Get Mystery Box with random crypto!

Цыганкоў

Лагатып тэлеграм-канала tsyhankou — Цыганкоў Ц
Лагатып тэлеграм-канала tsyhankou — Цыганкоў
Адрас канала: @tsyhankou
Катэгорыі: Палітыка
мова: беларускі
Падпісчыкі: 892
Апісанне з канала

Віталь Цыганкоў. Публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы "Двубой" на Белсаце.

Ratings & Reviews

3.67

3 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

1

4 stars

1

3 stars

0

2 stars

1

1 stars

0


Апошнія паведамленні 4

2022-05-09 13:46:07 Лукашэнка ў прамове 9 траўня зноў разьюшаны і антызаходні

“Оставьте нас в покое”! Гэта, бадай, адзін з асноўных тэзісаў Лукашэнкі падчас сёньняшняй прамовы. “Не перашкаджайце нам катаваць уласных грамадзянаў, зьнішчаць усё жывое, красьці выбары і дзярбаніць краіну”.

Тэзіс не новы. Але сёньня Лу, выступіў, бадай, з найбольш агрэсіўнай антызаходняй прамовай за ўвесь час свайго кіраваньня. Не выключаю, што яго разьюшыла нядаўняя заява лідэраў вялікай сямёркі --«Мы прыкладзём усе намаганьні, каб прыцягнуць прэзыдэнта Пуціна і архітэктараў і саўдзельнікаў гэтай агрэсіі, уключаючы рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасьці за іх дзеяньні ў адпаведнасьці зь міжнародным правам”.

Уявіце сабе, некалькі тыдняў ён усім даказвае, што “гэта не я”, што Беларусь не пры чым да агрэсіі, у нядаўнім інтэрвію Associated Press быў больш міралюбным за Чэмберлена ў Мюнхене – а яго за гэта ўсё роўна на адну лаўку з Пуціным. Людзі ўжо пачалі абмяркоўваць, ці не пачынае Лу “пераабувацца” (што я, напрыклад, лічу, абсалютна стратэгічна немагчымым, ён ужо ніколі не “пераабуецца”) – а тут “прыцягнуць да адказнасьці..”

Вось яго і панесла – “крывадушнікі, мярзотнікі”, “дзе паслы?”

І так прыкольна, калі ён у сваёй прамове зьвяртаецца да “народаў Захаду”, бо “Вашы ўлады не скажуць вам сапраўднай праўды”. Цалкам лагічна для лектара таварыства “Знаніе”, які ў Лу нікуды не падзеўся

Абмеркавалі "сьвяточныя" прамовы Пу і Лу разам з Юрыям Дракахрустам і Валерам Карбалевічам

606 views10:46
Адкрыць / каментаваць
2022-05-04 12:05:42 Лукашэнка ненавідзеў Шушкевіча, бо той ва ўсім быў яму антыподам.

Першае вялікае інтэрвію (а не кароткі каментар па нейкай падзеі) я браў у Шушкевіча ў 1992 годзе, калі ён быў Старшынём Вярхоўнага Савета, першай асобай дзяржавы. Для размовы мяне запрасілі на 7.30 у ягоны працоўны кабінет у Доме Ўраду. А забраць гатовае, вычытанае інтэрвію мяне паклікалі да Шушкевіча дадому, у ягоную кватэру па вуліцы Дразда, каля Стэлы. Перад уваходам у кватэру дзевяціпавярховіка, у калідоры ў пад’езьдзе, сядзеў адзін КДБшнік – так у той момант выглядала ахова дэ-факта кіраўніка дзяржавы.

Ведаеце, я лічу, што Лукашэнка ненавідзеў Шушкевіча ня толькі і ня столькі з-за палітычнай пазыцыі. Лукашэнка ненавідзеў Шушкевіча за тое, што той ва ўсім быў яму антыподам. Адукаваны, прафесар, Дзяржаўная прэмія, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі – і “Скарына піцерскі”, інтэлігентнасьць – і хамства, прабеларускасьць і праеўрапейскасьць – і русский со знаком качества, “я своё государство за цивилизованным миром не поведу”, жыцьцё ў трохпакаёўцы – і дзясяткі рэзыдэнцыяў па ўсёй краіне.

Але самае галоўнае, кардынальнае адрозьненне – гэта стаўленьне да ўлады. Лукашэнка, які адзінай мэтай сваёго жыцьця зрабіў захаваньне ўлады любымі сродкамі, ня мог зразумець, як гэта можна было спакойна аддаць гэтую самую ўладу – не чапляцца, не падымаць верных сілавікоў, не інтрыгаваць.

“Маёй мэтай было не захаваць пасаду, а рабіць змены”, -- казаў Шушкевіч у інтэрвію, якое я ўзяў у 2010 году для газеты “Свободные новости” https://www.sn-plus.com/2022/05/04/stanisla%d1%9e-shushkevich-bolsh-za-usyo-ganarusya-shto-vyve%d1%9e-z-belarusi-81-yadzernuyu-raketu-i-yashche-dvuma-rechami Гэта “жыцьцёвае” і даволі вострае інтэрвію, якое адразу і пачынаецца з маіх пытаньняў пра тое, што пра яго напішуць у падручніках гісторыі. Шушкевіч адказвае, што галоўным сваім дасягненьнем ён лічыць дзьве рэчы – Віскулёўскія пагадненьні, якія юрыдычна замацавалі развал СССР, і вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.

Але я б дадаў і трэцяе. Шушкевіч пакінуў у гісторыі Беларусі прыклад іншага, “нармальнага”, цывілізаванага стаўленьня да ўлады. Ды ня толькі да ўлады – да жыцьця, да прафесіі, да чалавека. Ён застаўся альтэрнатывай таго, як прыстойна, культурна і адукавана калісьці выглядала беларуская ўлада. У нас такое было, -- і гэта не выкінеш з гісторыі, ня гледзячы на ўсе спробы цяперашніх хамаў выкрэсьліць імя Шушкевіча з падручнікаў гісторыі.

https://gazetaby.com/post/ya-lepej-budu-zhanchynaj-nenalezhnyx-pavodzinau/26453/
360 viewsedited  09:05
Адкрыць / каментаваць
2022-05-02 15:17:01 Чарговы раз запрасіў Валер Руселік на стрым на Сэнсе, -- і, як мне падаецца, сапраўды атрымалася даволі жвавенька. Як казалі некаторыя калегі, у нас з Daroha Via ёсьць своеасаблівая “хімія” у эфіры – нешта сярэдняе паміж суперніцтвам і супрацоўніцтвам)

Ну да, Руселік толькі закрануў сьвята 1 траўня, тут мяне і панесла, на любімыя тэмы – капіталізм і сацыялізм, свабода і роўнасьць, ЗША альбо Швэцыя. На самой справе, гэтыя філасофскія і міжнародныя тэмы мне, магчыма, больш цікавыя, чым нашы бясконцыя беларускія праблемы, якія ходзяць па колу. (Мне нават у Фэйсбуку у прыват некаторыя пішуць – Віталь, чаму вы перасталі пісаць на мінародныя тэмы, пра лібералізмы, паліткарэктнасьць і фемінізмы. Але ў нас то эпідэмія, то рэвалюцыя, то вайна – на гэтым фоне пісаць пра нейкія абстрактныя “лібералізмы-кансерватызмы” часам проста няёмка)

Шкада, што гэтыя стрымы глядзіць не так шмат людзей. Але хто глядзіць -- тым, як падаецца, падабаецца, пра што сьведчаць такія каменты)) Виталь, вы настолько ярко ироничен, к утренней чашке кофе еще добавляете бодрости. РЕСПЕКТ, спасибо за беседу, получила несказанное удовольствие.



496 views12:17
Адкрыць / каментаваць
2022-04-30 17:39:37 Ядзерная зброя як адзіная расейская "скрепа"

Пагаварыў у Размове на Белсаце з Аляксандрам Марозавым, адным з самых аўтарытэтных расейскіх палітолагаў і каментатараў.

Цікавы быў момант, калі мы абмяркоўвалі магчымы развал Расеі, і Аляксандар сказаў, што лічыць гэты варыянт ня вельмі верагодным па той простай прычыне, што ў Расеі ёсьць ядзернай зброя. Атрымліваецца, што на сёньня гэта галоўная расейская “скрепа”. Ціквва, як у розных краінаў галоўным аб'ядноўчым чыньнікам ёсць мова, ці гісторыя, ці ідэя, ці мара. А вось у Расеі – зброя. Красамоўна.

"Ці можа прыняты кангрэсам ЗША закон аб дапамозе Украіне (ленд-ліз) змяніць характар і вынік расейскай агрэсіі? Як павінна выглядаць маральнае і палітычнае крушэнне пуцінізму і як можа выглядаць новая, дэмакратычная Расея? Наколькі лёс Беларусі залежыць ад вынікаў расейска-ўкраінскай вайны? Гэтыя ды іншыя пытанні абмяркуем з сённяшнім госцем Размовы. У варшаўскай студыі – выкладчык Карлавага ўніверсітэту, эксперт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандр Марозаў"



204 viewsedited  14:39
Адкрыць / каментаваць
2022-04-23 12:00:08 “Расея не альтэрнатыва Захаду, а пародыя”.

Ёсьць такія інтэрвію, якія мне б хацелася, каб прачытала як мага больш людзей. І таму, што ягоны герой – чалавек незацягнуты, ня часта зьяўляецца ў СМІ, і таму што гаворыць ён глыбокія і небанальныя рэчы, пра вайну і літаратуру.

Шчур: «Іхны галоўны вораг — гэта нават не Ўкраіна (якая «здрадзіла» іхнай імпэрыі), а той самы «калектыўны Захад», які яны прадстаўляюць то як NATO, то як «нацыстаў», то як «Гейропу». То бок сёньня Расея сьвядома ўзяла курс у мінуўшчыну, на аднаўленьне халоднай вайны і супрацьстаяньня з Захадам, бо ў гэтым супрацьстаяньні ёй было калісьці ўтульна, яно надавала яе існаваньню сэнс. Самае абсурднае, што Расея імкнецца паказаць сябе як нейкую альтэрнатыву Захаду, пры гэтым яна не альтэрнатыва, а шмат у чым пародыя».

Макс Шчур, беларускі пісьменьнік, які жыве ў Празе, пераможца літаратурнай прэміі імя Гедройця, расказвае, як ён прадчуваў надыход вайны ва Ўкраіне, разважае пра пацыфізм і негвалтоўнасьць, заяўляе, што Расея імкнецца паказаць сябе як нейкую альтэрнатыву Захаду, пры гэтым яна не альтэрнатыва, а пародыя.

https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31814474.html
314 views09:00
Адкрыць / каментаваць
2022-04-21 12:57:48 Украина сталкивает Лукашенко и Путина, радикализация общества в РБ, батальон Калиновского

Быў запрошаны на стрым Эўрарадыё ў Зьмітра Лукашука. 40 хвілін эфіру, якія праляцелі даволі хутка.
Таймкоды з Юцюбу даволі адэкватна адлюстроўваюць тэматыку і галоўныя пункты размовы. Калі ў вас ёсьць “час і натхненьне”) – можаце паглядзець.

Таймкоды: 0:00 Пачатак 2:25 Украіна хоча сутыкнуць Мінск і Маскву? Расія праўда планавала акупацыю Беларусі, калі б Лукашэнка не ўтрымаў уладу ў 2020-м? 9:05 Чаму да гэтага часу Лукашэнка не адправіў войскі ва Украіну? Ці кіруе ён сваім войскам? 12:50 Гэта загад Пуціна знішчыць грамадзянскую супольнасць у Беларусі? 19:20 «Рука Масквы» ў падзеях жніўня 2020 г. 22:50 Радыкалізацыя пратэсту ў Беларусі сёння 30:30 Ці пойдзе батальён Каліноўскага вызваляць Беларусь? 37:35 Калі Украіна ўдарыць па ваенных аэрадромах Беларусі?

Мне самому падаецца, што самая цікавая частка – з 22.50, дзе я разважаю пра вынікі 2020 году і чаму зьяўляюцца ідэі пра нацыянальна-вызваленчае войска.



474 views09:57
Адкрыць / каментаваць
2022-04-19 15:10:13 Навошта Расеі абараняць Лукашэнку, калі ў Менску перамагае “прарасейская” апазыцыя?

Тожа мне, “сенсацыя” – у Расеі ёсьць распрацаваныя ваенныя планы па захопу Беларусі. “Дзіва, што ў дзеда барада сіва”. Калі б мне сказалі, што такіх распрацаваных планаў у іх няма – я б ні за што не паверыў.

Слава Богу, наяўнасьць планаў зусім не азначае абавязковасьць іх выкананьня. Вось Гітлер меў дакладны план высадзіцца ў Брытаніі і захапіць яе. У савецкіх штабах у 1980-я віселі планы, дзе чырвонымі стрэлачкамі абазначаліся ўдары савецкіх танкавых армій па Парыжу і Бону. Расея планавала захапіць Кіеў за 3 дні. Большасьць планаў альбо правальваюцца альбо так і не дачэкваюцца гістарычнага моманту сваё рэалізацыі, застаючыся ў архівах.

Што да захопу Беларусі, то ў гэтай вечнай дыскусіі («Ці ўвяла б Расея войскі, калі б апазыцыя перамагла ў жніўні-верасьні 2020") неяк ігнаруецца адзін істотны момант. Забаўна, як тыя самыя людзі, якія называюць Ціханоўскую і Бабарыка расейскімі стаўленьнікамі ці расейскім праектам – тыя самыя людзі кажуць, што ў выпадку адхіленьня Лукашэнкі гэтай "газпрамаўскай апазыцыяй" Расея гатовая была ўвесьці войскі ў Беларусь. Тааак. А цяпер паспрабуем задумацца, на секундачку – гэта не балюча. Навошта Расеі ўводзіць войскі ў Беларусь, калі там перамагаюць расейскія стаўленьнікі??? Навошта Расеі абараняць Лукашэнку, калі замест яго да ўлады павінны прыйсьці больш паслухмяныя і надзейныя газпрамаўскія лялькі? Аднаго гэтага аргументу (а ёсьць яшчэ і процьма іншых) хапіла б для лагічных і адэкватных людзей, каб назаўсёды закрыць тэму пра Ціханоўскую як стаўленьніцу Крамля.

Увогуле ж «Дакумент» пра тое, што Расея ў 2020-м рыхтавалася захапіць Беларусь, выглядае як вельмі трапны стрэл у інфармацыйнай вайне.

Ягонае зьяўленьне глядзіцца вельмі "своечасовым" на фоне нядаўняга ліста Макея да сусьветнай буржуазіі. Маўляў, «яшчэ раз уявіце, што можа быць, калі ў Беларусі ня будзе Лукашэнкі. Тут адразу будуць рускія танкі». Страшылка, якой Макей палохаў Захад з рознай пасьпяховасьцю доўгія гады.

Але зараз гэта абсалютна не працуе. Бо «тут» і так ужо даўно рускія танкі.
954 views12:10
Адкрыць / каментаваць
2022-04-17 19:27:09 Працяг вайны, які хочуць з двух бакоў

З таго, што нам вядома пра Пуціна -- гэта чалавек даволі нерашучы, схільны да хістаньняў і чужых ўплываў. Як казаў ягоны колішні блізкі сябра банкір Пугачоў, “цяперашняе меркаваньне Пуціна – гэта меркаваньне таго, хто апошні выйшаў з яго кабінета”. Як казаў Няўзораў яшчэ задоўга да вайны – “Пуцін заўсёды паміж барыкадамі, ніколі не становіцца на нейкі бок. Ён стаіць, раставіўшы ногі па абодва бакі барыкады, і таму сваёй машонкай якраз дакранаецца вярхушкі барыкады” (цытую не даслоўна, але блізка па сэнсу . Таксама Пугачоў даволі шмат прыводзіў прыкладаў, як Пуцін не любіць чытаць вялікія тэксты, заўсёды просіць “раскажы мне ў двух словах” (гэта да тэмы пра паўнату інфармацыі, якой ён валодае).

Гэта я да чаго? Да таго, што няма такога, каб Пуцін прыняў рашэньне і прэ як танк. Калі ён сустракае на сваім шляху складанасьці і супраціў, ён спыняецца, аглядаецца вакол, пачынае шукаць і ацэньваць варыянты. А побач зь ім віруе “калектыўны Распуцін”, які мае доступ да цела і мозгу, і члены якога змагаюцца за права пашырыць свой уплыў і схіліць Пуціна ў бок таго ці іншага рашэньня.

Зараз якраз адно з такіх раздарожжаў, калі ўмоўны Крэмль вырашае, што рабіць далей. Працягваць (узмацняць) вайну альбо неяк дэ-факта яе згортваць. Прадставіць народу хоць штосьці ў якасьці “перамогі”, зафіксаваць тое, што захапілі, запатрабаваць адмены санкцыяў у абмен на мір. Нейкі варыянт 2014 году, калі адхапілі частку ўкраінскай тэрыторыі, стварылі там ДНР і на гэтым спыніліся.

“Патрыёты”, дарэчы, дагэтуль ня могуць дараваць Пуціну 2014-ы, кажучы, што тады можна было захапіць палову Ўкраіны без цяперашніх праблем. Гэтая “партыя вайны” (назавем яе такім звыклым вызначэннем) хоча вайны да канца. Гэтыя людзі пішуць звароты да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, заяўляюць пра неабходнасьць масавай мабілізацыі і афіцыйнага абвяшчэньня вайны Ўкраіне (каб можна было законным чынам дасылаць любую колькасьць мабілізаваных на вайну).

І тут парадаксальным чынам памкненьні расейскіх “ястрабаў” супадаюць з памкненьнямі тых, хто хоча развалу Расеі. Справа ў розным разуменьні той самай фармулёўкі “да канца”. Расейскія шавіністы “канец” бачаць у выглядзе сваёй перамогі, а тыя людзі ва ўсім сьвеце, якія прагнуць поўнай, а не частковай паразы Расеі, якраз перакананыя, што “вайна да канца” – менавіта тое, што да разгрому Расеі і прывядзе. У гэтым сэнсе, чым далей працягваецца вайна – тым болей шанцаў на поўны ваенны і эканамічны разгром Расеі.

То бок зараз Расея выбірае: альбо спыніцца недзе на гістарычным моманце лакальнай паразы ў вайне з Японіяй 1905 году – непрыемна, моцны ўдар па прэстыжу, дэманстрацыі ганебнага стану войска і дзяржавы, але не фатальна. Альбо пайсьці далей, у 1914 год, калі сусьветная вайна і яе вынікі разбураць дашчэнту самую дзяржаву, яе эканоміку, палітычную і сацыяльную структуру.
1.0K viewsedited  16:27
Адкрыць / каментаваць
2022-04-14 14:48:55 Ці ўдаецца хутка пераскочыць з стану агрэсара ў стан пераможцаў і як гэта бывала ў гісторыі?

Пагаварылі пра гэта ў Размове на Белсаце з Яраславам Шымавым.

І так, нагадаю вам, што пасьля месяца зьвязаных з вайной эфірных зьменаў Размова вярнулася і цяпер выходзіць у панядзелак, сераду і пятніцу ў 22 па беларускім часе.

Прызнанне сваёй віны ў агрэсара можа заняць дзесяцігоддзі, лічыць гісторык і аглядальнік рускай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

У праграме #Размова эсперт расказаў, як у гісторыі складваўся лёс пасобнікаў агрэсара, і што было з краінамі, якія спачатку падтрымлівалі Гітлера, але пасля самыя аб'яўлялі вайну нацысцкай Германіі?
01:30 Мусаліні быў скінуты паплечнікамі, а пазней злоўлены і пакараннем смерцю італьянскімі партызанамі 02:30 У Румыніі адбыўся пераварот: дыктатара аддалі пад суд і пакаралі смерцю 03:30 У Фінляндыі Манергейм быў абраны прэзідэнтам рэспублікі 04:45 Ці каралі былых нацыстаў пасля адрачэння ад нацысцкай Германіі? 07:05 Беларусь засталася толькі часткова суверэннай дзяржавай 09:11 Перад Захадам стаіць пытанне: гэта вайна Лукашэнкі і Пуціна ці беларускага і расейскага народаў? 11:42 Ці можна абвінавачваць народ, які змагаўся з рэжымам і прайграў? 13:34 Як справіцца з калектыўнай віной?


1.5K views11:48
Адкрыць / каментаваць
2022-04-11 20:21:17 Для Расеі — гэта вайна Расеі, а для Беларусі — гэта вайна Лукашэнкі, а не Беларусі

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс адказвае на пытаньне, навошта так часта сустракаюцца Пуцін і Лукашэнка, заяўляе, што ў вачах Захаду Лукашэнка ўжо перайшоў чырвоную лінію, і аптымістычна разважае пра будучыню Беларусі.

— У Лукашэнкі гэта не атрымаецца — таму што Захад на гэта ўжо па-іншаму глядзіць ці таму што Масква ня мае ў гэтым ніякага інтарэсу?

— Перш за ўсё таму, што Захад на гэта цяпер па-іншаму глядзіць. Масква нейкі інтарэс будзе праяўляць, бо ў нейкай сытуацыі можна было б Менскам прыкрывацца.
Але на Захадзе ёсьць разуменьне таго, што Лукашэнка наступіў на чырвоную лінію. Можна спрачацца, ці перайшоў ён яе на палову кроку, ці толькі наступіў пальцамі, — але ён яе перайшоў. Сёньняшняму менскаму рэжыму давялося б зрабіць вельмі шмат, каб Захад зноў вырашыў зь ім размаўляць.
Гэта ня значыць, што ў Лукашэнкі няма лабістаў на Захадзе. Яны ёсьць. Яны, канечне, ня так гучна выступаюць, як яшчэ год таму — але яны нікуды не падзеліся. Яны будуць спрабаваць даказваць, што Беларусь трэба адрываць ад Расеі любымі спосабамі. Але мне падаецца, што гэтая палітычная лінія ўжо не пераможа. Я думаю, на Захадзе ўжо прысутнічае разуменьне таго, што рэжым у Менску ня можа лічыцца партнэрам і ня можа быць рукапаціскальным.

https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31797552.html
2.0K views17:21
Адкрыць / каментаваць