Get Mystery Box with random crypto!

Аднойчы я крочыў па восеньскім лесе, Зьбіраючы фарбы сабе на п | Zhubleny Lichtaryk

Аднойчы я крочыў па восеньскім лесе,
Зьбіраючы фарбы сабе на палітру.
Раптоўна заўважыў пад коранем літару,
Што не існуе ні ў адным альфабэце.

Я доўга ня мог зразумець, а навошта
Мне літара зь дзіўнай няведамай мовы.
Пытаўся вучоных людзей, а ці можна
Ужыць яе ў нейкім прыдуманым слове.

Ніхто мне ня мог адказаць на пытаньне.
Казалі, што гэта пустыя забавы.
Казалі, ніколі ня даць мне зь ёй рады,
Казалі, яна наклікае закланьне.

Тады я вярнуўся назад да карэньня
Ў спадзеве знайсьці там парэшткі, аскепкі
Таго, што дадась мне крыху разуменьня.
Але там таксама ніводнай зачэпкі.

І, каюся, ў сумны ды роспачны момант
Ёй здрадзіў ды кінуў я літару долу.
Але ўжо забыцца ніколі ня здолеў,
Хаця праміналі і тыдні, і годы...

І вось я вярнуўся, у самае жніва,
У лес, зь якім зьвязана столькі ўспамінаў.
Я крочыў углыб, я глядзеў - і о дзіва!
Расьлі мае літары з кожнай галіны.

Пачаў я зьбіраць іх у плецены кошык.
Адну да адной, асьцярожна, рупліва,
Нібы выбачаясь за тое, што была,
Удзячны за плённы у рэсьце рэшт пошук.

І неяк адвольна зьявіліся словы,
І неяк раптоўна зьявіліся сказы,
І неяк чароўна зьявіліся вершы
Ад літары роднай. Ад літары першай.