Get Mystery Box with random crypto!

​Літаратар і перформер Ілья Сін далучыўся да праекту 'Паштоўкі | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Літаратар і перформер Ілья Сін далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Ціхану Клюкачу - 18-гадоваму хлопцу, асуджанаму на паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за тое, што разам з Сафіяй Малашэвіч размалёўваў балончыкам з фарбай шчыты спецыяльных сродкаў загароджы.

"Шаноўны Ціхан!
Пэўна, вы мяне не ведаеце, але я маю радасць ведаць вас. Шмат разоў праглядаў тое відэа, дзе вы з Соняй рушыце па святочным -- як ніколі раней -- праспекце. Мяне гэта страшна ўразіла. Мне здаецца, вы – мо і самі таго не ўсведамляючы – увасобілі трапны вобраз цяперашняй Беларусі. Спантаннай, трохі легкадумнай, але маладой, вітальнай і да кранальнасці шчырай.
Магчыма, вы ўсумніцеся: сёння вобраз у Беларусі зусім іншы. І сёння здаецца, нібы так будзе заўсёды. Гэта падказваюць нам нашыя здрадлівыя эмоцыі і не менш здрадлівая ўласцівасць розуму праектаваць цяперашні стан рэчаў на неабсяжную будучыню. Ды варта давяраць не толькі ім.
Згадайма хаця б урокі гісторыі. Я яшчэ заспеў Савецкі Саюз (быў маленькім, але ўжо даволі свядомым) і памятаю тыя моманты, калі ён здаваўся мне вечным. У 1991 годзе пайшла рэакцыя, насельніцтва дружна прагаласавала за СССР на рэферэндуме... Ну, карацей, думаў я, мы папалі яшчэ гадоў мо на 70. А тут раз – і за лічаныя дні ад яго нічога не засталося.
Мяне вельмі ўразіла евангельская прыпавесць пра багацея і Лазара. Дзве поўныя супрацьлегласці: адзін чалавек пражывае жыццё ў максімальным камфорце, другі – паціху гніе ля яго дома. Здавалася б, адказ на пытанне, каму з іх лепей, цалкам відавочны. Але раптам усё мяняецца кардынальна, і хтосьці апынаецца на патэльні…
Справа, вядома, не ў багацці і беднасці. Справа ў тым, што аднаму з іх ўбоства не перашкодзіла дасягнуць Вечнага Валадарства, а другому ягонае багацце -- не дапамагло.
Гэта вельмі змястоўная прыпавесць, але найперш яна мяне ўразіла па адной прычыне: наколькі мала мы ведаем пра жыццё, мяркуючы са сваёй цяперашняй чалавечай пазіцыі!
Кожны з нас, канешне, хацеў бы стаць багацеем, а не бамжом. І нам вельмі цяжка ўсвядоміць, што не гэта галоўнае. Прынамсі, з перспектывы вечнасці. Ды і з гістарычнай перспектывы таксама. А пра яе варта задумвацца і атэісту. Ніхто б, пэўна, не хацеў, каб на ягоных хаўтурах людзі пілі шампанскае.
Сёння тое відэа з вамі, пра якое я пісаў на пачатку – доказ злачынства. Але, паверце, пройдзе час – і яно будзе ўспрымацца зусім іначай. Магчыма, яму знойдзецца месца ў музеі сучаснай гісторыі Беларусі. І вашы дзеці будуць вамі ганарыцца падчас школьнай экскурсіі.
Вы малады, таму ў вас наперадзе яшчэ шмат неспадзяванак. Чамусьці думаю, што яны будуць прыемнымі.
Таму беражыце сябе ў чаканні на іх."

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Ціхану Вітальевічу Клюкачу:
ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com