Get Mystery Box with random crypto!

Тэма 2. Асыміляцыйная мяккасьць Моўнік. Асыміляцыйная мякк | Салавейка

Тэма 2. Асыміляцыйная мяккасьць

Моўнік. Асыміляцыйная мяккасьць — пад пагрозаю

У беларускай мове мяккія зычныя гукі могуць перадаваць сваю мяккасьць гукам, што стаяць перад імі. Гэтая зьява называецца „асыміляцыйная мяккасьць“.

Нагадаю:
На пісьме мяккасьць пазначаецца празь мяккі знак.
Мяккія будуць тыя зычныя, за якімі йдуць І, Е, Ё, Ю, Я, Ь.
Цьвёрдыя будуць тыя зычныя, за якімі йдуць А, О, У, Ы, Э.

* У слове вецер — гукі В’ і Ц’ мяккія, то бо асобна яны гучаць мякка: вь і ць.

* У слове воцат — гукі В і Ц цьвёрдыя, то бо асобна яны гучаць цьвёрда: в і ц.


У зьяве асыміляцыйнай мяккасьці бяруць удзел, то бо зьмякчаюцца перад наступнымі мяккімі гукамі, сьвісьцячыя гукі З, С, ДЗ, Ц.


Правіла 1 (адпавядае вымаўленьню).
Пасьля 3, С, ДЗ, Ц пішацца Ь перад мяккімі зычнымі, апроч мяккіх Г, К, Х:

• Пе́сьня, сьне́г, цьвёрды, цьвíк, разьвíць, зьме́й, дзьве́ры, дзьве́.
Згíнуць, ске́міць, схілíць.

Для прыкладу возьмем словы, напісаныя паводле афіцыйных правілаў ЗМЕЙ, СЦЯГ, ДЗВЕРЫ, ЦВІК, і паспрабуем зразумець, як у іх адбываецца зьмякчэньне (асыміляцыя) зычных.

1. У слове змей: мяккі М’ (мь) уплывае на З і робіць яго таксама мяккім — зьмей.
2. У слове сцяг: мяккі Ц’ (ць) уплывае на С і робіць яго таксама мяккім — сьцяг.
3. У слове дзверы: мяккі В’ (вь) уплывае на ДЗ і робіць яго таксама мяккім — дзьверы.
4. У слове цвік: мяккі В’ (вь) уплывае на Ц і робіць яго таксама мяккім — цьвік.


У выпадку са зьбегам зычных мы заўсёды пачынаем глядзець ад галоснага й зьмякчаем усе зычныя, што стаяць перад ім (то бо рушымся ад галоснага ўлева).

Напрыклад, разьбяром слова СЦВЕРДЗІЦЬ, у якім мы бачым зьбег зычных СЦВ + Е.

Спачатку мяккі В’ (вь) уплывае на Ц і робіць яго таксама мяккім → сцьве-, → а мяккі Ц’ (ць) уплывае на С і яго таксама і робіць мяккім → сьцьве-. То бо адзін мяккі зычны В’ (вь) зьмякчыў два папярэднія гукі С і Ц — сьцьвердзіць.


Памякчэньне пашыраецца й на прыназоўнікі З, БЕЗ/БЯЗ, ПРАЗ, ЦЕРАЗ:

• Зь ве́рху, зь ся́брам, безь зямлí, бязь ме́сяца, празь ле́с, це́разь Пíну.
З гекта́рам, з кíві, бяз хíтрыкаў.

Разьбяром некалькі прыкладаў.

1. З верхаліны: мяккі В’ (вь) уплывае на З і робіць яго таксама мяккім — зь верхаліны.
2. Без дзяцей: мяккі ДЗ’ (дзь) уплывае на З і робіць яго таксама мяккім — безь дзяцей.

Перад цьвёрдымі зычнымі зьмякчэньня не адбываецца:

• Свабо́да, праз ву́шы, сто́л, бяз на́с, з тэ́й дзяўчы́най, з Ры́мам, з сы́нам, спыта́ць, расцалава́ць, бяз джа́ла, з го́нарам.

Калі паспрабаваць вымавіць іх памылкова мякка, то выйдзе відавочная лухта: сьвабода, сьтол, сьпытаць, празь вушы.

Вельмі важна правільна вымаўляць усе гукі. Мякія гукі — мякка, цьвёрдыя гукі — цьвёрда, каб не было блытаніны.


Заўвага. Перад зычнымі (апрача в), на сутыках марфэмаў, у фіналях назоўнікаў -тве, -две, а таксама ў бальшыні іншамоўных уласных імёнаў зычныя Т, Ц, Д, ДЗ застаюцца цьвёрдыя:
тлець, тля, для, днець, адмірал, ад’ютант, мацнець, падвесьці, пэндзлік, на тле, пры мардве, у таварыстве, Латвія, Людвік, Людміла, Мардвілка, Цнянка, Ядвіга (побач зь Ядзьвіга), на Цне, у Літве.

Памякчэньне Н перад наступнымі мяккімі, незалежна ад вымаўленьня, на пісьме не паказваецца:
• дранцьвець, фанцік, у сэнсе, Францішак.

Калі маеце нейкія пытаньні, пішэце іх у камэнтарох :)

#тэорыя #клясычны_правапіс #тарашкевіца #вымаўленьне