Get Mystery Box with random crypto!

​Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева далучылася да праекту 'Па | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Наталлі Хершэ - грамадзянке Беларусі і Швейцарыі, асуджанай да 2 гадоў і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

"Добры дзень, Наталля!

Мы з вамі не знаёмыя, але я ўжо напісала вам два лісты. Магчыма, нейкі з іх дайшоў? Адказу ад вас я пакуль не атрымлівала. А таму на ўсялякі выпадак прадстаўлюся і крыху раскажу пра сябе зноў.

(Так шмат рэчаў цяпер мы мусім рабіць, як той Сізіф, што закочвае на гару камень, у тым ліку, і пісаць лісты без адказаў. Але, у адрозненне ад старагрэцкага міфа, дзе ёсць вечнасць, у зямным жыцці ўсё не вечна, на шчасце і на жаль).

Мяне завуць Юля Цімафеева, мне 39 гадоў. Па адукацыі я выкладчыца ангельскай мовы, а цяпер паэтка і перакладчыца з некалькіх моў на беларускую. Да лістапада 2020 мы з мужам, пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам жылі ў Мінску, а цяпер у горадзе Грац (Аўстрыя).

Наталля, мяне вельмі ўсхвалявалі ваша смеласць і адвага. Я моцна перажывала, калі чытала пра вашу галадоўку і цяперашнія праблемы ў калоніі. Я заўжды звяртаю ўвагу на тыя навіны пра вас, што з’яўляюцца ў СМІ.

У сваім мінулым лісце да вас я пісала пра дакументальны фільм “Дэбют” (2018), які здымалі ў вашай калоніі. Фільм апавядае пра жанчын, што граюць у мясцовым аматарскім тэатры і рыхтуюцца да прэм’еры. Таксама пісала пра нарвежскія дзіцячыя кнігі, якая я перакладала. А сёння хачу расказаць пра кнігу, якую нядаўна прачытала.

Яе напісаў амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр, аўтар вялікай колькасці прац па еўрапейскай гісторыі ХХ ст. Кніга называецца “О тирании. 20 уроков ХХ века”. Яна невялікая па аб’ёме і простая па форме, але яе змест перасцерагае і ўсё ж дае надзею. “Гісторыя не паўтараецца. Яна вучыць”, — так пачынае Цімаці Снайдэр. Кніга, выдадзеная ў 2017 годзе, факусуецца на тагачаснай амерыканскай палітыцы, калі да ўлады прыйшоў Дональд Трамп, і хутчэй адрасуецца амерыканскай публіцы. Гісторык аналізуе механізмы прыходу да ўлады нацысцкіх і фашысцкіх рэжымаў у Еўропе, перасцерагаючы сваіх супляменнікаў ад усталявання ў ЗША сапраўднай тыраніі. “Мы не мудрэйшыя за еўрапейцаў, якія бачылі, як дэмакратыя саступае фашызму, нацызму {…} ў ХХ стагоддзі. Наша адзіная перавага ў тым, што мы можам вучыцца на іх досведзе. І цяпер для гэтага самы час”. Некаторыя з назваў гэтых урокаў гучаць так: №2 “Абараняйце грамадскія інстытуты”, №4 “Адказвайце за тое, як выглядае свет”, №9 “Будзьце ўважлівыя да сваёй мовы” і іншыя.

Калі вас зацікавіла кніга, то хачу параіць вам, як яе здабыць, бо ў адпаведнасці з ч.1 і ч. 3 ст. 89 Крымінальна-выканаўчага кодэксу (УИК РБ) асуджанаму можна купляць літаратуру праз гандлёвую сетку. І дастаўка кніг не ўваходзіць у колькасць дазволеных бандэролей і дробных пакетаў.

І яшчэ:

В ПВР (введенными в действие постановлением КГБ РБ от 20.10.2000 №174) в п.110-111 описан порядок получения доп.услуг: они оплачиваются за счёт собственных средств осужденных и предоставляются по их заявлению на имя начальника учреждения. Оплата производится путём перевода денежных средств с личного счёта осужденного в адрес соответствующего предприятия, учреждения в сумме, указанной в заявлении осужденного.

Гэта кніга “О тирании. 20 уроков ХХ века” (аўтар Тимоти Снайдер) прадаецца ў онлайн-краме oz.by. Цана: 17,65 руб. Адрасы пунктаў самавывазу ў Гомелі (самавываз бясплатны): пр-т Леніна, 34 і пр-т Рэчыцкі, 5В. Мабільны тэлефон крамы oz.by (мтс, A1, life:): 695-25-25.

Спадзяюся, гэта кніга і гэтая інфармацыя будзе карысная для вас!

Наталля, вы моцная, рашучая і смелая! Вельмі шмат людзей захапляецца вамі і чакае вас на волі! Калі ласка, беражыце сябе!

З самымі цёплымі думкамі пра вас і надзеяй, што гэты ліст да вас дойдзе,
Юля Цімафеева

30.06.2021

г. Грац"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Наталлі Анатольеўна Хершэ:
ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com