Get Mystery Box with random crypto!

Вымаўленьне І, Ы Андрэй Каляда. Беларускае літаратурнае вы | Салавейка

Вымаўленьне І, Ы

Андрэй Каляда. Беларускае літаратурнае вымаўленьне

• лічбы пасьля — час гучаньня некаторых прыкладаў на гукавым запісе
• у квадратных дужках — [...] — пазначаюцца гукі


1. Галосны гук і — [ і ] — у пачатку слова ў хормах займеньнікаў вымаўляецца як спалучэньне нескладовага [ й ] з галосным [ і ] → [ йі ] :

0:51

• íх — йíх • íхні — йíхні
• íм — йíм • íншы — йíншы

На жаль, у йісных правілах клясычнага правапісу пазначэньне на пісьме гэтае адметы беларускага вымаўленьня не зафіксаванае, але й нічога не перашкаджае яе адлюстроўваць, таму акурат з гэтага моманту буду старацца ўсюды яе пазначаць


2. Такое ж вымаўленьне — [ йі ] — будзе і ў тым выпадку, калі галосны [ і ] стаіць у сярэдзіне альбо на канцы слова пасьля галоснага:

1:07

• краíна — крайíна
• ручаíна — ручайíна
• тваíх — твайíх
• сваíх — свайíх
• у мáі — у мáйі
• у родным крáі — крáйі
• у бярозавым гáі — гáйі
• паíць — пайíць
• стаíць — стайíць


3. Калі пасьля слова, якое сканчваецца на галосны, няма паўзы або яна кароткая, + няма знаку прыпынку, ненаціскны [ і ] вымаўляецца як нескладовы [ й ] або як [ йі ].
Гэты гук трэба вымаўляць не выразна, а як быццам хуценька праглынаць яго, а галоўную ўвагу аддаваць акурат націскному галоснаму:

1:33

• паслалі да Івáна — паслалі да Йвáна, [дайівáна]
• вазьмі іголку — вазьмі йголку, [вазьмі йіголку]
• дарога на Івацэ́вічы — дарога на Йвацэ́вічы, [дарога на йІвацэ́вічы]
• па іржы́шчы — па йржы́шчы, [па йіржы́шчы]


4. Злучнік і часьціца і пасьля слова на галосны, калі няма працяглай паўзы й/ці знаку прыпынку, вымаўляецца (і пішацца паводле „тарашкевіцы“) як нескладовы [ й ] :

1:57

• збяруся і пайду — зьбяруся й пайду
• бацька і сын — бацька й сын
• баба і дзед — баба й дзед
• зямля і неба — зямля й неба

Дадатак да п. 3 і 4.
Паводле граматыкі Б.Тарашкевіча:

„Пачатковае і (як і у) заўсёды скарачаецца пасьля галосных, калі перад йім няма знаку прыпынку. Й і Ў могуць быць вялікія:
• яна йдзе́, не йснуе, пра Йва́на, на Йвацэ́вічы
• да Ўладзя, не ўратуе

Дапускаецца не скарачаць:

1) Калі й цяжка вымавіць:
спусьцілася імгла́, праела іржа́, на ігры́шча… (але можна й так: спусьцілася ймгла й г.д.)

2) Калі зумысьля падае націск на і :
ён яго і корміць, і поіць… (але можна й так: ён яго й поіць, і корміць…) “

Злучoк і двукосьсе ня ёсьць знакамі прыпынку й на правапіс й і ў не ўплываюць: рыба-ўюн, беларуска-йранскі, „Паўлінка“ й „Тутэйшыя“ ў нашым тэатры.

Калі побач стаяць І ды У, скарачацца можа як І, так і У.
У гэтым выпадку напісаньне залежыць ад вымаўленьня.
Прыкладам, можна вымавіць і напісаць Янка і Ўладзь ( ), а можна — Янка й Уладзь ( ).
Абодва напісаньні правільныя.
Нельга толькі напісаць Янка й Ўладзь ( ), бо Ў скарачаецца толькі пасьля галосных, а Й — гэта зычны гук.


5. Галосны [ і ] пасьля слоў, якія заканчваюцца на цьвёрды зычны, вымаўляецца як [ ы ] :

2:29

• ён ішоў — ёнышоў
• герб і сцяг — герпысьцяг
• сын і бацька — сыныбацька
• дзед і баба — дзедыбаба


6. У складаных словах пасьля цьвёрдага зычнага галосны [ і ] вымаўляецца як [ ы ] (+ пішацца паводле „тарашкевіцы“) :

2:29

• міжінстытуцкі — міжынстытуцкі
• медінстытут — мэдынстытут
• бортінжынер —бортынжынэр

#тэорыя #вымаўленьне #тарашкевіца