Get Mystery Box with random crypto!

​Пісьменнік, доктар гістарычных навук Сяргей Абламейка далучыў | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Пісьменнік, доктар гістарычных навук Сяргей Абламейка далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў лісты Аляксандру Вінярскаму, Марку Салонікаву, Данілу Бандаруку ды Віктару Барушка.

"Дарагія Аляксандр, Марк і Даніла!

Я выпадкова паглядзеў, як вы ў машыне сьпявалі пабожную песьню. Гэта было балюча і радасна адначасова. Дзякуй вам за тое, што вы такія чыстыя і прыгожыя, што вы ёсьць, што вы выйшлі ў жніўні і што прыносіце такую цяжкую ахвяру!

Ніхто не чакаў, што на нашых людзей накаціцца такі каток. Мне ўжо далёка за 50 гадоў, але я ніколі ў жыцьці столькі ня плакаў ад радасьці і ад болю, як за апошні год.

Я таксама веруючы. Кожны дзень я малюся за ўсіх зьняволеных беларусаў. Але ад 1 ліпеня 2021 году буду кожны дзень асобна маліцца за вас. Вытрымайце, калі ласка, тое, што выпала вам, беражыце сябе і дачакайцеся свабоды. Малюся за тое, каб вашае цярпеньне не было дарэмным і як найхутчэй скончылася.

Вы не адны. Вялікая колькасьць людзей ў сьвеце і ўрады ўсіх дэмакратычных краін змагаюцца за ваша вызваленьне, аказваюць велізарны ціск на рэжым.

Вельмі хочацца дапамагчы вашым сваякам, даслаць вам перадачу. Але я фізычна працую ў Празе і, адпаведна, тут жыву. У сёньняшняй Беларусі гэта зрабіць цяжка. Калі будзе нейкая магчымасьць аказаць вам дапамогу, абавязкова ёй скарыстаюся.

Вельмі хочацца паціснуць асабіста вашы рукі ў будучай свабоднай Беларусі. Запрашаю вас да сябе ў госьці ў Прагу. Хай вас беражэ Бог!

Сяргей Абламейка
Прага
1.07.2021".

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі:
Аляксандру Андрэевічу Вінярскаму
СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37Александру
Данілу Віктаравічу Бандаруку
СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В
Марк Міхайлавіч Салонікаў
СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В

"Дарагі Віктар!

Калі мне прапанавалі напісаць ліст палітвязьню і выбраць са сьпісу імёнаў, я туды нават не зазіраў і ні хвіліны не вагаўся, адразу вырашыўшы напісаць Вам.

Дзікая гісторыя Вашага затрыманьня, пакутаў і асуджэньня не дае мне спакою ўжо больш за паўгода і не выходзіць з галавы. Насамрэч, хацелася б напісаць Вам шмат і адначасова няма чаго, калі падумаю, што я знаходжуся ў бясьпечнац Празе, дзе працую, а Вы – у калёніі, у палоне рэжыму. Вельмі спадзяюся, што Вашая ахвяра ня будзе дарэмнаю, і што катаў пакараюць.

Ня думайце, што сьвет забыўся пра беларусаў. Насамрэч, да Беларусі ніколі не было такой увагі і такога суперажываньня. Пра Беларусь гавораць у эўрапейскіх сталіцах і за акіянам. Думаю, гэта дапаможа і нашым вязьням, у тым ліку Вам.

Дарагі Віктар! Дай Вам Бог вытрымаць усё і выйсьці на волю як найхутчэй, беражыце сябе наколькі гэта магчыма. Цяпер у Беларусі нават за дапамогу асуджаным людзей саджаюць у турму. Але мне хацелася б неяк падтрымаць Вас і Вашу сям'ю.

Спадзяюся некалі асабіста паціснуць Вашу руку ў нашай свабоднай краіне!

Ведайце, што недзе ў Празе працуе беларус Сяргей Абламейка, які кожны дзень думае пра Вас, моліцца за Вас і за ўсіх беларусаў.

Жыве Беларусь!

Сяргей Абламейка
Прага
1.07.2021"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Віктару Яўгеньевічу Барушка:
ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі