Get Mystery Box with random crypto!

Мова Дэталёва

Лагатып тэлеграм-канала movananova — Мова Дэталёва М
Лагатып тэлеграм-канала movananova — Мова Дэталёва
Адрас канала: @movananova
Катэгорыі: Мовы
мова: беларускі
Падпісчыкі: 995
Апісанне з канала

Бясплатнае анлайн-вывучэнне беларускай мовы

Ratings & Reviews

3.33

3 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

1

4 stars

0

3 stars

1

2 stars

1

1 stars

0


Апошнія паведамленні 2

2022-04-24 10:01:40 #відэа

Хрыстос Уваскрос! Віншуем праваслаўных вернікаў са святам ды прапануем паглядзець адмысловы фільм, які распавядае пра традыцыі святкавання Вялікадня на Беларусі.



87 views07:01
Адкрыць / каментаваць
2022-04-17 10:01:59 #цікавінкі

Віншуем усіх, хто адзначае Вялікдзень сёння!

Янка Купала
Вялікдзень

Два святы на свеце — ад нівы да нівы:

Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!

Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.

І далей к жыццю з паніжэння і сна!

 

Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў

Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!

Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты

У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!

 

*

Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы.

Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,

А ўспомні-прыпомні, шчасліў, нешчаслівы,

Аб тых, што ў світанні на век адышлі,—

 

Усе костачкі тыя на гонях папарных,—

Жывых, што ў бяспуцці акуццем звіняць...

Прыпомні, дай слова не шчэзнуці марна,

Пачатую справу шырыць, расшыраць!

 

*

Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы

Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.

Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.

І заўтра на поле да сох як адзін!

 

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,

Адвечных не можам пазбыціся слёз...

Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,

Вясна ўжо на свеце,— Хрыстос уваскрос!

 

1909
1.4K views07:01
Адкрыць / каментаваць
2022-03-25 13:00:41 #цікавінкі

Сёння Беларусь адзначае ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларуская Народная Рэспубліка. Галоўныя факты і даты

21 лютага 1918 г. паводле І-й Устаўной граматы БНР Менск упершыню быў абвешчаны сталіцай Беларусі.

9 сакавіка 1918 г. – дата прыняцця Радай БНР Другой Устаўной граматы БНР – фактычна, першай канстытуцыі суверэннай Беларусі.

25 сакавіка 1918 года – дата прыняцця Радай БНР Трэцяй Устаўной граматы БНР, якая абвясціла незалежнасць Беларусі.

3 красавіка 1918 года, дзякуючы руплівасці прафесара Мітрафана Доўнара-Запольскага, у Кіеве была створана першая Беларуская гандлёвая палата, якая ажыццяўляла знешнегандлёвыя дачыненні з Украінскай Народнай Рэспублікай.

5 красавіка 1918 года – Першае таварыства беларускай драмы і камедыі Пастановай Народнага сакратарыята Беларусі было рэарганізавана ў Дзяржаўны тэатр БНР на чале з рэжысёрам Фларыянам Ждановічам.

Травень 1918 г. – заснаванне ў Кіеве і Адэсе першых дыпламатычных прадстаўніцтваў БНР ва Ўкраіне на чале з Паўлам Трамповічам і Сцяпанам Некрашэвічам.

21 траўня 1918 года – герб “Пагоня” быў зацверджаны ў якасці дзяржаўнага сімвала БНР. Беларуская мова ў статуце была абвешчана адзінай дзяржаўнай мовай Рэспублікі.

Чэрвень 1918 года – прафесарам Мітрафанам Доўнарам-Запольскім быў прадстаўлены праект Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Пачала працаваць Урадавая камісія БНР па стварэнні ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта.

Снежань 1918 г. – пачатак фармавання ў Горадні 1-га Беларускага палка.

Травень 1919 года – пачатак арганізацыі надзвычайных дыпламатычных місій БНР у Берліне, Парыжы, Коўне, Рызе, Данцыгу і Капенгагене.

12 ліпеня 1919 года – кіраўніку Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, палкоўніку К. Езавітаву, паводле Пастановы Рады БНР, быў прысвоены вайсковы чын генерал-маёра.

Жнівень 1919 г. – упершыню быў рэалізаваны філатэлістычны праект БНР, які ажыццявіў кіраўнік Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі Кастусь Езавітаў. Было надрукавана каля 5 млн. марак «Асобны атрад БНР» наміналам 5, 10, 15, 50 капеек і 1 рубель. Атрымалася пагасіць значную партыю гэтых марак праз латышскую паштовую кантору ў Марыенбургу. Гэтыя маркі знаходзіліся ў паштовым звароце Латвіі некалькі месяцаў. К. Езавітаў змог зацікавіць беларускімі маркамі еўрапейскіх філатэлістаў. Праз яго было прададзена ў Нямеччыне, Францыі і Чэхаславаччыне паштовых марак на суму ў 200 тыс. нямецкіх марак.

Лістапад 1919 года – у берлінскай друкарні надрукаваны першыя дыпламатычныя пашпарты БНР, якія атрымалі звыш 3 тысяч чалавек.

У лістападзе – снежні 1920 года адбыўся Слуцкі збройны чын, падчас якога два палкі 1-й Слуцкай брыгады БНР супрацьстаялі некалькім дывізіям 16-й савецкай арміі.

Лістапад 1920 года – архітэктарам Лявонам Дубейкаўскім быў створаны праект першай дзяржаўнай узнагароды БНР – “Крыж Пагоні”.

20 лістапада 1920 года – падпісанне першай паўнавартаснай міждзяржаўнай дамовы паміж БНР і Літоўскай Рэспублікай.
1.3K views10:00
Адкрыць / каментаваць
2022-02-23 14:58:18 #тэорыямовы

Поезд ці цягнік?

Амаль драматычнай выглядае гісторыя ўжывання словаў поезд і цягнік у нашай мове. Яшчэ беларускі пісьменнік Хвядос Шынклер (1903 – 1942) у 1928 годзе ў часопісе “Узвышша” пісаў, што слову цягнік не шанцуе. Яно з’явілася яшчэ ў дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры ў значэнні ‘поезд’ і вельмі хутка пашырылася ва ўжытку, часта замяняючы слова поезд, якое многімі ўспрымалася як русізм. Аднак у сярэдзіне 20-х цягнік пачынае ўжывацца таксама ў значэнні ‘паравоз’, бо гэта тое, што цягне (напр., у Беларуска-расейскім слоўніку Байкова і Некрашэвіча), што, паводле Шынклера, прывяло да пэўнай блытаніны. Сам Шынклер, дарэчы, заклікае да ўжывання слова цягнік, як больш натуральнага для беларускай мовы.
Каб пазбегчы блытаніны, у 30-ыя гады зноў пачынаюць у актыўны ўжытак вяртаць слова поезд, супольнае з рускай мовай. І шыльды 20-ых гадоў “Сьцеражыцеся цягніка” ў 30-ыя мяняюць на “Сьцеражыцеся поезда”.
Аднак слова цягнік усё ж працягвае ўжывацца паралельна са словам поезд. У 1979 годзе на старонках газеты “Звязда” з’явіўся палемічны артыкул Кандрата Крапівы “Ці будзем мы ездзіць па левым баку?”, дзе ён, у тым ліку, крытыкуе ўжыванне слова цягнік замест поезд. Крапіва піша: “…сам поезд з’явіўся значна раней, чым слова цягнік, якое пачалі ўжываць, калі не памыляюся, недзе ў дваццатыя гады. Гэта – калька, утвораная па ўзору польскага поцёнг, чэшскага влак, нямецкага цуг. А слова поезд беларусам не цяжка было засвоіць, бо яно, толькі з іншым націскам (паязд) было ў народнай мове і да з’яўлення чыгункі. Гэта слова мае зборнае значэнне і азначае прылады для язды – калёсы, сані. А яшчэ – вясельны картэж, калі маладыя ехалі да вянца або з вянца. Таму слова поезд лёгка ўвайшло ў літаратурую мову. Дык хто ж мае права, фігуральна кажучы, сцягваць аўтара з поезда і садзіць на цягнік!”
На гэтую заяву акадэміка ў адкрытым лісце «Мова – гоман векавога бору…» адказаў Максім Лужанін (дарэчы, ліст тады так і не быў апублікаваны па рэкамендацыі ідэалагічных цэнзараў). Лужанін спрачаецца з Крапівой і, перафразуючы ягоны жарт, піша “няма падстаў сілком сцягваць аўтараў з цягніка і ўсаджваць іх змусам на поезд”.
Вяртаючыся да слова поезд, адзначым, што яно мае ўсходнеславянскае паходжанне і ў народнай мове сустракаецца ў варыянце пая́зд у значэнні ‘вясельны картэж’ (у Купалы – “Паязджане”; Ул. Караткевіч, Зямля пад белымі крыламі”: Пасля конны паязд накiраваўся ў вёску жанiха … “Як жэняцца ў Альшанах”, Салідарнасць, 4 снежня 2014: Вясельны  паязд  маладых складаўся з чорных BMW).  Паязд таксама сустракаецца і з больш шырокім значэннем ‘некалькі павозак, саней і пад.’, не абавязкова вясельных (Ул.Караткевіч, “Хрыстос прызямліўся ў гародні”: З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя; “Каласы пад сярпом тваім”: Павольна поўз да Загоршчыны санны паязд.).

Слова цягнік прыйшло ў нашу мову ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў з польскай (ад ciągnik, pociąg), дзе было калькай з нямецкага Zug.
Такім чынам, сёння маем у мове абодва словы: цягнік і поезд. Прычым часта яны ўжываюцца паралельна, як на беларускай чыгунцы. На вакзальных шыльдах сустракаем слова поезд, а на сайце беларускай чыгункі – цягнік.
У метро сустракаем паязды
Аднак можна сцвярджаць, што слова поезд ужываецца сёння ў больш шырокім значэнні, чым цягнік: напр. аўтапоезд, вясельны поезд. А вось калі мы кажам пра чыгуначны транспарт, то ў жывой мове часцей сустракаем слова цягнік.

Ёсць яшчэ і слова рускага паходжання састаў. Адрозненне цягніка ад састава заключаецца ў тым, што цягнік – гэта чыгуначны састаў, якому нададзены нумар, пазначаны галава і хвост, і ён рухаецца з дапамогай лакаматыва і/ці маторнага вагона.
417 views11:58
Адкрыць / каментаваць
2022-02-21 13:06:28 #цытаты

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

12 выказванняў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна пра беларускую мову (падборку зрабіў літаратуразнаўца Сяргей Шапран)


* * *

Яшчэ ў Бібліі сказана: «Напачатку было слова». Я сябе адчуваў і адчуваю чаляднікам у беларускай паэзіі. Без мовы я — нішто. Без мовы я і ў краму не магу пайсці, не гаворачы ўжо — пісаць. Мова — гэта і паветра, і бярвенне ці цэгла, з якой будуецца хата ці палац паэзіі. Няма мовы — няма паэта. Я ўсё жыццё абапіраўся на беларускую мову, на яе вушацкі варыянт, таму што ён для мяне самы блізкі, ён нейкі некрануты, першародны па чысціні сваёй. Мова — гэта мая апора.

* * *

Калі сказаць чэсна, дык я — чорнарабочы беларускай мовы, беларускага духу. Я ўсё раблю дзеля таго, каб надалей працягнуць існаванне беларускай мовы, каб беларусы ўспомнілі сваю мову, каб адчулі яе. Яна ж зусім знівеліравана, асабліва ў слоўніках Крапівы, дзе яна поўнасцю русіфікавана. Дык вось хачу, каб беларусы ўспомнілі свае карані, сваю мову…

* * *

Усё-ткі я ўсё жыццё жыў і жыву словам, а не са слова. Беларускае слова для мяне — абсалютна ўсё: я ім дыхаю, я ім бачу, я ім гавару, я ім жыву, я ім хаджу. Я не ўяўляю сябе без беларускага слова. Адабраць яго ад мяне — я буду нямы, глухі і нерухомы. Я буду мёртвы.

* * *

Нацыянальная ідэя — гэта свабоднае развіццё беларускай нацыі на падставе сваіх нацыянальных асаблівасцяў, беларускага менталітэту і, безумоўна, беларускай мовы, таму што без мовы не можа быць нацыі.

* * *

У нас, безумоўна, самае галоўнае пытанне — захаванне беларускасці, што значыць — захаванне беларускага духу, беларускай мовы.

* * *

Адметная асаблівасць беларускай літаратуры заключаецца ў тым, што літаратура асацыіруецца ў нас з мовай: калі літаратура падтрымлівае мову, дык і мова падтрымлівае літаратуру. Зрэшты, гэта падтрымка двух жабракоў.

* * *

Мне не дае спакою вынішчэнне ўсяго беларускага, якое адбываецца проста на маіх вачах… Я не магу гэта перажыць, не магу… Невыпадкова я калісьці напісаў: «Хаця б памерці давялося У беларускай Беларусі…» Я ўсё-ткі гаспадар гэтай зямлі, я сын гэтай зямлі, але адчуваю сябе тут абарыгенам… Мне вельмі даспадобы гэты геніяльны ясенінскі радок: «В своей стране я словно иностранец», — памятаеце? Я пераклаў яго: «Я ў родным краі, як іншакраінец…»

* * *

Нельга так пра сябе гаварыць, але я занадта беларус. Нават занадта. Па сваім светаўспрыманні я сябе не беларусам не ўяўляю. Іначай я быў бы загінулым чалавекам. Я не ўяўляю сябе за межамі Беларусі і за межамі беларускай мовы, культуры. Інакш мяне проста не было б. І калі ёсць ува мне што добрае, дык гэта ў тым ліку дзякуючы беларускасці.

* * *

Бог усё-ткі любіць Беларусь, таму што ў самыя крытычныя моманты, калі здавалася, што ўсё знікае, Ён пасылае такіх вось асобаў. Калі б не было такіх постацяў, як Купала, Багдановіч, Караткевіч і як Быкаў, безумоўна, ужо не было б ні беларускай мовы, ні самой нацыі.

* * *

Бог выпрабоўвае нас на выжыванне, на выжыванне нашай мовы, і Бог усё-ткі нас любіць, таму што не дае канчаткова знішчыць нас. І ўсе спадзяванні, што Бог гляне на нас больш ласкавым вокам.

* * *

Безумоўна, калі вернецца павага да мовы, дык вернецца і мова, як гаспадыня за стол духоўнасці.

* * *

Нябыт абыякава ўсё праглыне.

Я цешыцца

Марнай надзеяй гатовы,

Што нехта захоча

Сказаць пра мяне:

Ён быў на паслугах

У матчынай мовы.
508 views10:06
Адкрыць / каментаваць
2022-02-18 10:16:31 #цікаваеслова

ТО́ЕСНЫ (аднолькавы, падобны)

Прыклад: Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына - тоесныя паняцці.
302 views07:16
Адкрыць / каментаваць
2022-02-14 13:32:03 #цікавінкі

Прымаўкі і прыказкі пра каханне

Хто каго кахае, той таго й чапае.
Хто каго любіць, той таго чубіць; Хто каго любіць, той таго і прыгалубіць.
Сілаю не быць мілаю.
Да каханка ішла то ўсё скачучы, а дахаты то ўсё плачучы.
Хіба чорт задумаў гэтыя залёты: ані ўночы сну, ані ўдзень работы.
Каб той марна здох, што любіць разам двох.
Кахаў Ганулю, ды ўзяў дулю.
Кахаў Ядвігу, ды далі фігу/хвігу.
Відаць па вочках, хто ходзіць уночках.
Любі Якава, ды не ўсякага.
Цяжка ўздыханне — далёка каханне.
Хоць пад лаўкаю пасяджу, а на любага пагляджу.
Хоць у шалашы, абы мілы на душы.
Хоць у будане жыць, абы з каханым быць.
423 views10:32
Адкрыць / каментаваць
2022-02-14 11:00:59 #слоўнік

16+

Да Дня Святога Валянціна - слоўнік па тэме "“Каханне і секс” (складзены Людмілай Шчэрба)

Каханне – рамантычныя пачуцці і адносіны паміж асобамі супрацьлеглага полу = любасць; любоў – пачуццё адданасці, прыхільнасці да Радзімы, бацькоў, мужа (жонкі), дзяцей.

Каханне: сапраўднае (рус. настоящее), моцнае (сильное), шчырае (искреннее), узаемнае (взаимное), шчаслівае, вечнае, чыстае

каханы, каханая = любы, любімы; любая, любімая

каханак, каханка / палюбоўнік, палюбоўніца – рус. любовник, любовница

секс – усё, што адносіцца да праяваў і задавальнення полавай цягі, пачуццёвая жарсць

СПАЧАТКУ ЎЗНІКАЕ

Замілаванне – рус. умиление

Захапленне – рус. восхищение, увлечение

Любасць – рус. привязанность

закаханасць – рус. влюблённость

пяшчота – рус. нежность

адданасць – рус. преданность

улюбёны = любімы

ПОТЫМ АДЧУВАЕШ

(пры)вабнасць – рус. привлекательность

спакуса – рус. искушение

жаданне – рус. желание

цяга – рус. влечение

прага = цяга, жаданне

палкасць – рус. пылкость, страстность

жарсць = страсць.

Жарсць: выбуховая(рус. взрывная), палымяная (пламенная), гарачая, апякальная (обжигающая), шалёная (шальная, бешеная, безумная),пякельная (нестерпімая, адская); спаталяць жарсць (утолять страсть)

Пал = страсць; рус. накал

Шал – рус. одурь, безумие

І ПАЧЫНАЮЦЦА

заляцанні = залёты – рус. ухаживания, флирт; заляцацца да… – рус. заигрывать с…

гуллівы – рус. игривый

пачуццёвы, адчувальны – рус. чувственный

юрлівы = пажадлівы = ласун = жыгун –рус. похотливый, сладострастный; юр– рус. похоть

залётнік – рус. ухажёр, волокита

І ЗБЛІЖЭННЕ

Дыханне – рус. дыхание

Дотык – рус. прикосновение

пацалунак = буська, бусяк–рус. поцелуй; цалаваць, урэзаць бусяка

лашчыць = песціць – рус. ласкать, нежить (гэта дзеяслоў)))

кахацца = любошчы, мілошчы – рус. любить друг друга

шлюб – рус. брак; пабрацца шлюбам з…/узяць шлюб з…/ажаніцца з… – рус. жениться на…/выйти замуж за…/вступить в брак

НАЙМЕННІ

вусны = губы

грудзі = цыцкі; смочкі = музкі – рус. соски

чэлес = пеніс; рус. член (чалец – арганізацыі, член – сказа); яйчыкі / яйцы = ядры

вагіна = весялушка (нар. Случчына); губы; ласкацень = клітар; похва = скарбніца = кашалёк– влагалище (похвы = ножны), улонне – рус. лоно

БЯЛІЗНА

майткі (стрынгі, танга…) – рус. трусики

станік – рус. лифчик; бюстгальтер

панчохі –рус. чулки
456 views08:00
Адкрыць / каментаваць
2022-02-10 15:29:49 #тэорыямовы

Мова паліткарэктнасці

У мове паліткарэктнасць перадусім рэалізуецца праз выкарыстанне эўфемізмаў і так званых фемінізмаў (фемінітываў). Эўфемізмы — словы і выразы, якія служаць моўцы для замены грубых, непрыстойных, рэзкіх словаў і выразаў, што выклікаюць непрыемныя асацыяцыі: не мярцвяк, а нябожчык; не стары, а чалавек сталага веку, не дурань, а недалёкі чалавек, зорак з неба не хапае г.д. Пра прыроду эўфемізмаў можна пачытаць тут:
http://www.movananova.by/zaniatki/leksika-spachyc-zasnuc-addac-bogu-dushu-2.html.

Трэба сказаць, што і ў Савецкім Саюзе таксама існавалі свае эўфемізмы (новамова), мэтай якіх, праўда, было не змякчэнне абразлівых выразаў, а маніпуляцыя свядомасцю людзей, вуаляванне агрэсіўных намераў дзяржавы, замоўчванне сацыяльных праблем, для чаго рэчы не называліся сваімі сапраўднымі імёнамі. Напрыклад, перабоі з харчаваннем і іншымі таварамі зваліся часовымі цяжкасцямі, сацыяльныя праблемы — асобнымі недахопамі, гвалтоўная калектывізацыя, галадамор, расстрэлы — перагібамі на месцах. Сёння таксама мы сутыкаемся з падобнымі эўфемізмамі: неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў замест крадзежвыкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу замест злоўжыванне службовым становішчам і г.д.
Што да фемінізмаў, дык пад імі ў мове сёння разумеюць жаночыя назвы прафесій, спецыяльнасцяў, сацыяльных роляў: дырэктарка, менеджарка, фатографка. Часам, хоць пакуль і досыць рэдка, пры ўзгадванні ў тэксце назва прафесіі без вызначэння асобы (а звычайна гэта назоўнік мужчынскага роду), сустракаем паліткарэктнае напісанне праз злучок: доктар-ка, рэдактар-ка, напрыклад: “У часопіс… патрабуецца рэдактар-ка і карэктар-ка”, а не традыцыйнае “рэдактар і карэктар”.

Такім чынам, мэта ўжывання паліткарэктных словаў і выразаў зразумелая — пазбегчы вербальнай дыскрымінацыі асобных груп насельніцтва паводле нацыянальнасці, расы, гендару, узросту, здароўя, сацыяльнага і матэрыяльнага статусу і пад. Сучасная з’ява паліткарэктнасці пашырылася спачатку ў ЗША, а потым і ў Заходняй Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя. У Амерыцы, напрыклад, наступным чынам адбываўся рух ад непажаданай назвы негры да паліткарэктнай афраамерыканцынегры — нябелыя — каляровыя — чорныя — меншасць — амерыканцы афрыканскага паходжання — афраамерыканцы (negroes — non-whites — colored — blacks — minority (group) — African Americans — Afroamericans). Тую ж самую тэндэнцыя назіраем і з індзейцамі: індзеец — карэнны амерыканец — першая нацыя. У шведскай мове ў 2015 годзе да займеннікаў han (ён) і hon (яна) быў афіцыйна дададзены гендарна карэктны займеннік hen для трансгендараў або людзей, якія не вызначыліся канчаткова са сваім гендарам.
У 21 стагоддзі мова паліткарэктнасці пачала пашырацца і ў нашай краіне, аднак дасюль з’яўляецца значна больш абмежаванай, чым у Заходнім свеце.

Да сфераў, дзе сёння найбольш пашырана мова паліткарэктнасці, належаць:

Сфера сацыяльна слабых, дыскрымінаваных груп насельніцтва: людзі з інваліднасцю, людзі з абмежаванымі магчымасцямі замест калекі, інваліды (прапануем зрабіць тэст на тэму інклюзіўнасці з партала tut.by: https://news.tut.by/culture/669842.html ); сеньёры замест старыя людзі; карэкцыя полу замест змена полу; інтэрсексуал замест гермафрадыт і г.д. Дарэчы, ужыванне выразу парэформавы правапіс ці афіцыйны правапіс таксама з’яўляецца паліткарэктным выразам у параўнанні са словам наркамаўка.
Сфера назваў прафесій і спецыяльнасцяў: менеджар па продажах замест прадавецработніца сферы сескуальных паслуг замест прастытуткааўтарка, блогерка замест аўтарблогер, калі гаворка ідзе пра жанчыну.
Сфера сэрвісу і рэкламы, дзе, напрыклад, у індустрыі прыгажосці слова атлусценне замяняецца выразам лішняя вага, пахудзенне — карэкцыя вагі; пазбаўлення ад зморшчын — ліфтынг і г.д.
344 views12:29
Адкрыць / каментаваць
2022-02-08 11:00:53 #відэа

8 лютага нарадзіўся беларускі пісьменнік Іван Мележ, якога большасць з вас ведае як аўтара рамана "Людзі на балоце".

Каму цікава даведацца болей пра жыццё і творчасць Івана Мележа - глядзіце гэты дакументальны фільм.



456 views08:00
Адкрыць / каментаваць