Get Mystery Box with random crypto!

Раніца Раней за сонца ўстану рана я. Крылаты золак не прасплю | Суполка беларускіх пісьменнікаў

Раніца

Раней за сонца ўстану рана я.
Крылаты золак не прасплю.
Прайдуся сцежкамі крамянымі
ўлюбёная ў сваю зямлю.

Прамчуся за вятрамі гонкімі
па бальшаках зялёных…
Сустрэне луг мяне рамонкамі,
прастор – блакітам лёну.

Барок грыбамі запалоніць:
лісіц – грабі ў ахапку.
Грыб шчыры ў ветлівым паклоне
скідае долу шапку.

Паміж чарніцамі-насмешкамі
згубілася ў гушчэчы.
Унізе пахне сыраежкамі,
а зверху птах шчабеча.

Паабтрасаю росы з голля –
абудзіцца рака.
Абсыпана буйное поле
званочкам жаўрука.

Ліецца песня з-пад блакіту
на маладое жыта,
жывое серабро нібыта,
густой расой абмыта…

Зямля шчырэе і смяецца,
спявае радасць лету.
I можна абысці, здаецца,
за сонейкам паўсвету.

Данута Бічэль

#вершдня