чуў, — вось такі мы андэграунд). Цікава, што 80-ыя гады з’яўляюцца, напэўна, рэкордным дзесяцігоддзем па колькасці народжаных Сяргеяў, сярод маёй радні і сяброў нас шмат. Ты ведаеш, чаму табе далі такое імя?

Ў 2020 я адправіў па пошце першы ліст за амаль 20 год. Чакаў чаго заўгодна ад другога дзесяцігоддзя 21 стагоддзя, але не думаў, што прыдзецца вярнуцца да эпісталярнага жанру, які быў мне такі блізкі ў школьныя часы. Я ў той час жыў у Ашмянах і не меў хатняга тэлефона, таму падчас паездак на абласныя алімпіяды і турніры па інэлектуальных гульнях ў Гродна, калі мясцовыя абменьваліся тэлефонамі, я абменьваўся адрасамі. Так і завёў шмат сяброў па перапісцы (з большага сябровак, шчыра кажучы :)) Паколькі інтэрнэта ў мяне ў той час таксама не было, калі ў выпускным класе ў мяне з’явіўся камп’ютар, гарадзенкі сталі дасылаць мне CD-дыскі з фільмамі. Ніякія іншыя фільмы ў сваім жыцці я так не запомніў, як тыя “Званок”, “Гоціку” і “Пункт прызначэння”, што сталі ў адзін шэраг з дзіцячымі ўспамінамі пра Джэкі Чана і Крутого Укера. У цябе ёсць фільм, які ты бы і зараз мог параіць? А кнігі якія-небудзь атрымлівалася чытаць апошнім часам?

Знайшоў у інтэрнэце, што ты спартовец са стажам і нават удзельнічаў у спаборніцтвах па паўэрліфцінгу - выглядаеш на фота адборным здаравяком Як яно, ці атрымліваецца хоць неяк падтрымліваць форму? Я рэгулярна займаюся тайскім боксам і па сабе ведаю, як цяжка перастаць трэніравацца, калі ты на гэта ўжо падсеў — адразу пачынае ламіць спіну, цела становіцца троху драўляным і патрабуе размінкі. Не ведаю, ці гэта я такі дубовы, ці гэта ва ўсіх так працуе?

Апроч музыкі яшчэ адно маё захапленне — гульня “Что?Где?Когда?”. Не ведаю, ці ведаеш ты, але апроч тэлевізійнай версіі існуе яшчэ і “спартыўная” версія гульні, ў якую ў Беларусі гуляе вельмі шмат людзей - і дзеці, і студэнты, і дарослыя. Вядоўца чытае пытанне, каманды самі сабе абмяркоўваюць і праз хвіліну пішуць свой варыянт адказу і здаюць на праверку. І так 30-40 пытанняў. Перамагае той, хто адказаў на большую колькасць пытанняў. Карацей, гэта як паб-квіз, толькі пытанні своеасаблівыя і піва звычайна не п’юць падчас гульні. Прапаную табе паспрабаваць адказаць на такое пытанне:
"У афрыканскай народнасці суахілі ёсць легенда, якая апавядае аб тым, што першы чалавек спусціўся на зямлю з неба. А хто дапамог яму гэта зрабіць?"
Калі адкажаш на гэта пытанне, дашлю больш складанае.

Пішу гэты ліст 28 чэрвеня - як раз перад тваім Днём народзінаў - і з ўсіх сілаў жадаю, каб ты як мага хутчэй мог вярнуцца дамоў і адсвяткаваць як трэба ў кампаніі блізкіх людзей. Віншую з надыходзячым/прайшоўшым, будзь здаровы!

28/06/2021
Сяргей Башлыкевіч".

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Сяргею Уладзіміравічу Бялевічу:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
518 views07:41
Адкрыць / каментаваць
2021-06-28 09:13:56 ​Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Уладзіміру Сокалу - жыхару Наваельні (Дзятлаўскі раён), асуджанаму на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па крымінальнай справе па арт. 364 і 369 Крымінальнага кодэксу (Пагроза гвалтам супрацоўніку міліцыі і яго публічная абраза як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

"Дарагі Уладзімір,

Мяне завуць Пётр Рудкоўскі. Мы раней не былі знаёмыя, але хацелася б напісаць і – калі пашанцуе – атрымаць адказ. Хацелася б даведацца, як Вашы справы, настрой, наколькі зносныя ўмовы ў калоніі.

Пакуль што мала ведаю пра Вашы зацікаўленні, таму папросту напішу пра самыя розныя рэчы, якія адбыліся ў свеце ад пачатку чэрвеня. Мяркую, што прынамсі нешта з гэтага патрапіць у Вашы зацікаўленні :) Што ж, надалей на свеце грасуе пандэмія – сумарная колькасць перажыўжых інфікаванне каронавірусам сягае 175 мільёнаў. Таму беражыце сябе, наколькі гэта магчыма, і ў цэлым зычу моцнага здароўя!!

Міжнародны трыбунал у Гаазе канчаткова заключыў, што Ратка Младзіч, які адказны за забойствы баснійскіх мусульманаў, вінаваты і што павінен несці адпаведную адказнасць. Трошкі з іншай сферы: Сальвадор стаў першай краінай, у якой біткойн афіцыйна прызнаны плацельным сродкам! 10 чэрвеня было зацменне Сонца, але мне, на жаль, не пашэнціла пабачыць :(

Што яшчэ: у далёкай Мьянме пачаўся судовы працэс супраць Аўн Чжы, якую абвінавачваюць у карупцыі. Парадаксальна тое, што Аўн Чжы – законна абраная прэзідэнт краіны, а працэс ініцыяваны групай, якая ажыццявіла дзяржаўны пераварот. Паўстае пытанне: хто каго тут павінен судзіць? Думаю, гісторыя адкажа на гэта пытанне...

"Моц у слабасці ўдасканальваецца". Гэтыя словы апостала Паўла круцяцца ў галаве, калі чытаю і думаю пра Вашу сітуацыю. "Хто сее ў болі, жаць будзе ў радасці" - гэта яшчэ адно выказванне, якое тычыцца мужных і смелых беларусаў, такіх як Вы.

Трымайцеся, дарагі Уладзімір, калі магчыма, пішыце!

Ваш Пётр Рудкоўскі".

Вы таксама можаце напісаць ліст Уладзіміру Сяргеевічу Сокалу:
СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
639 views06:13
Адкрыць / каментаваць
2021-06-27 10:58:06 ​Блогер Андрэй Павук ("Красная зелень", "Рудабельская паказуха") далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў лісты Сяргею Ціханоўскаму і Міколу Дзядку.

"Дарагі сэрцу, любімы Сяргей. Прывітанне табе, дружа! Ты вялікі маладзец! Беларусь ганарыцца табой, бо твая “Краіня для жыцця” узрушыла грамадскае балота. Ніхто не любіць беззаконне, нават тыя, хто чытаюць гэтае пісьмо. І гэта вельмі красамоўна. Перамога побач, як і пуцінская інтэграцыя, але дзякуючы такім светлым людзям, як ты, у нас усё атрымаецца. Чакаем Цябе на волі. У Беларусі ты будзеш народным героем.
З павагай, твой Павук Андрэй і Вольга".

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Сяргею Леанідавічу Ціханоўскаму:
СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

"Дарагі сэрцу, любімы Мікалай. Прывітанне табе, дружа! Ты вялікі маладзец! Беларусь ганарыцца табой, бо тваё навучэнне не прайшло проста так. Ніхто не любіць безаконне, нават тыя, хто чытаюць гэтае пісьмо. І гэта вельмі красамоўна. Перамога побач, як і пуцінская інтэграцыя, але дзякуючы такім светлым людзям, як ты, у нас усё атрымаецца. Чакаем Цябе на волі.
З павагай, твой Павук Андрэй і Вольга".

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Мікалаю Аляксандравічу Дзядку:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
722 views07:58
Адкрыць / каментаваць
2021-06-25 10:02:44 ​Музыка Павел Аракелян далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў лісты братам Кіму і Аляксею Самусенкам. Кіму і Аляксею Самусенкам прад'яўлены абвінавачванні па арт. 342 КК РБ (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), Кіму таксама прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 349 КК (доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове).

"Вітаю, Кім! Мяне завуць Павел Аракелян, я музыка з гурта "Крамбамбуля". Мы не знаёмы асабіста, але я ведаю тваю матулю - выбітная жанчына (дарэчы, не здзіўлены, што менавiта у такой матулі выгадаваліся такія крутыя мужыкі, як ты і Лёша, а якія яна гатуе пернікі! Ммм!)
Я бы вельмі хацеў пазнаёміцца асабіста і, ведаеш, так ці інакш гэта хутка адбудзецца - бо гісторыя, як ты ведаеш, заўжды ідзе па адным і тым жа коле, інакш проста ня можа быць. Гонарам для мяне будзе запрасіць усю вашую вялікую сям'ю на канцэрт, а пасля, па традыцыі, лупануць па кілішачку (канешне, калі ізноў не лясне анамальная спякота)).
Ня буду пытацца, як ты там, бо, безумоўна, разумею, як на самой справе.
Дарэчы, спадзяюся, табе ёсць што чытаць з нармальнага, бо я калісьці ледзь не двинуўся дахам з магілеўскай бібліятэкі, таму невялічкая парада - калі ўбачыш кнігу "Вампирский Петербург", бяжы як можна далей, не паўтарай маіх памылак!
А насамрэч проста хачу, каб ты ведаў, што няма ані дня, каб я ня думаў аб вас, й такіх, як я, сотні тысячаў.
Трымайся, даражэнькі! З надзеяй на хуткую сустрэчу, твой ужо сябра, Паша Аракелян."

Вы таксама можаце напісаць ліст Кіму Андрэевічу Самусенка:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

"
Прывітанне, Лёша, ты мяне ня ведаеш, я Павел Аракелян, музыка, новы сябра ўсёй вашай выбітнай сям'і - а з Людмілай мы нат асабіста знаёмыя (яе смачнючыя пернікі спонсар маіх некалькіх залішніх кілаграмаў)).
Таму калі мы абдымемся на воле, вам усім прыйдзецца вытрываць джазавы канцэрт. Выбачай, але матуля ужо паабяцала й за цябе, й за Кіма!
Ведаю, што рабіць за кратамі няма чаго, але шмат хто зараз піша кнігі - ці ты ня думаў аб гэтым? Памятаеш, як у 2011-м годзе Андрэй Саннікаў напісаў дзіцячую казку для свайго сына, а пасля яе пераклалі на некалькі моваў і на прэзентацыі чыталі выбітныя ангельскія акторы - Майкл Шын, Джаана Ламлі, Сэмюэль Вэст. Я ж ведаю, што у цябе цудоўны хлопчык, якому штосьці такога кшталту будзе вельмі прыемна і карысна! Да таго ж, мы з табой стоадсоткава гадаваліся на адных і тых жа казках, дзе дабро заўседы перамагае.
Даражэнькі Лёша, чакаю не дачакаюся на тое, каб паціснуць тваю руку і крэпка абняць. Веру, што неўзабаве так і адбудзецца, а покуль намагайся не сумаваць моцна, бо вельмі шмат людзей чакаюць на тое ж самае, нат, калі здаецца, што ўсё ня так.
Покуль цісну лапу завочна, дружа, й шлю прамяні умеранага цяпла! Твой сябра, Паша Аракелян"

Вы таксама можаце напісаць ліст Аляксею Андрэевічу Самусенка:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
881 views07:02
Адкрыць / каментаваць
2021-06-22 19:51:50 ​Пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута далучылася да праету "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Ціхану Осіпаву - інжынеру БНТУ, асуджанаму на 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), загадзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400).

"Ціхан, добры дзень!

Мы з Вамі не знаёмыя і не можам пакуль пазнаёміцца, таму што жнівень мінулага года моцна ўсё перавярнуў (і дагэтуль не скончыўся). Але калі ў Вас будзе жаданне і магчымасць, давайце перапісвацца. Мяне завуць Ганна, і пісанне – справа майго жыцця. Я пішу гісторыі для дзяцей пра цуды і чары і люблю прыдумляць дэтэктыўныя загадкі.

У дзіцячых кнігах дабро заўсёды перамагае зло. Калі б вы былі героем маёй кнігі, сёння ноччу да Вас у акно залез бы паласаты кот разам з двума прывідамі і як-небудзь бы Вас выратаваў (каты ў дзіцячых кнігах звычайна кемлівыя і знаходзяць выйсце нават у самых складаных сітуацыях). Уяўляю, як здзівіліся б усе вакол. Але я ўпэўненая, што такія цуды не спатрэбяцца: нармальнае жыццё вернецца і мы ўсе пабачымся на волі.

Калі захочаце, раскажыце, калі ласка, што Вас цікавіць. Я ўпэўненая, нам знойдзецца пра што пагаварыць. У інтэрнэце я знайшла толькі, што Вы інжынер з БНТУ. Пра гэты ўніверсітэт я ведаю, мабыць, менш, чым пра астатнія. Была два разы ў розных карпусах, ды і тое выключна на фестывалі «Горад і кнігі» (баюся, гэта не самы тыповы факт пра БНТУ). А вось з прафесіяй інжынера ў мяне, філолага і літаратуразнаўцы паводле адукацыі, яднаюць цесныя сувязі. Па-першае, абое маіх бацькоў – інжынеры, і таму я цудоўна ўяўляю, наколькі рознымі рэчамі могуць займацца прадстаўнікі гэтай прафесіі. Па-другое, у адной са сваіх кніг я зрабіла інжынерамі галоўных злодзеяў. Яны хацелі пабудаваць у небе над Мінскам фабрыку снегу і ператварыць горад у ледзяную пустыню. Але падазраю, што інжынеры ў БНТУ займаюцца крыху іншымі задачамі.

У кнізе, дарэчы, з ледзяной пустыняй нічога не выйшла. І тое, што на змену зіме абавязкова прыйдуць вясна і лета, даводзіць гэты год. Зіма сёлета вярталася нават у маі, і я дагэтуль не магу прызвычаіцца да трыццаціградуснай гарачыні. У нас ужо зацвіў язмін і пачынаюць цвісці ліпы (па ідэі, мусілі б зацвісці на тыдзень пазней – нездарма ж у беларускай мове другі летні месяц называецца ліпенем). Бо ніякія пагодныя анамаліі не здольныя перапыніць бег жыцця. Я лічу гэта добрым знакам і спадзяюся, што хутка мы дачакаемся радасных навін.

З самымі цёплымі пажаданнямі,
Ганна Янкута

21.06.2021"

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Ціхану Сяргеевічу Осіпаву:
Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com
916 views16:51
Адкрыць / каментаваць