Get Mystery Box with random crypto!

​Музыка Сяргей Башлыкевіч далучыўся да праекту 'Паштоўкі ад вя | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Музыка Сяргей Башлыкевіч далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Сяргею Бялевічу - жыхару Мінска, якому прад'яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

"Сяргей, вітаю!
Мяне таксама завуць Сяргей, я нарадзіўся ў Ашмянах і ўжо 16-ты год жыву ў Мінску, працую інжынерам і часам спяваю песні ў гурце LEIBONIK (упэўнены, што ты пра нас ніколі не чуў, — вось такі мы андэграунд). Цікава, што 80-ыя гады з’яўляюцца, напэўна, рэкордным дзесяцігоддзем па колькасці народжаных Сяргеяў, сярод маёй радні і сяброў нас шмат. Ты ведаеш, чаму табе далі такое імя?

Ў 2020 я адправіў па пошце першы ліст за амаль 20 год. Чакаў чаго заўгодна ад другога дзесяцігоддзя 21 стагоддзя, але не думаў, што прыдзецца вярнуцца да эпісталярнага жанру, які быў мне такі блізкі ў школьныя часы. Я ў той час жыў у Ашмянах і не меў хатняга тэлефона, таму падчас паездак на абласныя алімпіяды і турніры па інэлектуальных гульнях ў Гродна, калі мясцовыя абменьваліся тэлефонамі, я абменьваўся адрасамі. Так і завёў шмат сяброў па перапісцы (з большага сябровак, шчыра кажучы :)) Паколькі інтэрнэта ў мяне ў той час таксама не было, калі ў выпускным класе ў мяне з’явіўся камп’ютар, гарадзенкі сталі дасылаць мне CD-дыскі з фільмамі. Ніякія іншыя фільмы ў сваім жыцці я так не запомніў, як тыя “Званок”, “Гоціку” і “Пункт прызначэння”, што сталі ў адзін шэраг з дзіцячымі ўспамінамі пра Джэкі Чана і Крутого Укера. У цябе ёсць фільм, які ты бы і зараз мог параіць? А кнігі якія-небудзь атрымлівалася чытаць апошнім часам?

Знайшоў у інтэрнэце, што ты спартовец са стажам і нават удзельнічаў у спаборніцтвах па паўэрліфцінгу - выглядаеш на фота адборным здаравяком Як яно, ці атрымліваецца хоць неяк падтрымліваць форму? Я рэгулярна займаюся тайскім боксам і па сабе ведаю, як цяжка перастаць трэніравацца, калі ты на гэта ўжо падсеў — адразу пачынае ламіць спіну, цела становіцца троху драўляным і патрабуе размінкі. Не ведаю, ці гэта я такі дубовы, ці гэта ва ўсіх так працуе?

Апроч музыкі яшчэ адно маё захапленне — гульня “Что?Где?Когда?”. Не ведаю, ці ведаеш ты, але апроч тэлевізійнай версіі існуе яшчэ і “спартыўная” версія гульні, ў якую ў Беларусі гуляе вельмі шмат людзей - і дзеці, і студэнты, і дарослыя. Вядоўца чытае пытанне, каманды самі сабе абмяркоўваюць і праз хвіліну пішуць свой варыянт адказу і здаюць на праверку. І так 30-40 пытанняў. Перамагае той, хто адказаў на большую колькасць пытанняў. Карацей, гэта як паб-квіз, толькі пытанні своеасаблівыя і піва звычайна не п’юць падчас гульні. Прапаную табе паспрабаваць адказаць на такое пытанне:
"У афрыканскай народнасці суахілі ёсць легенда, якая апавядае аб тым, што першы чалавек спусціўся на зямлю з неба. А хто дапамог яму гэта зрабіць?"
Калі адкажаш на гэта пытанне, дашлю больш складанае.

Пішу гэты ліст 28 чэрвеня - як раз перад тваім Днём народзінаў - і з ўсіх сілаў жадаю, каб ты як мага хутчэй мог вярнуцца дамоў і адсвяткаваць як трэба ў кампаніі блізкіх людзей. Віншую з надыходзячым/прайшоўшым, будзь здаровы!

28/06/2021
Сяргей Башлыкевіч".

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Сяргею Уладзіміравічу Бялевічу:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі