Get Mystery Box with random crypto!

​Пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута далучылася да праету | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута далучылася да праету "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Ціхану Осіпаву - інжынеру БНТУ, асуджанаму на 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), загадзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400).

"Ціхан, добры дзень!

Мы з Вамі не знаёмыя і не можам пакуль пазнаёміцца, таму што жнівень мінулага года моцна ўсё перавярнуў (і дагэтуль не скончыўся). Але калі ў Вас будзе жаданне і магчымасць, давайце перапісвацца. Мяне завуць Ганна, і пісанне – справа майго жыцця. Я пішу гісторыі для дзяцей пра цуды і чары і люблю прыдумляць дэтэктыўныя загадкі.

У дзіцячых кнігах дабро заўсёды перамагае зло. Калі б вы былі героем маёй кнігі, сёння ноччу да Вас у акно залез бы паласаты кот разам з двума прывідамі і як-небудзь бы Вас выратаваў (каты ў дзіцячых кнігах звычайна кемлівыя і знаходзяць выйсце нават у самых складаных сітуацыях). Уяўляю, як здзівіліся б усе вакол. Але я ўпэўненая, што такія цуды не спатрэбяцца: нармальнае жыццё вернецца і мы ўсе пабачымся на волі.

Калі захочаце, раскажыце, калі ласка, што Вас цікавіць. Я ўпэўненая, нам знойдзецца пра што пагаварыць. У інтэрнэце я знайшла толькі, што Вы інжынер з БНТУ. Пра гэты ўніверсітэт я ведаю, мабыць, менш, чым пра астатнія. Была два разы ў розных карпусах, ды і тое выключна на фестывалі «Горад і кнігі» (баюся, гэта не самы тыповы факт пра БНТУ). А вось з прафесіяй інжынера ў мяне, філолага і літаратуразнаўцы паводле адукацыі, яднаюць цесныя сувязі. Па-першае, абое маіх бацькоў – інжынеры, і таму я цудоўна ўяўляю, наколькі рознымі рэчамі могуць займацца прадстаўнікі гэтай прафесіі. Па-другое, у адной са сваіх кніг я зрабіла інжынерамі галоўных злодзеяў. Яны хацелі пабудаваць у небе над Мінскам фабрыку снегу і ператварыць горад у ледзяную пустыню. Але падазраю, што інжынеры ў БНТУ займаюцца крыху іншымі задачамі.

У кнізе, дарэчы, з ледзяной пустыняй нічога не выйшла. І тое, што на змену зіме абавязкова прыйдуць вясна і лета, даводзіць гэты год. Зіма сёлета вярталася нават у маі, і я дагэтуль не магу прызвычаіцца да трыццаціградуснай гарачыні. У нас ужо зацвіў язмін і пачынаюць цвісці ліпы (па ідэі, мусілі б зацвісці на тыдзень пазней – нездарма ж у беларускай мове другі летні месяц называецца ліпенем). Бо ніякія пагодныя анамаліі не здольныя перапыніць бег жыцця. Я лічу гэта добрым знакам і спадзяюся, што хутка мы дачакаемся радасных навін.

З самымі цёплымі пажаданнямі,
Ганна Янкута

21.06.2021"

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Ціхану Сяргеевічу Осіпаву:
Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com