2023-05-18 17:15:02
У СІЗА-1 пагоршыліся ўмовы: вопратку і абутак з перадач адразу адпраўляюць на склад, а медыкаменты не перадаюць
Па інфармацыі праваабаронцаў, умовы ў СІЗА на Валадарскага для палітзняволеных зрабілі больш жорсткімі. Так, цяпер вопратку і абутак адразу адпраўляюць на склад, каб іх забраць, зняволеным трэба пісаць адпаведныя заявы, чакаць некалькі дзён, а ўзамен ім трэба нешта з вопраткі здаваць на склад. Вядомы выпадак, калі на склад забралі нават бялізну і шкарпэткі.
Акрамя гэтага, цяпер забаронена дасылаць медыцынскія пасылкі, а ў перадачах не прымаюць заспакаяльныя.
Нагадаем, нядаўна стала вядома, што, паводле ўказання ДВП ад 29.04.2023, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай,
дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў. Пры гэтым афіцыйна пра такія змены нідзе не паведамлялася.
2.2K views14:15