2022-01-30 13:36:29
Павел Белавус даслаў яшчэ адзін верш для сваёй дачкі!
КалыханкаКалі ў сонца больш няма моцы быць у небе,
Гарэзлівы святла прамень знік на цёплай глебе.
Выходзіць дзетак сцерагчы з нябёсаў вартаўнік —
Начны вандроўнік летуценны - месяц маладзік.
Ён коцікам дае парады муркаць ля падушкі
І адганяць камарыкаў, што лётаюць над вушкам.
Сабачкам ён паказвае, дзе вартаваць ваш сон,
Каб пабудзіць не завітаў раптоўна нават слон.
Спі маё дзіцятка — побач будзе татка,
А калі ён раптам знік — гэта месяц-чараўнік.
Паклаў тату ўжо спаць і прыйшоў цябе люляць.
Дні змяняюць ночкі — час заплюшчыць вочкі.
А маладзік раскінуў у небе зоркі, як сняжынкі,
Начныя ходзяць матылькі па іх, як па сцяжынках.
І мышкі ціха, пакуль кот мурчыць яшчэ ля вушка,
Палезлі носікі памыць да коціка ў кармушку.
Хай сонную тваю ўсмешку месяц захавае,
Ды перадасць тваёй матулі, што я яе кахаю.
У снах вандруй і сустракай дзівосаў светлых край,
Люблю цябе, маё дзіцятка, баю-баю-бай.
#вершыбелавуса
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
258 views10:36