Get Mystery Box with random crypto!

Практыка Тэма 2. Асыміляцыйная мяккасьць Заданьне 1. Адкажэ | Салавейка

Практыка
Тэма 2. Асыміляцыйная мяккасьць

Заданьне 1. Адкажэце на пытаньні. Прывядзеце прыклады.

1. Якія зычныя будуць мяккія?
2. Якія зычныя будуць цьвёрдыя?
3. Калі адбываецца памякчэньне З, С, ДЗ, Ц?
4. Калі памякчэньне З, С, ДЗ, Ц не адбываецца?


Заданьне 2. Прачытайце ўголас і напішэце „тарашкевіцай“ наступныя словы, патлумачце самі сабе правіла.

Узор.
Язмін — мяккі М’ (мь) уплывае на З і робіць яго таксама мяккім → язьмін.
Схібіць — мяккі Х’ (хь), але гэта вынятак з правіла, таму С не зьмякчаем → схібіць*.

Каб убачыць правільны адказ, націсьніце на схаваны тэкст пасьля працяжніка. (Увага! На тэлефоне пры націсканьні на адзін адказ разам зь ім адкрываюцца адразу ўсе астатнія. З кампутара адказы адкрываць можна паступова.)

Зорачкай (*) адзначаныя словы зь мяккімі Г, К, Х, перад якімі З, С, ДЗ, Ц не зьмякчаюцца.

Дзвіна — Дзьвіна́
мясціны — мясьцíны
небасхіл — небасхíл*
змест — зьме́ст
схема — схе́ма*
збіраць — зьбіра́ць
асветнік — асьве́тнік
раскідаць — раскіда́ць*
згінацца — згіна́цца*
сціснуць — сьцíснуць
прозвішча — про́зьвішча
зацвярдзелы — зацьвярдзе́лы
разлічваць — разьлíчваць
сцвярджаць — сьцьвярджа́ць


з белым снегам — зь бе́лым сьне́гам
з Гедымінам — з Гедымíнам*
без літары — бязь лíтары
цераз Нёман — церазь Нёман
праз Вільню — празь Вíльню
без кішэні — без кішэ́ні*
здзекавацца з недарэкі — зьдзе́кавацца зь недарэ́кі
праз кепскі настрой — праз ке́пскі настрой*
з хіміяй — з хíміяй*
без ветру — бязь ве́тру
з цемрай — зь це́мрай
з кіно — з кіно*


Заданьне 3. Прыдумайце й напішэце „тарашкевіцай“ (можна ў камэнтарох):

• 2-3 сказы, дзе ёсьць словы, у якіх зьмягчаюцца З, С, ДЗ, Ц.
• 2-3 сказы, дзе ёсьць словы, у якіх не зьмягчаюцца З, С, ДЗ, Ц перад мяккімі Г, К, Х.

• 2-3 сказы, дзе зьмякчаюцца прыназоўнікі З, БЕЗ/БЯЗ, ПРАЗ, ЦЕРАЗ.
• 2-3 сказы, дзе не зьмякчаюцца прыназоўнікі З, БЕЗ/БЯЗ, ПРАЗ, ЦЕРАЗ.

#практыка #клясычны_правапіс #тарашкевіца #вымаўленьне