Get Mystery Box with random crypto!

​Паэт Анатоль Івашчанка далучыўся да праекту 'Паштоўкі ад вясн | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Паэт Анатоль Івашчанка далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Андрэю Севяртоку - жыхару Мастоў, асуджанаму на 5,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі на акцыі пратэсту 27 верасня). Таксама па гэтай крымінальнай справе асуджаны Міхаіл Ефімовіч, Вадзім Хіжнякоў і Міхаіл Юдзін. Сёння Андрэй Севяртока адзначае сваё 50-годдзе!

"Прывітанне, шаноўны спадар Андрэй!
Мяне клічуць Анатоль Івашчанка. Мы з Вамі незнаёмыя, таму – некалькі словаў пра сябе.
Па адукацыі я філолаг (скончыў беларускае аддзяленне філфака БДУ). Абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці паэта Алеся Разанава (дыплом, праўда, гадоў дзесяць ляжыць у шуфлядзе, бо з навукай пакуль на невядомы тэрмін “завязаў”). Па сканчэнні універа працаваў у Саюзе беларускіх пісьменнікаў (да таго часу, пакуль арганізацыю не выселілі з яе Дома фактычна на вуліцу). Цяпер працую ў часопісе “Дзеяслоў”. Можна сказаць, прафесія – чытальнік-вычытвальнік мастацкіх тэкстаў. Сам папісваю вершы і зрэдку баўлюся прозай. Жанаты, маю трох дзетак і котку)
Разам з цудоўнымі суседзямі ды суседкамі, з якімі мы пасябравалі, а з некаторымі сталіся амаль сям’ёю пасля жніўня 2020, пішам лісты людзям, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. То – ад імя нашай дружнай уручскай суполкі – прыміце калі ласка віншаванне з юбілеем. Будзьце здаровы як лёды калядовы! Моцы Вам, дарагі Андрэю, душэўнае трываласці, паболей добрых і надзейных людзей побач, Божае ласкі. Памятайце, што за самай цёмнай ноччу абавязкова прыходзіць неймаверны Світанак. І чым цямнейшая ноч – тым гэты Світанак бліжэй. Як пісаў наш класік Уладзімір Дубоўка, “жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае”. А як пісаў іншы класік, “і гэты час, і гэты лад не назаўсёды”.
Палічыў бы за гонар ліставацца з Вамі і бліжэй пазнаёміцца.
У якасці віншавальнага падарунка – вось гэты верш, напісаны яшчэ пяць год таму і прысвечану выдатнаму чалавеку, краязнаўцу, які на той момант знаходзіўся за кратамі па справе аршанскіх мытнікаў, Алесю Юркойцю.

А недзе наверсе лятуць аблокі.
А дзесьці за шэрасцю – ясны блакіт.
І цяжка паверыць, што з гэтай аблогі
ёсць вызваленне. Што сыдуць снягі.
Што новае неба па-над смугою
заззяе бурштынам сакавіка.
І ўсміхнецца ранак герою.
І ён усміхнецца
ў адказ.

Трымайцеся, Андрэю, і мацуйцеся. Загляне сонца і ў наша ваконца!
Вітанкі ад жыхароў Уручча-2 і нашага Цмока Змагарыча!
З павагаю,
Анатоль. 30.06.2021".

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Андрэю Рамуальдавічу Севяртоку:
ПК №9. 213410, г. Горкі, вул. Дабролюбова, 16

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі