Get Mystery Box with random crypto!

​Музыка Павел Аракелян далучыўся да праекту 'Паштоўкі ад вясно | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Музыка Павел Аракелян далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў лісты братам Кіму і Аляксею Самусенкам. Кіму і Аляксею Самусенкам прад'яўлены абвінавачванні па арт. 342 КК РБ (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), Кіму таксама прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 349 КК (доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове).

"Вітаю, Кім! Мяне завуць Павел Аракелян, я музыка з гурта "Крамбамбуля". Мы не знаёмы асабіста, але я ведаю тваю матулю - выбітная жанчына (дарэчы, не здзіўлены, што менавiта у такой матулі выгадаваліся такія крутыя мужыкі, як ты і Лёша, а якія яна гатуе пернікі! Ммм!)
Я бы вельмі хацеў пазнаёміцца асабіста і, ведаеш, так ці інакш гэта хутка адбудзецца - бо гісторыя, як ты ведаеш, заўжды ідзе па адным і тым жа коле, інакш проста ня можа быць. Гонарам для мяне будзе запрасіць усю вашую вялікую сям'ю на канцэрт, а пасля, па традыцыі, лупануць па кілішачку (канешне, калі ізноў не лясне анамальная спякота)).
Ня буду пытацца, як ты там, бо, безумоўна, разумею, як на самой справе.
Дарэчы, спадзяюся, табе ёсць што чытаць з нармальнага, бо я калісьці ледзь не двинуўся дахам з магілеўскай бібліятэкі, таму невялічкая парада - калі ўбачыш кнігу "Вампирский Петербург", бяжы як можна далей, не паўтарай маіх памылак!
А насамрэч проста хачу, каб ты ведаў, што няма ані дня, каб я ня думаў аб вас, й такіх, як я, сотні тысячаў.
Трымайся, даражэнькі! З надзеяй на хуткую сустрэчу, твой ужо сябра, Паша Аракелян."

Вы таксама можаце напісаць ліст Кіму Андрэевічу Самусенка:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

"
Прывітанне, Лёша, ты мяне ня ведаеш, я Павел Аракелян, музыка, новы сябра ўсёй вашай выбітнай сям'і - а з Людмілай мы нат асабіста знаёмыя (яе смачнючыя пернікі спонсар маіх некалькіх залішніх кілаграмаў)).
Таму калі мы абдымемся на воле, вам усім прыйдзецца вытрываць джазавы канцэрт. Выбачай, але матуля ужо паабяцала й за цябе, й за Кіма!
Ведаю, што рабіць за кратамі няма чаго, але шмат хто зараз піша кнігі - ці ты ня думаў аб гэтым? Памятаеш, як у 2011-м годзе Андрэй Саннікаў напісаў дзіцячую казку для свайго сына, а пасля яе пераклалі на некалькі моваў і на прэзентацыі чыталі выбітныя ангельскія акторы - Майкл Шын, Джаана Ламлі, Сэмюэль Вэст. Я ж ведаю, што у цябе цудоўны хлопчык, якому штосьці такога кшталту будзе вельмі прыемна і карысна! Да таго ж, мы з табой стоадсоткава гадаваліся на адных і тых жа казках, дзе дабро заўседы перамагае.
Даражэнькі Лёша, чакаю не дачакаюся на тое, каб паціснуць тваю руку і крэпка абняць. Веру, што неўзабаве так і адбудзецца, а покуль намагайся не сумаваць моцна, бо вельмі шмат людзей чакаюць на тое ж самае, нат, калі здаецца, што ўсё ня так.
Покуль цісну лапу завочна, дружа, й шлю прамяні умеранага цяпла! Твой сябра, Паша Аракелян"

Вы таксама можаце напісаць ліст Аляксею Андрэевічу Самусенка:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі