Get Mystery Box with random crypto!

Наступствы рэформы 1933г. Рэформа 1933г. ня толькі жахліва з | Салавейка

Наступствы рэформы 1933г.

Рэформа 1933г. ня толькі жахліва зрусыфікавала пісьмовую беларускую мову, а яшчэ й моцна паўплывала на вымаўленьне. Адмета, што йснавала больш за 5 стагодзьдзяў, амаль страцілася менш чым за 30 гадоў: беларусы збольшага развучыліся мякка вымаўляць гукі.

Варта разумець, што вымаўленьне ад правапісу не залежыць. Словы, напісаныя афіцыйным („наркамаўкай“) і клясычным („тарашкевіцай“) правапісамі мусяць вымаўляцца аднолькава. Клясычны правапіс адлюстроўвае амаль усе адметы жывога маўленьня, а афіцыйны створаны са спадзевам на тое, што беларусы пра гэтыя адметы забудуцца й наблізяцца да расейцаў (што ўрэшце й адбылося).

Хвёдар Янкоўскі, аўтарытэтны лінгвіст, пісьменьнік-эсэіст і ўнівэрсытэцкі прахвэсар:

„На ўступных экзамэнах у пэдагагічныя інстытуты была зьвернута ўвага на няправільнае вымаўленьне некаторымі абітурыентамі сьвісьцячых зычных З, С перад наступнымі мяккімі зычнымі. (…) Калі чуеш цьвёрдае вымаўленьне зычных З, С у словах тыпу зьява, зьехаць, сьніць, песьня“, ствараецца непрыемнае ўражаньне, быццам бы ў таго, хто гаворыць, кончык языка патоўшчаны й ня мае патрэбнай рухавасьці“.

Відаць, акурат гэта й натхніла Янкоўскага напісаць даведнік „Беларускае літаратурнае вымаўленьне“ (першая публікацыя ў 1960г.).

У школах мы вучымся паводле падручнікаў з афіцыйным правапісам, а большасьць настаўнікаў не зьвяртаюць пэўнае ўвагі на вымаўленьне, ня вучаць вымаўляць гукі правільна, мякка, па-беларуску, таму мы й звыклі вымаўляць словы тыпу зьява, зьехаць, сьніць, песьня цьвёрда, як напісана: з’ява, з’ехаць, сніць, песня.

Пра мяккасьць за 11 гадоў кажуць толькі разы два — у 5-й ды 10-й клясах на лекцыях, прысьвечаных фанэтыцы. Астатнім часам робяць выгляд, нібыта гэта нешта няважнае й непатрэбнае.

Таму вучні, якія заўжды вымаўлялі ўсе гукі цьвёрда, як напісана (прыкладам, смех, цвік), і ніколі ня чулі ад настаўнікаў аніякіх заўваг, ня могуць уцяміць, адкуль бярэцца мяккасьць у транскрыпцыі ьмех, цьвік), праз што ўважаюць гэтую адмету беларускага вымаўленьня за нейкую дзіўную й непатрэбную лухту.

На маю думку, у школе ня два разы за 11 гадоў, а на кажнай лекцыі беларускае мовы й літаратуры настаўнікі павінны зьвяртаць увагу вучняў на вымаўленьне, рабіць заўвагі й выпраўляць памылкі, каб прызвычаіць дзяцей да запраўднае мілагучнае беларускае мовы. Але нешта мне падказвае, што гэтыя „настаўнікі“ самі памылкова вымаўляюць гукі, раз ня робяць аніякіх заўваг.


Праз шматгадовую русыфікацыю Беларусі й ня вельмі якаснае выкладаньне беларускае мовы ў навучальных установах большасьць беларусаў звыкла вымаўляць гукі цьвёрда, на расейскі лад. Таму цяпер, каб наўчыцца правільна вымаўляць беларускія словы, трэба шмат практыкавацца.

Найлепшае практыкаваньне — чытаць уголас беларускамоўныя тэксты, асабліва тыя, што напісаныя „тарашкевіцай“, і, вядома, самім старацца пазначаць мяккасьць на пісьме.

Раю паглядзець відэа з удзелам вядомай беларускай актрысы й сьпявачкі Тацьцяны Мархель і зьвярнуць увагу на яе ўзорнае вымаўленьне:



У наступных допісах будзе тэорыя й заданьні на тэму „Зьмякчэньне З, С, ДЗ, Ц“.