Get Mystery Box with random crypto!

Праект Прамень Асьветы зрабіў у інстаграме допіс („Зварот да а | Салавейка

Праект Прамень Асьветы зрабіў у інстаграме допіс („Зварот да абітурыентаў і студэнтаў Беларусі“) пра тое, што мы можам зрабіць для таго, каб зьявілася магчымасьць навучаньня па-беларуску.

Цытуем:

У Беларусі:
- 51 вышэйшая навучальная ўстанова
- 27 каледжаў

Сярод йіх няма ніводнага беларускамоўнага ўнівэрсытэту й ніводнага беларускамоўнага каледжу.

Гэта значыць, што ў Беларусі ўся адукацыя пасьля школы ажыцьцяўляецца толькі па-расейску. Выпускнікі беларускамоўных школ і гімназіяў таксама вымушаныя вучыцца па-расейску.

Мы ўсё жыцьцё навучаліся па-расейску, таму шмат каго цяпер могуць адольваць такія страхі: мне будзе цяжка, я не змагу засвойіць праграмы й нічога не зразумею, у мяне будуць дрэнныя адзнакі й я не атрымаю стыпэндыі...
Гэтыя думкі натуральныя й нармальныя.

Аднак баяцца ня варта, бо можна й трэба зрабіць так, каб пераход на беларускую мову ня быў для студэнтаў/вучняў страшэнным стрэсам, а, наадварот, стаўся прыемным і цікавым працэсам.

Мы можам паказаць кіраўніцтву ўстаноў адукацыі, што:

1. Попыт на беларускую мову йснуе;

2. Людзі хочуць навучацца акурат па-беларуску (ня толькі на філялягічных і гістарычных напрамках, а й на йіншых таксама);

3. Ёсьць патрэба:
- у вадкрыцьці беларускамоўных груп, плыняў, клясаў, гурткоў;
- у беларускамоўнай літаратуры для навучаньня.


Кодэкс аб адукацыі РБ. Артыкул 90.

Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучаньня й выхаваньня на адной зь дзяржаўных моў і стварае ўмовы для ажыцьцяўленьня гэтага права.

Права грамадзян на выбар навучаньня й выхаваньня на адной зь дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забясьпечваецца разьвіцьцём сеткі ўстаноў адукацыі (клясаў, груп, плыняў) зь беларускай і расейскай мовамі навучаньня й выхаваньня, выданьнем літаратуры, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў на беларускай і расейскай мовах.

Шаноўныя абітурыенты!

Калі вы хочаце навучацца па-беларуску, калі ласка, пры падаваньні дакумэнтаў у заяве на ймя кіраўніка ўстановы адукацыі (рэктара/дырэктара) адзначце гэтае вашае жаданьне.

Калі скажуць, што нельга такое пісаць у заяве, бо яна мусіць быць пэўнай хормы, то папрасеце йіншы аркуш, напішэце сваё жаданьне на йім. Афармляць яго трэба, як і асноўную заяву. Папрасеце прыймовую камісію праверыць афармленьне й прыняць гэты аркуш як дадатак да асноўнае заявы.

Шаноўныя студэнты!

Калі вы хочаце навучацца па-беларуску, то таксама заклікаем вас напісаць заяву (можна супольную) на ймя кіраўніка вашае ўстановы адукацыі.

У заяве варта адзначыць вашае жаданьне навучацца па-беларуску й просьбу стварыць для гэтага ўмовы (прыкладам, адкрыць беларускамоўныя групы і/або даць дазвол на стварэньне студэнцкіх беларускамоўных гурткоў, мэта якіх — пашырэньне беларускае мовы, дапамога адно аднаму ў вывучэньні беларускае мовы).

Цяжка сказаць, ці змогуць бліжэйшым часам там нарэшце пачуць нашыя шчырыя супольныя жаданьні, але мы павінны паспрабаваць і зрабіць усё магчымае, каб нашая мова жыла й квітнела ня толькіх у нашых сэрцах, а й ва ўсіх установах адукацыі таксама!

Будзем удзячныя за зваротную сувязь, камэнтары й пашырэньне гэтага допісу!

Наступнымі допісамі праект Прамень Асьветы падзеліцца парадамі для беларускамоўных вучняў, студэнтаў і ўсіх, хто толькі пачынае свой шлях да беларускае мовы, таму заклікаем падпісацца й сачыць за навінамі :)