Get Mystery Box with random crypto!

З гушчароў, дзе ня бачна неба, Зь белых хваляў імклівых рэчак, | Zhubleny Lichtaryk

З гушчароў, дзе ня бачна неба,
Зь белых хваляў імклівых рэчак,
З урадлівай пяшчотнай глебы
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

З чорнай роспачы ды адчаю,
Зь несьціхаючых гучных спрэчак
Мы вяртаемся да пачатку.
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

Зь недасяжнай глыбі натхненьня,
Зь першых позіркаў закаханых,
З дасканалага разуменьня
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

Ад чырвонай крыві й пажараў,
Са зьмярцьвела пустога стану,
Ад ракетнага гуду ў хмарах
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

Я вяртаюся да нармальнасьці,
Дзе пачуцьці пазьбеглі моды.
Не глядзець або прызвычаіцца
Шмат прасьцей як шукаць свабоды.
Я вяртаюся да нармальнасьці
І ня ведаю, ці прымушана.
Скамянець або прызвычаіцца
Ёсьць законам
Непарушным.

І ад вершаў, што не пабачаць,
І з кашмараў, што не забудзеш,
І са шчырых размоваў нашых
Мы вяртаемся
Ў абыякавасьць...