Get Mystery Box with random crypto!

Суполка беларускіх пісьменнікаў

Лагатып тэлеграм-канала lit_bel — Суполка беларускіх пісьменнікаў С
Лагатып тэлеграм-канала lit_bel — Суполка беларускіх пісьменнікаў
Адрас канала: @lit_bel
Катэгорыі: Палітыка
мова: беларускі
Падпісчыкі: 918
Апісанне з канала

Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.

Ratings & Reviews

4.00

2 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

1

4 stars

0

3 stars

1

2 stars

0

1 stars

0


Апошнія паведамленні 8

2022-07-08 08:13:00
Раніца

Раней за сонца ўстану рана я.
Крылаты золак не прасплю.
Прайдуся сцежкамі крамянымі
ўлюбёная ў сваю зямлю.

Прамчуся за вятрамі гонкімі
па бальшаках зялёных…
Сустрэне луг мяне рамонкамі,
прастор – блакітам лёну.

Барок грыбамі запалоніць:
лісіц – грабі ў ахапку.
Грыб шчыры ў ветлівым паклоне
скідае долу шапку.

Паміж чарніцамі-насмешкамі
згубілася ў гушчэчы.
Унізе пахне сыраежкамі,
а зверху птах шчабеча.

Паабтрасаю росы з голля –
абудзіцца рака.
Абсыпана буйное поле
званочкам жаўрука.

Ліецца песня з-пад блакіту
на маладое жыта,
жывое серабро нібыта,
густой расой абмыта…

Зямля шчырэе і смяецца,
спявае радасць лету.
I можна абысці, здаецца,
за сонейкам паўсвету.

Данута Бічэль

#вершдня
121 views05:13
Адкрыць / каментаваць
2022-07-07 18:29:55
І наўздагон юбілею класіка

#угэтыдзень
125 viewsedited  15:29
Адкрыць / каментаваць
2022-07-07 15:56:21
Зямля

Зямля, цябе люблю аддана і трывала,
Я прытулюся да цябе, як да каханкі;
Хачу цябе аздобіць у вянкі-барвянкі,
Хачу абдараваць цябе нямручай хвалай.

У зеляніне ўся, ў зіхоткасці прыўдалай,
Мне бачны ўсе твае дзівосныя пісанкі,
Мне бачны і братэрства і любові ранкі,
Душа пытае: «Божа мой! Ці ж гэта мала?»

Знікаюць сны балесна пра цябе, зямліца,
Замест вясны і сонца - цёмнасці трывога,
На нівах жа тваіх - каменне і куколле.

І ўзлёт да любасці цяпер ужо не сніцца...
Я не люблю цябе, зямля, пытаю ў Бога:
- Чаму так стала?..
Я ару чужое поле.

1906

Янка Купала

#вершдня
171 views12:56
Адкрыць / каментаваць
2022-07-07 10:33:33
Распачаўся 4 сезон Прэміі Анемпадыстава

Прэмія ўручаецца аўтару ці калектыву аўтараў за найлепшую кніжную вокладку. Мае мэтай падтрымку дызайнераў беларускай кнігі і ўшанаванне памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры Міхала Анемпадыстава (1964-2018).

Дэдлайн падачы заявак - 20 ліпеня (да 22.00 па беларускім часе).

Якія кнігі прымаюцца да ўдзелу і як падаць заяўку, чытайце па спасылцы:
https://budzma.org/news/4-sezon-premii-anempadystava.html
188 views07:33
Адкрыць / каментаваць
2022-07-07 08:01:01
140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы - паэта, драматурга, публіцыста, перакладчыка, класіка беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Нарадзіўся 7 ліпеня 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай воласці — 28 чэрвеня 1942, Масква).

***
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,—
Ўдзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю,—
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.
..

з паэмы "Курган"

#угэтыдзень
246 views05:01
Адкрыць / каментаваць
2022-07-06 15:43:02
Папараць-кветка

Вабяць азёрныя далi
Цiхай вячэрняй парой,
Дзе мы аднойчы шукалi
Папараць-кветку з табой.

Зоры з табой мы лiчылi
Каля азёрнай вады,
Кветкай чароўнай, дзяўчына,
Стала ты мне назаўжды.

Папараць-кветка ўзыходiць,
Папараць-кветка цвіце.
Папараць-кветку знаходзіць
Той, хто з каханай ідзе.

Чыстыя воды купалля,
Лес прыазёрны i луг
Нам падарылi каханне –
Шчасцем азараны круг.

Шэпчуць дрымотныя далi
Голасам птушкi начной.
Папараць-кветку шукалi –
Шчасце знайшлi мы з табой.

Папараць-кветка ўзыходiць,
Папараць-кветка цвіце.
Папараць-кветку знаходзіць
Той, хто з каханай ідзе!

Анатоль Грачанікаў

#вершдня
303 views12:43
Адкрыць / каментаваць
2022-07-06 14:34:05
«Сарматыя» Марыі Мартысевіч выйшла па-польску

У польскім выдавецтве Pogranicze, у білінгвальнай серыі Inicjał выйшла кніга Марыі Мартысевіч «Сарматыя» (пераклад на польскую Багданы Задуры).

У эпісталярнай паэме Марыі Мартысевіч апісваецца гісторыя кахання, якая мела месца невядома калі і невядома дзе. Але яно і няважна, бо «Сарматыя» — гэта таксама гісторыя пра тое, што звычайна здараецца з людзьмі, якія наважыліся быць не такімі, як усе, у любыя часы і ў любой краіне.

«Сарматыя» была абраная «Кнігай году» у 2018 і атрымала Прэмію імя Наталлі Арсенневай у 2019.

Прэзентацыя польскага выдання «Сарматыі» (білінгва - тэкст паралельна па-беларуску і па-польску) адбудзецца 10 ліпеня ў Кракаве ў межах фестываля Мілаша. У Кракаве ўпершыню можна будзе набыць (і падпісаць у аўтаркі) новую кнігу.

10 ліпеня, 15:00, PAŁAC POTOCKICH
249 views11:34
Адкрыць / каментаваць
2022-07-06 12:03:01
Сёння Купалле - амаль сярэдзіна лета!

Плануеце вадзіць карагоды ля вогнішча - будзце асцярожныя! Глядзіце, што пра гэты дзень казалі нашыя продкі:

"Купало абыходзіцца сярод лета перад самым Іванам. Гэто не свято, а так сабе якісь ліхі дзень. У гэты дзень усялякая нечысь мае вялікую моц; усялякія ведзьмы, ведзьмары і знахары ў гэты дзень робяць усялякае ліхо, але не так удзень, як уночы перад Іванам...
Ведзьмы ды ведзьмары ў гэстую ноч паскідаюць з сябе ўсюсенькую адзежу ды так голыя й ходзяць па палёх да па сенажаці, збіраюць там зёлкі розныя, робяць у збожжы закруткі ці перажоны, збіраюць з травы росу, каб цягнуць сабе спор з тых кароў, якія тут пройдуць, ці робляць якія-небудзь іншыя чары.
Ё такія дурні, што ў гэстую ноч ідуць у лес шукаць цвету папераці. Яны не ведаюць, што ліхі не дапусціць іх да таго цвету..."

Аляксандр Сержпутоўскі. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў.

#традыцыі
311 viewsedited  09:03
Адкрыць / каментаваць
2022-07-06 08:18:02
Сёння святкуе свой дзень народзінаў гісторык, архівістка і літаратарка - Наталля Гардзіенка!

Нарадзілася 6 ліпеня 1977 г. у Мінску. Скончыла гістфак і аспірантуру БДУ. Абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Становішча жанчыны-шляхцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст.».
З 2015 года намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Займаецца гісторыяй беларускай эміграцыі.
Аўтарка кніг «Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары» (Мінск, 2004), «Беларусы ў Вялікабрытаніі» (Мінск, 2010), «Рада БНР: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Л. Юрэвічам, Мінск, 2013) і інш.

Віншуем і жадаем плёну!

#угэтыдзень
290 views05:18
Адкрыць / каментаваць
2022-07-05 14:45:47
Слоўнік

Прапануем папоўніць слоўнікавы запас беларускімі словамі, што спатрэбяцца кожнаму, хто бачыў сябе ў люстэрка.
Ад мовазнаўцы Вінцука Вячоркі.

#гаворка
317 views11:45
Адкрыць / каментаваць