Get Mystery Box with random crypto!

Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

Лагатып тэлеграм-канала vsviasna — Валанцёрская служба ПЦ "Вясна" В
Лагатып тэлеграм-канала vsviasna — Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"
Адрас канала: @vsviasna
Катэгорыі: Палітыка
мова: беларускі
Падпісчыкі: 542
Апісанне з канала

@viasnahelp - па валанцёрскіх пытаннях.
@ViasnaSos - для паведамленняў пра затрыманні па адм. і крым. справах, а таксама для кансультацый па факце затрымання і далейшых дзеянняў.
@Zvarot96 - юрыдычная падтрымка Вясны.

Ratings & Reviews

1.67

3 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

0

4 stars

0

3 stars

0

2 stars

2

1 stars

1


Апошнія паведамленні 20

2021-07-17 15:59:30 Праваабаронца і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда і праваабаронца Алена Лапцёнак выйшлі на волю.

Яны былі затрыманы ў межах крымінальнай справы 14 ліпеня.
122 views12:59
Адкрыць / каментаваць
2021-07-17 15:57:16
Палітзняволеная праваабаронца Яўгенія Бабаева, затрыманая 14 ліпеня ў межах крымінальнай справы, пасля 72 гадзін затрымання выйшла на волю.

Яна застаецца падазраванай па справе і будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Падрабязнасці bit.ly/36FJe23
113 views12:57
Адкрыць / каментаваць
2021-07-17 12:57:02
«Мы будзем побач, нават калі будзем сядзець». Распавядаем пра шэсць правабаронцаў-вясноўцаў, якія апынуліся за кратамі 14 ліпеня

У «чорную сераду» па ўсёй Беларусі былі затрыманыя адзінаццаць праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама два былых сябры «Вясны». У межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў) у іх правялі ператрусы і дапыталі. На дадзены момант у ІЧУ на Акрэсціна ў якасці падазраваных змясцілі шэсць вясноўцаў: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Алену Лапцёнак, Андрэя Палуду, Яўгенію Бабаеву. Таксама на 72 гадзіны затрымалі жонку Уладзіміра Лабковіча Ніну.

Заўтра раніцай сканчваецца 72 гадзіны з моманту іх затрымання: праваабаронцаў павінны адпусціць ці цягам яшчэ сямі сутак выставіць абвінавачванні.

Распавядаем пра справу «Вясны» і пра нашых затрыманых калегаў і каляжанак bit.ly/2Ui6bpm
167 views09:57
Адкрыць / каментаваць
2021-07-17 12:24:07 Журналістка "Нашай Нівы" Каця Карпіцкая далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Сяргею Волкаву.

"Прывітанне, Сяргей!
Не ведаю, ці даходзіў мой ранейшы ліст, але цяпер вам ужо вынеслі прысуд, я чула ваша апошняе слова - моцнае, як і вы! Дзякуй вам за яго ад землякоў-пінчукоў і ад беларусаў. Сапраўды, усім будзе аднойчы адмерана той мерай, якой яны мераюць сёння.
Мне вельмі шкада, што ўжо такі працяглы час вы не можаце займацца сваёй любімай справай - тэатрам. Я сама думала нейкі час ісці ў тэатральнае, але ў выніку абрала журфак. Праўда, і на факультэце мы стварылі тэатральны гурток "Галава-нага", рэпетавалі ў аўдыторыях і на калідорах, а пасля выступалі ў Беларусі на фэстах і нават за мяжой. У вальнейшыя часіны, калі пешаходка была актыўнай спачатку на Карла Маркса, а пасля ў Верхнім горадзе (у Мінску) - выступалі там з вулічнымі перформансамі. Зараз здаецца неверагодным, як яшчэ менш за 10 год таму мы з калегамі-славенцамі перакрывалі дарожны рух у Магілёве на фэсце "Март-кантакт" (усё ў межах прадстаўлення). Ды яшчэ і на стаўбы там залазілі людзей забаўляючы!
Апошнім часам я грала ў дакументальным тэатры - пакуль рэпетаваць і выступаць па вядомым прычынам складана, і ломка праз гэта капец. Сцэны як хоббі страшэнна не хапае, таму я разумею, як цяжка вам без справы жыцця.
Калі ласка! Успрымайце ўсё, што зараз з вамі адбываецца як тэатральны досвед Ролю, дзе вы на баку дабра. Гэта цяжка, але дабро абавязкова пераможа! Рэалізуйце там напоўніцу свой літаратурны талент! Ого колькі новых п'ес можна будзе паставіць!
Упэўненая, хутка пабачу вам на сцэне. Вельмі хутка!
Моцы!
Кася, 08.07.2021"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Сяргею Валер'евічу Волкаву:
СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
4.9K viewsedited  09:24
Адкрыць / каментаваць
2021-07-14 19:29:55 ​Незадоўга да свайго затрымання праваабаронца Валянцін Стэфановіч далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Юліі Кашаверавай. Падтрымлівайце адзін аднаго і ўсё будзе добра!

"Добры дзень Юлія.

Вы мяне зусім не ведаеце, хаця я Вас ведаю і з акалічнасцямі Вашай справы знаёмы.
Мяне завуць Валянцін Стэфановіч, я праваабаронца з Менску, маю 48 гадоў і траіх дзетак. У дзяцінстве марыў стаць ляснічым, мараком і машыістам цягніка. Паспытаў розныя заняткі ў жыцці. Быў і маляром і студэнтам і жаўнерам, працаваў юрыстам на МПЗ. Цяпер вось актыўна назіраю за жыццём і асабліва захапляюся вясной.
Гэта я каротка прадставіўся, каб вы ведалі хто Вам піша)))
Вырашыў напісаць Вам, бо сачыў за Вашым лёсам, як і за лёсам сотняў асуджаных у выніку вядомых падзеяў. Ведаю, што атрымалі паўтары гады зняволення і зараз знаходзіцеся ў Гомелі.
Цяжка пісаць незнаёмаму чалавеку, хаця зараз мне падаецца, што ўсе мы сталі знаемымі і блізкімі адзін адному –па духу, па светаўспрыняццю і самае галоўнае ў нашым агульным памкненні да свабоды. Менавіта прага свабоды і зменаў рухала і рухае намі.
І многія заплацілі і плацяць за гэтую прагу свабоды свабодай сваёй, асабістай. Так здарылася і з Вамі, але вы мусіце ведаць, што Вас любіць вашая сям’я, ваш цудоўны тата і яшчэ шмат, шмат знаёмых і незнаёмых людзей.
Мая сястра, як і Вы, таксама медык. Яна медсястра і вельмі любіць сваю цяжкую, але вельмі патрэбную людзям працу. Яна, як і вы, заўсыды гатовая прыйсці незнаёмаму чалавеку на дапамогу, праявіць салідарнасць з тым, хто ў нядолі.
У гэтыя змрочныя часы мне хочацца пажадаць Вам моцы і трываласці, здароўя і веры. Гэты час міне, бо гэта закон прыроды. Нішто і ніхто не можа спыніць хаду часу і гісторыі. Мы будзем вольнымі, мы будзем жыць у лепшым і больш справядлівым грамадстве. Так будзе. Вы яшчэ зусім маладая і ў вас яшчэ ўсе на перадзе. Доўгае і шчаслівае жыццё.
Напішыце мне ў адказ пару радкоў, калі будзе жаданне. А я абяцаю наступнны раз распавесці Вам пра сваіх траіх катоў і дзяцей.)))

З найлепшымі пажаданнямі,
Валянцін Стэфановіч."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Юліі Сяргееўне Кашаверавай:
ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
.

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
21.6K views16:29
Адкрыць / каментаваць
2021-07-13 22:32:33 ​Беларуская спявачка Вераніка Круглова далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Вользе Такарчук.

"Дарагая Вольга! Мы, на жаль, з Вамі не знаёмыя, але мне захацелася напісаць менавіта Вам! Я Вераніка Круглова, беларуская спявачка, заснавальнiца гурта «Kriwi», удзельніца праектаў «Народны альбом» і «Я нарадзiўся тут». Невыносна складана і балюча назіраць з боку, як разумныя, прыгожыя, прынцыповыя і годныя жанчыны, вымушаныя знаходзіцца ў няволі толькі за тое, што яны любяць краіну, у якой жывуць і хочуць усяго толькі зменаў да лепшага. З іншага боку, перапаўняе пачуццё гонару, захаплення і захаплення за тое, што ў Беларусі ёсць, што твораць гісторыю, свае Амазонкі, Жанны Дарг, Багіні Іштар і Ангелы Света, заведама дасведчаныя на што ідуць. Я шлю Вам сваю падтрымку і прамяні дабра! Ведаю, што Вы моцная і справетесь! Хачу сябраваць з Вамі, Вольга! З нецярпеннем чакаю Вас на волі!
З павагай, Вераніка Круглова."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Вользе Андрэеўне Такарчук:
Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
633 views19:32
Адкрыць / каментаваць
2021-07-12 19:16:29 ​Паэтка Вальжына Морт далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Максіму Знаку.

"Вітаю, Максім:
я пішу табе з паўночнага ўсходу ЗША, дзе калісьці жылі плямёны іракезаў. Адно з іх – племя Каюга – дало назву возеру, на якім цяпер стаіць невялікі горад (як і шмат якія іншыя назвы, якія трымаюцца за рэкі і лясы, у той час, як самі мовы на жаль павыміралі). Падчас апошняга перапісу, мову Каюга назвалі роднай каля 30 чалавек. Слова Каюга азначае людзей ля вялікай вады, ля возера, балота. Іншымі словамі, Каюга – гэта людзі на балоце. Знаёма, так? Вось так, я –
на іншым канцы сусвету – застаюся чалавекам на балоце.
Вось яшчэ са знаёмага: у 17 стагоддзі іракезы паспяхова гандлявалі пушнінай. Галандцы з асаблівай ахвотай куплялі ў іх баброў (памятаеш каўняры і падолы з пушніны на партэрах галандскіх мастакоў?). Неўзабаве, дзеля гэтых каўняроў, усіх баброў перабілі. Трэба было – дзеля баброў – захопліваць суседскія тэрыторыі, якія былі саюзнікамі Францыі. Так пачаліся Бабровыя войны. Памятаеш зялёныя беларускія тры рублі з бабром? Мы ў той час з табой хадзілі ў адну школу. Хутчэй бы скончыліся гэтыя бабровыя дні, бабровыя законы, бабровыя войны.
Неверагодная колькасць людзей жадае гэтага, неверагодная колькасць людзей думае пра цябе. Кожную хвіліну ў свеце адбываецца бясконцая колькасць падзей, думаецца бясконцая колькасць думак, і сярод іх – вось зараз, калі я пішу гэты ліст і пазней, калі ты чытаеш яго – ты з’яўляешся ў вольных думках вялікай колькасці людзей. Я гляджу на пагоркі і думаю пра цябе, пра Надзю, пра вашых бацькоў. Гляджу на вялікія аранжавыя кветкі ліліяў, на кусты шыпшыны і думаю пра цябе.
Сёння па радыё, паміж рэпартажам пра забойства прэзідэнта Гаіці і рэпартажам пра цэнзуру ў Кітаі, быў рэпартаж пра буслоў у нейкім мястэчку ў Аўстрыі. Я не запомніла назву, але гэта зямля, дзе шмат вінаграднікаў (аўстрыйцы робяць вельмі добрае белае віно!). Мясцовыя жыхары будуюць гнёзды для буслоў з вінаградных лоз і па вечарах сядзяць з кілішкам віна і назіраюць за бусламі. І вось раптам, па радыё, прагучаў запіс буслінага клёкату. Як гэты клёкат узрушыў мяне! І я адразу падумала пра цябе. Пра цябе і пра Марыю Калеснікаву, якая перадала праз адваката, што ў лістах ёй можна дасылаць ноты. У мяне зусім не музычнае вуха, іначай я бы хацела запісаць нотамі бусліны клёкат і даслаць ёй. Мне здаецца, што яна бы зразумела, што гэта і пацешылася. А ты мабыць можаш падабраць бусліны клёкат на гітары?
Калі ты выйдзеш на волю – я прашу бога, баброў, буслоў, каб гэта адбылося як мага хутчэй, з мяне – бутэлька белага віна, а з цябе – бусліныя ноты.

Абдымаю, Вальжына".

Вы можаце напісаць ліст Максіму Аляксандравічу Знаку:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
661 views16:16
Адкрыць / каментаваць
2021-07-07 19:34:37 ​Да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" далучыліся 30 вядомых асоб і напісалі 35 лістоў палітвязням. Працяг будзе!
Праект скіраваны на тое, каб падказаць людзям, як напісаць ліст за краты невядомаму чалавеку (у праекце ёсць лісты і знаёмым людзям), а таксама звярнуць увагу на канкрэтную постаць, бо за агульнай колькасцю палітвязняў большасць проста губляецца. Далучайцеся ды пішыце лісты зняволеным!

1. Пётр Кузнецоў - Лідзіі Коршун
https://t.me/vsviasna/676
2. Андрэй Дынько - Вадзіму Чапялевічу
https://t.me/vsviasna/678
3. Макс Шчур - Віктару Снегуру
https://t.me/vsviasna/683
4. Фелікс Аксёнцаў - Ільі Трахтенбергу
https://t.me/vsviasna/685
5. Зміцер Сасноўскі - Алегу Рубцу
https://t.me/vsviasna/690
6. Алесь Бяляцкі - Алане Гебрамарыям
https://t.me/vsviasna/694
7.Валянцін Акудовіч - Яўгену Зялкоўскаму
https://t.me/vsviasna/697
8. Аляксей Шэін - Данілу Бандаруку
https://t.me/vsviasna/698
9. Аляксей Дзікавіцкі - Алене Маўшук
https://t.me/vsviasna/700
10. Анастасія Шпакоўская - Марыі Каленік
https://t.me/vsviasna/701
11. Антаніна Хатэнка - Сафіі Малашэвіч
https://t.me/vsviasna/702
12. Хрысціна Дробыш - Дзмітрыю Гопце
https://t.me/vsviasna/703
13. Алёна Палачанская - Максіму Зіневічу
https://t.me/vsviasna/707
14. Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) - Кацярыне Андрэевай(Бахвалавай)
https://t.me/vsviasna/718
15. Iлья Чарапко-Самахвалаў - Сяргею Красоўскаму
https://t.me/vsviasna/719
16. Наталья Дуліна - Сцяпану Латыпаву
https://t.me/vsviasna/721
17. Алег Гаруновіч - Аляксею Беразінскаму
https://t.me/vsviasna/722
18. Воля Дземка - Яўгену Юшкевічу
https://t.me/vsviasna/724
19. Канстанцін Яськоў - Сяргею Спарышу
https://t.me/vsviasna/725
20. Ілья Сін - Ціхану Клюкачу
https://t.me/vsviasna/726
21. Ганна Янкута - Ціхану Осіпаву
https://t.me/vsviasna/727
22. Павел Аракелян - братам Кіму і Аляксею Самусенкам
https://t.me/vsviasna/728
23. Андрэй Павук - Сяргею Ціханоўскаму і Міколу Дзядку
https://t.me/vsviasna/729
24. Пётр Рудкоўскі - Уладзіміру Сокалу
https://t.me/vsviasna/730
25. Сяргей Башлыкевіч - Сяргею Бялевічу
https://t.me/vsviasna/731
26. Юля Цімафеева - Наталлі Хершэ
https://t.me/vsviasna/734
27. Анатоль Івашчанка - Андрэю Севяртоку
https://t.me/vsviasna/735
28. Сяргей Абламейка - Аляксандру Вінярскаму, Марку Салонікаву, Данілу Бандаруку, Віктару Барушка.
https://t.me/vsviasna/736
29. Анхела Эспіноса - Аліне Муратавай
https://t.me/vsviasna/739
30.Сяргей Навумчык - Уладзіміру Гундару
https://t.me/vsviasna/740
3.7K views16:34
Адкрыць / каментаваць
2021-07-07 19:10:47 ​Дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, намеснік Старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Уладзіміру Гундару - актывісту і краязнаўцу з Баранавічаў, асуджанаму да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Інвалід 2-й групы Уладзімір Гундар праходзіў па “справе Аўтуховіча”.

"Шаноўны спадар Ўладзімер!

Пішу гэты ліст з разуменьнем, што дайсьці яму да адрасата зусім невялікі шанец (мае лісты да палітвязьняў звычайна не даходзяць, і справа, канешне, ня ў тым, што адсылаю іх з замежжа, з Прагі) – і ўсё ж калі шанец нават мізэрны, варта яго выкарыстаць. Копію ліста дашлю Вашай дачцэ, як яшчэ адно пацьверджаньне, што пра яе бацьку памятаюць ня толькі ў сям’і.

Ну а калі яго прачытаюць і турэмшчыкі (у гэтым якраз не сумняюся) – ім будзе карысна. Магчыма, пра нешта задумаюцца.

Тое, што дайшло пра Вас праз сьцены турмы, выклікае глыбокую павагу.

Ведаю, што за адмову паўтараць словы пра «схільнасьць да экстрэмізму» Вас, хворага чалавека, які страціў нагу, якому патрэбныя лекі, – пасадзілі з карцэр.

Гэта – зьдзек, які цалкам трапляе пад паняцьце катаваньняў, як іх разумеюць міжнародныя прававыя нормы.
Увогуле ўсё тое, што ўлада робіць з Вамі, як і зь іншымі патрыётамі Беларусі, ляжыць па-за межамі і чалавечага, і Боскага закону. Ужо адно тое, што адданасьць Незалежнасьці Беларусі, яе гісторыі, мове, яе сьвятым сімвалам – Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу і «Пагоні», жаданьне бачыць яе дэмакратычнай улада атаясамлівае з «экстрэмізмам» – красамоўна сьведчыць пра сутнасьць гэтай улады.

Вялікая памылка гэтых людзей у тым, што яны ня ведаюць гісторыі. Ніякая дыктатура не бывае вечнай. Ня будзе бясконцай і гэтая дыктатура.

Чалавек ня можа прадказаць будучыню дакладна і па датах, жыцьцё залежыць ад шмат якіх фактараў (як заканамерных, гэтак і зусім выпадковых). Але я перакананы ў тым, што чорныя дні ў Беларусі завершацца. І я ўпэўнены, што адбудзецца гэта значна раней, чым скончыцца тэрмін Вашага зьняволеньня.

Пра Вас шмат пішуць (у тым ліку і на сайце Радыё Свабода), без перабольшваньня, тысячы людзей салідарныя з Вамі.

Разумею, што Вы лічыце самым галоўным для сябе зьберагчы сваю чалавечую і нацыянальную годнасьць – але вельмі прашу, спадар Уладзімер, берагчы і здароў’е. Трэба дажыць да перамогі над злом.

З павагай – Сяргей Навумчык, Прага.

2 ліпеня 2021"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Уладзіміру Гундару:
СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
408 views16:10
Адкрыць / каментаваць
2021-07-06 12:19:35 ​Паэтка і даследчыца з Іспаніі Анхела Эспіноса далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Аліне Муратавай - фігурантке справы аб блакаванні чыгуначных шляхоў і развешванні пудзілаў у Брэсце, асуджанай на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

"Дарагая Аліна:
Можа быць, ты будзеш здзіўленая атрымаць сёння ліст-чайку з далёкіх іспанскіх берагоў – я пастаралася перадаць сваім словам водар марскіх хваляў і, спадзяюся, дробка солі ўсё ж даляціць.
Магчыма, гэтая паштоўка цябе ўвогуле не здзівіць: за апошнія месяцы мы паспелі запомніць (хай і часам падзабываецца), што людская салідарнасць не ведае межаў, моўных бар’ераў, не прызнае перашкодаў, сценаў і нават кратаў. Таму, нягледзячы на тое, што мы з табой не знаёмыя асабіста, нас звязвае глыбокае сяброўства, якое палягае не на супольных вечарынках або вучобе ў адной групе, а на самых светлых пачуццях сястрынстве, гуманнасці і любові да ўсяго чалавецтва.
Ніхто не ў стане прадбачыць або, пагатоў, выбраць сваю долю, але кожная з нас мае магчымасць прымаць найбліжэйшыя сэрцу рашэнні на аснове таго, што маем. Я – твая аднагодка, нарадзілася на другім канцы Еўропы, у абсалютна адрозных абставінах. Лёс давёў мяне да Беларусі, падарыў гэтую цудоўную дарогу. Твой шлях, Аліна, цяпер цяжкі, але я веру: вартай дарогі без прыгод не бывае. Ты, натуральна, не сама для сябе выбірала зняволенне, але памятай, што трэба жыць (і квітнець!) як мага лепш, і штодня выбіраць шчасце. Калі толькі адно слова запомніцца з майго тэксту, хай гэта будзе вось яно: жыві!
На развітанне хачу табе нагадаць пра ўсё добрае, што цябе чакае: на волі неба блакітнае (ну, у Беларусі часта хмарна, але – няўжо аблокі не чароўныя?), світанне малюе букеты ружаў за акном штораніцу, салаўі пяюць гімны каханню і вясне. На волі кожны год падае першы снег, лістападаўскі, і дорыць кожнаму летуценніку новыя мары і старыя дзіцячыя надзеі. Я, дарэчы, вельмі люблю снег, упершыню бачыла снегапад у 19 гадоў (!). На волі дзьме брыз юнацкага лета, гукаюць бабуліны народныя песні і цячэ чыстая вада рэк да азёраў. На волі чакаюць абдымкі і пацалункі блізкіх, позіркі цеплыні, вечныя словы пяшчоты і падтрымкі.
Аліна, жыві сёння, заўтра і заўжды. Мы цябе чакаем і любім.
Твая Анхела".

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Аліне Анатольеўне Муратавай:
СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
412 views09:19
Адкрыць / каментаваць