Get Mystery Box with random crypto!

Доўгі шлях немінуча ідзе праз ноч, Дзе зьнікаюць агні ў апраме | Zhubleny Lichtaryk

Доўгі шлях немінуча ідзе праз ноч,
Дзе зьнікаюць агні ў апраметным змроку.
Ты ня збочвай, а ўпэўнена прама кроч,
Калі бачыш дарогу каціным зрокам.

За тобою йдуць тыя, хто заблукаў.
На цябе азіраюцца, хто ня ведаў,
Дзе ляжыць наш нябачны супольны шлях.
Гартуй моц ды бясстомна ідзі наперад,

Не спыняйся на ростанях, у карчмах.
Вельмі лёгка кідацца з усім імпэтам
Ды высільвацца дзеля агульных спраў,
Як ня маеш ніякіх уласных мэтаў.

Не сьпяшайся, зважай на людзей наўкол.
Заўважай кожны твар, што паўстане поруч.
Цеплыня замяняе сабой сьвятло
Ў невыказна глухую начную пору.

"Дапаможаш чужым - адгукнецца лёс", -
Паўтараюць вандроўнікі вечнай мантрай.
Вельмі лёгка аддаць да астатку ўсё,
Як ня ведаеш, ці то настане заўтра.

І калі зрабіць трэба апошні крок,
Твой заплечнік пусты, ты стаіш самотны,
І жадаеш, каб зноўку вярнуўся змрок.
Адчуваньне
Сваёй
Свабоды.