Get Mystery Box with random crypto!

Цыганкоў

Лагатып тэлеграм-канала tsyhankou — Цыганкоў Ц
Лагатып тэлеграм-канала tsyhankou — Цыганкоў
Адрас канала: @tsyhankou
Катэгорыі: Палітыка
мова: беларускі
Падпісчыкі: 892
Апісанне з канала

Віталь Цыганкоў. Публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы "Двубой" на Белсаце.

Ratings & Reviews

3.67

3 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

1

4 stars

1

3 stars

0

2 stars

1

1 stars

0


Апошнія паведамленні 2

2022-07-29 13:18:45 “Дывэрсантаў у палон не бяруць, гэтыя групы зьнішчаюцца на месцы”

Неяк гэта асабліва шырока не гучала ў прэсе, але з тэрыторыі Беларусі даволі часта ва Ўкраіну спрабуцю зайсьці розныя дывэрсійныя групы. Што зь імі здараецца, і ці ёсць там беларусы – на гэтае маё пытаньне адказаў украінскі ваенны экспэрт Сяргей Грабскі

“Ведаеце, дывэрсантаў у палон не бяруць, гэтыя групы зьнішчаюцца на месцы. Даволі незвычайную дывэрсійную групу зьнішчылі літаральна тыдзень таму — незвычайную тым, што мела каля 30 чалавек, гэта вельмі шмат. Вельмі цяжка вызначыць нацыянальную прыналежнасьць удзельнікаў такіх групаў, бо ў іх уваходзяць нават людзі, якія дастаткова добра ведаюць украінскую мову.

Таму нельга адназначна сьцьвярджаць, ці ёсьць там беларусы. І я б ня стаў выключаць наяўнасьць беларускіх грамадзян у гэтых групах. Была інфармацыя, што злучэньні беларускіх Сілаў спэцыяльных апэрацыяў (а ССА — гэта аснова такіх дывэрсійных групаў) перакінутыя ў Берасьцейскую і Гомельскую вобласьць, што ўскосна можа сьведчыць, што ў складзе дывэрсійных групаў, якія спрабуюць пранікнуць на тэрыторыю Ўкраіны, могуць быць і беларускія вайскоўцы”.

Сяргей Грабскі, вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Міністэрства абароны Ўкраіны, удзельнік міратворчых апэрацый у Косаве і Іраку, расказвае, ці чакае Ўкраіна агрэсіі з тэрыторыі Беларусі.

Сяргей Грабскі ў інтэрвію Свабодзе таксама паведамляе, што ўдзельнікаў дывэрсійных групаў украінцы не бяруць у палон, і адказвае на папулярнае пытаньне, калі ж нарэшце адбудзецца кардынальны пералом на расейска-ўкраінскім фронце

https://d2r0s1pmhg5xrd.cloudfront.net/a/31964958.html
433 views10:18
Адкрыць / каментаваць
2022-07-28 14:48:48 Мы жывем у сьвеце праслаўленьня пакутаў.

Калі пішуцца біяграфіі “вялікіх людзей”, галоўны ўціск робіцца на тое, што наш герой пераадолеў, праз якія цяжкасьці прайшоў і якіх маральных сілаў яму гэта ўсё каштавала. Любы піяршчык ведае, што інтэрвію зоркі павінна зьмяшчаць абавязковую “недасканаласьць” героя, а таксама пэўную долю “драмы” і “пакутаў” – публіка гэта любіць, публіка не прыме гісторыю посьпеха без “пераадоленьня” нейкіх перашкодаў. “Так же, как все, я по земле хожу” -- сьпявала Ала Пугачова, марна спрабуючы даказаць, што яе праблемы нічым не адрозьніваюцца ад турботаў “простых людзей”.

У заходніх універсітэтах падчас прыняцьця ў студэнты асаблівую ўвагу надаюць паходжаньню, расе, прыналежнасьцю да меншасьці абітурыента, лічыцца, што пэўныя катэгорыі апрыёры прыгнечаныя (нават незалежна ад сацыяльнага і матэрыяльнага статусу) і ім трэба даваць зялёнае сьвятло. Мільёны амерыканцаў раптам пазнаходзілі ў сябе індзейскія карані. Забясьпечаныя дзеці з сярэдняга класу хутка прасяклі фішку і за адсутнасьцю рэальных жыцьцёвых бедаў гіпертрафіравана ўзвялічваюць пакутлівыя драмы з сямейнага жыцьця, адносінаў з сябрамі, хлопчыкамі-дзяўчынкамі ці бацькамі. На Юцюбе ёсьць забаўны ролік, дзе прыёмная камісія разглядае лісты абітурыентаў і адразу прымае тых, у каго ёсьць “драма” – “у дзень перад іспытам я даведалася, што тата нас кінуў”, “памёр любімы сабачка”. Залічаны, атрымаеш грант на вучобу!

Я бачу гэта як варыянт падсьвядомага прабачэньня за свабоднае і заможнае жыцьцё. Няма праблемаў, дык мы іх створым. Толькі ня падумайце, што нам добра жывецца – “багатыя таксама плачуць”.

Зь адваротнага боку – шматвекавая расейская традыцыя абагаўленьня, узьнясеньня болю і пакутаў, метафізічнае рахметаўскае ляжаньне на цьвіках. Прытым яны ж не абмяжоўваюцца добраахвотным стварэньнем пакутаў для сябе, -- яны ж ствараюць іх для іншых, бо ў іхнім разуменьні без пакутаў чалавек не чалавек, таму трэба іх забясьпечыць.

Мы не гатовыя прызнацца сабе, што штосьці ў нашым жыцьці было лішнім, непатрэбным, таму прыдумляем казачку пра “усё было нездарма”. Любую трагедыю, страту, зьняволеньне мы тлумачым тым, што “гэта дало мне новы жыцьцёвы вопыт”, “пасьля гэтага я вырас як асоба”, “я шмат зразумеў”. За гэтым забаўна было назіраць у арміі – падчас службы ўсе салдаты-срочнікі армію мацюкалі і ненавідзелі, а вярнуўшыся на гражданку, пачалі распавядаць, “як шмат мне армія дала і навучыла”.

Тое самае з турмой. У гэтай вечнай спрэчцы Шаламава і Салжаніцына большасьць не гатовая прыняць бескампрамісную пазыцыю Шаламава – “Убежден, что лагерь — весь — отрицательная школа, даже час провести в нем нельзя — это час растления. Никому никогда ничего положительного лагерь не дал и не мог дать”.

Маральна гэта цяжка прыняць, прызнаць, што ў цябе забралі столькі часу жыцьця, таму былы вязень пачынае распавядаць, зь якімі добрымі людзьмі пазнаёміўся ў турме, колькі разумных кніжак прачытаў, колькі думак перадумаў. А без турмы ты кніжкі не чытаў, для гэтага абавязкова за краты?

Мы шукаем нейкі глыбінны сэнс там, дзе яго няма і ніколі не было. У любой паразе і няшчасьці мы шукаем надзею і ўрок. Асабліва сёньня, калі людзей захапіла масавая псіхалогія “пазітыўчыка”. Раптоўная заўчасная сьмерць прымушае нас казаць штосьці супакойваючае пра “яму там будзе лепей”, “Божанька так вырашыў – значыць так і трэба”. Бо мы ня хочам і не гатовыя прыняць ледзяны дотык бяды, змрочную і пранізлівую несправядлівасьць таго, што адбылося.

Турма, страты, хвароба, вайна, нават сьмерць – на ўсё ў нас гатовыя адгаворкі ў стылю “усё было недарма”, “гэта дало мне новы вопыт”, “навучыла мяне новаму”. Прызнаць праўду, што вайна, няшчасьці, пакуты і страты не даюць нам нічога, акрамя пакутаў і стратаў – гэта нам не пад сілу.
390 views11:48
Адкрыць / каментаваць
2022-07-27 14:02:09 "У беларускім грамадзтве існуе шырокі кансэнсус наконт незалежнасьці"

З нагоды дня прыняцьця Дэкларацыі аб сувэрэнітэце (нагадаем, да 1996-га гэта было дзяржаўнае сьвята пагаварылі Пятром Рудкоўскім пра незалежнасьць з філасофскага і гістарычнага пункта гледжаньня.

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пётра Рудкоўскі разважае, ці было гатовае беларускае грамадзтва да незалежнасьці ў 1991 годзе, аналізуе, наколькі ідэя неабходнасьці незалежнасьці ўзмацнілася за гэтыя 30 гадоў, і заяўляе, што сёньня лёс беларускай незалежнасьці вырашаецца ў тым ліку на ўкраінскіх франтах.

— Ёсьць даволі шырокі і ўстойлівы кансэнсус наконт неабходнасьці незалежнасьці. Ён даволі ўстойлівы як мінімум з пачатку 2000-х гадоў і стала пашыраецца. На пачатку нулявых гэта было ў раёне 50-60 працэнтаў за незалежнасьць, а цяпер гэта ў раёне 85 працэнтаў.

Іншая справа, наколькі глыбокая і бескампрамісная гэта адданасьць ідэі незалежнасьці, якую цану беларусы гатовыя плаціць за абарону незалежнасьці. У пачатку 90-х незалежнасьць як альтэрнатыва СССР уяўлялася цьмянай і ненадзейнай, не зусім зразумелай: «Як гэта, жыць зусім па-іншаму?». Ад пачатку нулявых беларусы звыкліся з новай рэчаіснасьцю, успрынялі яе, і цяпер ужо любая альтэрнатыва незалежнай Беларусі зьяўляецца цьмянай і незразумелай.

https://d2r0s1pmhg5xrd.cloudfront.net/a/31962026.html
627 viewsedited  11:02
Адкрыць / каментаваць
2022-07-25 15:31:07 “Можна бязьвіз увесьці хоць для ўсіх краінаў сьвету — гэта ня зьменіць стаўленьня да рэжыму”

Экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін камэнтуе выказваньні Ўладзімера Макея пра беларускі добраахвотнікаў ва Ўкраіне, аналізуе, якія наступствы будзе мець справаздача ICAO, і расказвае, якога эфэкту хочуць дабіцца ўлады, уводзячы бязьвіз.

“Можна колькі заўгодна «працягваць руку», але ўсе ведаюць, што ў другой руцэ Менск трымае дулю альбо камень. Бязьвіз — гэта ня тое, чаго ад Менску чакаюць на Захадзе. Вызваліце палітзьняволеных і правядзіце свабодныя выбары. Цяперашнія ўлады гэтага ніколі не зробяць, яны працягваюць зьнішчэньне ўласнага грамадзтва, яшчэ сталі фактычна ўдзельнікамі вайны. Таму можна бязьвіз увесьці хоць для грамадзян усіх краінаў сьвету — гэта ня зьменіць стаўленьня да рэжыму. І я ня думаю, што беларускія ўлады настолькі наіўныя, што спадзяваліся, нібы гэты бязьвіз размарозіць палітычныя стасункі”.

https://d2r0s1pmhg5xrd.cloudfront.net/a/31958329.html
469 views12:31
Адкрыць / каментаваць
2022-07-22 20:55:27 “ГУБАЗіК паказвае Макею, як трэба рабіць кар’еру ў Беларусі”

Падмяніў захварэлага калегу ў якасьці вядучага перадачы Белсата “Без акрэдытацыі”. Гэта якбы такі наш адказ Клубу рэдактароў.

Пахвалюся, што мне ўдалося стварыць даволі зорны склад удзельнікаў -- палітолаг Андрэй Ягораў, рэдактар @REFORM BY Фёдар Паўлючэнка і галоўны рэдактар @Euroradio-Live Павел Свярдлоў.

Узяў тры тэмы, зьвязаныя з падзеямі гэтага тыдня -- Каму хоча спадабацца Макей сваймі выказваннямі пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне? Якія рытуалы пакланення сваёй уладзе стварае рэжым Лукашэнкі? Што хочуць дасягнуць улады, уводзячы безвіз?

Карацей, вельмі рэкамэндую паглядзець. Размова была нязмушаная, зьмястоўная і глыбокая.



723 viewsedited  17:55
Адкрыць / каментаваць
2022-07-21 19:55:18 Ва ўладаў удала атрымліваецца толькі імітацыя.

Вельмі жвавенька і разнастайна пагаварылі з Вадзімам Мажэйкам "на актуальныя тэмы".

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка (вось ягоны тэлеграм https://t.me/mazejka) зьдзіўляецца, навошта апанэнты рэжыму глядзяць Азаронка і чытаюць «Жёлтые сливы»; расказвае, як улада разумее «грамадзянскую супольнасьць», і заяўляе, што лепш за ўсё ў рэжыму атрымліваецца імітацыя.

-- Бо розныя мэдыя працуюць на розныя аўдыторыі. Тэлеграм-каналы ГУБАЗіКу, «Жёлтые сливы», як гэта ні дзіўна, працуюць на пратэставую аўдыторыю. Бо складана ўявіць простага, звычайнага чалавека, які жыве сваім жыцьцём і вырашыў чамусьці падпісацца на ГУБАЗіК і па вечарах чытаць пра рэпрэсіі

-- Мне гэта таксама незразумела. Гэта нейкая форма псыхалягічнай нестабільнасьці і залежнасьці, мазахізму...

— І сапраўды, гэта нейкая псыхалягічная траўма. Зразумела, калі гэтыя каналы чытаюць тыя, каму гэта неабходна па працы — праваабаронцы, якія там шукаюць інфармацыю пра рэпрэсіі, аглядальнікі прапаганды. Але калі іх добраахвотна чытаюць апанэнты рэжыму... Гэта сапраўды нейкі мазахізм, бо ўсе гэтыя каналы накіраваныя на тое, каб палохаць пратэставую аўдыторыю, навязваць ёй розныя жахі. Людзі ўсё гэта глядзяць, і таму ўлада гэтыя каналы падтрымлівае, улада празь іх запалохвае пратэставую частку грамадзтва.
https://d2r0s1pmhg5xrd.cloudfront.net/a/31951566.html
272 viewsedited  16:55
Адкрыць / каментаваць
2022-07-14 23:03:55 «Мяжа на замку» для сілавікоў зробіць іх яшчэ больш зацятымі і жорсткімі

Мы горача абмяркоўваем, чым абернецца для незалежнага грамадзтва новы крок уладаў у кірунку забароны на выезд, новая цаглінка ў пабудове «жалезнай заслоны».

Але ня менш істотны аспэкт уплыву гэтага рашэньня на сілавікоў. Пра гэта я і напісаў свой тэкст. Калі коратка -- зразумела, што сілавікі, закансерваваныя ўнутры краіны, стануць яшчэ больш азлобленымі і жорсткім

"Сілавікі ўсё больш будуць кансэрвавацца ў закрытай ад грамадзтва «крыштальнай пасудзіне», маючы яшчэ большую злосьць на ўсіх навокал. Будуць ненавідзець ня толькі «апазыцыянэраў», але і прадпрымальнікаў, айцішнікаў, якія езьдзяць адпачываць на францускія курорты і закупляцца ў італьянскіх крамах. Карціна сьвету, дзе ёсьць «свае» і «чужыя», і так уласьцівая большасьці сілавікоў, толькі ўмацуецца з усьведамленьнем таго, што «няма куды падзецца з падводнай лодкі».

Седзячы ў сваім цесным кабінэце і шукаючы ў інтэрнэце, хто там напісаў крытычны камэнт аб прадстаўніках улады, ён разумее, што яму ня сьвеціць убачыць ані Прагу, ані Парыж, ані пляжы Адрыятыкі. Застаецца толькі ў якасьці рацыяналізацыі гэтага стану сказаць сабе «а ня надта і хацелася» і з новай сілай працягваць пошук ворагаў улады".

https://d2r0s1pmhg5xrd.cloudfront.net/a/31943173.html
311 views20:03
Адкрыць / каментаваць
2022-07-13 12:02:13 Фашызм без ідэалёгіі

Пашкевіч: "А ў Беларусі, атрымліваецца, фашызм без ідэалёгіі. Я б сказаў, у Беларусі і Расеі ідэалёгія дваровай шпаны. «Иногда не до законов», можна кінуць выклік усім працэдурам міжнароднага права. Культ сілы, мы, маўляў, робім, што хочам, і ніхто нам ня ўказ".

Гісторык Аляксандар Пашкевіч адказвае на пытаньне, чаму Лукашэнка па-беларуску праслаўляе ВКЛ, тлумачыць, чаму ўлада так і не стварыла ніякай уласнай ідэалёгіі, і спрабуе выбраць правільнае слова для гістарычнай характарыстыкі сёньняшняга менскага рэжыму.

https://d2r0s1pmhg5xrd.cloudfront.net/a/31941075.html
534 views09:02
Адкрыць / каментаваць
2022-06-28 22:46:31 Агульначалавечыя каштоўнасьці – адзінае, што не дае пачаць вайну ўсіх супраць ўсіх

У час вайны размовы пра агульначалавечыя каштоўнасьці зьнікаюць як глупства і нават шкодная крамола.

Я даволі скептычна стаўлюся да гістарычнай ацэнкі Гарбачова з-зя ягонай непасьлядоўнасьці і баязьлівасьці, але за адну рэч ён зойме сваё пачэснае месца ў гісторыі. За тыя самыя “агульначалавечыя каштоўнасьці”.

Памятаю, з якім унутраным жахам назіраў тое, што адбывалася ў Расеі ў нулявыя гады, калі Дугін і Праханаў з гарадзкіх вар’ятаў сталі шанаваным мэйнстрымам, калі сталі папулярнымі заклінаньні, што ў Расеі няма саюзьнікаў, што ўвесь сьвет толькі і жадае Расею прынізіць і падпарадкаваць. Ужо тады мне было зразумела, куды гэта ўсё ідзе – да новай халоднай вайны, да самаізаляцыі – вайну гарачую тады, вядома, я не мог уявіць нават у самых песімістычных ацэнках.

Цяпер мы ўсе гаворым пра нацыянальныя інтарэсы як пра нейкі абсалют, мы заклікаем іх адстойваць, абараняць, ахвяраваць дзеля іх, ігнараваць любыя іншыя каштоўнасьці. Палітык, які ў наш час загаворыць пра нешта агульначалавечае, здаецца, будзе аб’яўлены непрактычным летуценьнікам, а то і ворагам свайго народу.

Ювал Ной Харары даволі ярка пісаў пра тое, што любыя каштоўнасьці ў чалавечай гісторыі – гэта не абсалют, не празрэньне, якое раптам сыходзіць на народы – а прадукт пэўнай ідэйнай згоды, міф, канструкт, які большасьць пагаджаецца ўспрымаць дзеля гарманічнага суіснаваньня. Тым больш народаў пагаджаецца прымаць нешта агульнае ў якасьці сваіх правілаў – тым больш шанцаў, што гэтыя народы будуць ужывацца мірна і гарманічна.

Толькі наяўнасьць нейкіх агульных каштоўнасьцяў, якія вышэй за нацыянальныя традыцыі і інтарэсы – не дае сьвету канчаткова ўчапіццца ў глотку адзін адному, не дае пачаць вайну ўсіх супраць ўсіх. Калі казаць больш практычна, гэта проста правілы гульні, у рамках якіх краіны могуць адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы – але не выходзячы за агульнапрызнаныя рамкі. Як баксёры, які надзяваюць шалом і пальчаткі, каб, нават перамагаючы, не нанесьці траўму суперніку.

Самае страшнае, што мне бачыцца ў падзеях апошніх гадоў – гэта пераможнае шэсьце таго варыянту “нацыянальных інтарэсаў”, які ня хоча нічога бачыць далей за свайго носа. Ясна, што разбураць агульначалавечыя каштоўнасьці пачала Расея, але страшна назіраць, як яна сваім прыкладам актыўна цягне іншых ў гэтае балота, дзе прапануецца пляваць на агульную бяду, дзе кожны сам за сябе – і ў выніку можа загінуць па адзіночцы.
8.3K viewsedited  19:46
Адкрыць / каментаваць
2022-06-18 23:21:04 Перамога Ўкраіны ў вайне наблізіць зьмену рэжыму ў Беларусі.

Палітоляг Усходнеэўрапейскага стратэгічнага форуму, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоль Котаў разважае пра каштоўнасьці і настроі беларускіх чыноўнікаў, тлумачыць, чаго найбольш баіцца бюракратыя, і заяўляе, што беларускі рэжым будзе працягваць рэпрэсіі, пакуль не разваліцца.

Котаў: Вядома, сыстэма ня можа адрэагаваць на самую галоўную патрэба грамадзян — замену самой сыстэмы. Пасьля 2020 году з сыстэмы выйшла шмат людзей, і гэта былі ня самыя кепскія работнікі. Пераважна сышлі сумленныя прафэсіяналы, большасьць зь якіх лічылі, што яны працуюць ва ўладзе на карысьць беларускай дзяржавы, а не на Лукашэнку.

Таксама назіраецца і стомленасьць самой сыстэмы, якая вымушаная працаваць амаль у ваенных умовах; ніхто ня ведае, якія задачы і даручэньні выконваць. Сыстэма паступова вымывае людзей, якія вераць у нейкія ідэі, у патрыятызм — застаюцца толькі тыя, якія ўмеюць «хістацца разам зь лініяй партыі», якая можа зьмяняцца кожны дзень. На сёньня ў чыноўніка павінна быць толькі адна бясспрэчная каштоўнасьць — гэта ляяльнасьць і пэрсанальная адданасьць Лукашэнку. А тут яшчэ грамадзяне нешта ад гэтай сыстэмы патрабуюць — вельмі некамфортная сытуацыя для чыноўніка.

https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31902341.html?fbclid=IwAR20zGEfYO3GrNygFUivfRZaz_5IEdesSM7bsNKBK3vYPu_nuNipHVNI3Sc
642 viewsedited  20:21
Адкрыць / каментаваць