Асыміляцыйная мяккасьць. Ці патрэбныя нам мяккія знакі? Мо | Салавейка
Асыміляцыйная мяккасьць. Ці патрэбныя нам мяккія знакі?
Моўнік. Асыміляцыйная мяккасьць — пад пагрозаю
Зьмякчэньне З, С, ДЗ, Ц перад наступнымі мяккімі зычнымі — гэта адна з галоўных адмет беларускага вымаўленьня, якая сфармавалася яшчэ ў 12-14 стагодзьдзях. Яна цалком адлюстроўваецца ў праекце беларускага правапісу Б.Тарашкевіча (першае выданьне ў 1918г.).
На правапіснай канфэрэнцыі 1926г. мовазнаўцы браты Лёсікі прапанавалі скасаваць пазначэньне гэтае адметы на пісьме, бо не маглі паверыць у тое, што праз гэта беларусы калісьці развучацца мякка вымаўляць гукі.
С.Некрашэвіч, мовазнаўца:
„Асаблівасьць адменна мяккага, сьвісьцяча-сычачага вымаўленьня беларускіх сьвісьцячых „з, с, ц, дз“ перад мяккімі зычнымі і ётаванымі галоснымі катэгарычна вымагае, каб гэтыя гукі, як гукі асобныя, знайшлі на пісьме свой адбітак… Зусім жа не азначаць іх на пісьме — гэта значыць сьцерці адну з характэрных асаблівасьцяй беларускае мовы".
П. Растаргуеў, прахвэсар Маскоўскага ўнівэрсытэту:
„Напісаньне «звер, дзвёх, мядзведзь, свет, цвік, жыццё, ралля, чытанне» бяз ь будзе мець вынікам усваеньне няправільнага вымаўленьня падобных слоў“.
Супраць прапановы Лёсікаў скасаваць мяккія знакі выступіла бальшыня: мовазнаўцы, пэдагогі, пісьменьнікі й паэты, у тым ліку Я. Купала, В. Ластоўскі, а да пачатку канфэрэнцыі — і сам Б. Тарашкевіч.
У 30-я гады НКДБ арыштавала й рэпрэсавала амаль усіх мовазнаўцаў.
У 1933г. без грамадзкага абмеркаваньня Савет Народных Камісараў (адсюль і назоў „наркамаўка“) БССР правёў рэформу правапісу й граматыкі. Мэта рэформы — як мага наблізіць беларускую мову да расейскай. Адзін з пунктаў рэформы — скасаваньне мяккіх знакаў з большасьці слоў.
Заходнебеларускія навукоўцы, якія не пераехалі ў БССР, супольна асудзілі рэформу 1933г. як русыфікацыйную й працягвалі карыстацца правапісам Тарашкевіча. Таму ён і называецца „клясычным“.
Антон Лёсік, які цудам выжыў пасьля сталінскіх катаваньняў і здолеў выдаць некалькі правапісных падручнікаў, ніколі не вяртаўся да ідэі скасаваньня асыміляцыйных мяккіх знакаў.
Пасьля рэформы 1933г. зьмены ў правапісе афіцыйна фіксаваліся двойчы: у 1959г. і ў 2008г, але яны не скасавалі ўсе шматлікія хібы рэформы 1933г. і толькі нязначна наблізілі пісьмовую мову да літаратурнага вымаўленьня.
Таму калі мы чуем назовы „наркамаўка“ і „тарашкевіца“ ў дачыненьні да сучаснасьці, трэба разумець, што:
• сучасны афіцыйны/акадэмічны правапіс, які вывучаюць у школах, ня ёсьць той чыстай „наркамаўкай“ 1933г., але грунтуецца акурат на ёй;
• сучасны клясычны правапіс ня ёсьць „тарашкевіцай“ 1918-1930гг., але на ёй грунтуецца й збольшага адпавядае літаратурнаму вымаўленьню.
Гэта значыць, што пад назовам „наркамаўка“ сёньня маецца на ўвазе сучасны афіцыйны правапіс 2008г. (праект падрыхтаваны ў 2003г., сілу набыў у 2010г.), а пад назовам „тарашкевіца“ — сучасны ейны варыянт, то бо ўнармаваны мовазнаўцамі ў 2005г.
Праз тое, што ў сеціве вядзецца шмат спрэчак наконт таго, якім правапісам варта карыстацца, хачу нагадаць: абразы прыхільнікаў таго ці іншага правапісу недапушчальныя! (як і ўвогуле ўсе абразы)
Кажны чалавек мае права карыстацца тым правапісам, які яму падабаецца: афіцыйным, клясычным ці адразу двума.
Таксама нельга абражаць і зьневажаць за памылкі. Калі вы хочаце камусьці дапамагчы й выправіць памылку, то, калі ласка, зрабеце гэта асьцярожна й далікатна. Мы ўсе вучымся, таму памылкі — гэта цалком натуральна й нармальна.
Калі ласка, паважайце адзін аднаго й не саромейцеся памылак!