Get Mystery Box with random crypto!

Ад палітыкі да “крышавання” Праваабаронцы паведамляюць, што з | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

Ад палітыкі да “крышавання”

Праваабаронцы паведамляюць, што затрымалі блогера Уладзіслава Абадоўскага, які змагаўся з пратэрмінаванымі таварамі ў крамах і здымаў ролікі пра гэта. Як заяўляецца, з'явілася відэа "на фоне дзвярэй", дзе хлопец просіць прабачэння перад супрацоўнікамі гандлю, "якім ён даставіў нязручнасці". Пасля гэтага яго акаўнты ў сацсетках былі выдалены.

Вось чарговыя званочкі, што Беларусь з усёдазволенасцю для сілавікоў прыйшла туды, куды казалі аналітыкі яшчэ два гады таму: да таго, што сілавікі, як і ў 1990-я, пачынаюць крышаваць бізнес.

Зразумела, што ва ўяўленні рэжыму любая нізавая самаарганізацыя грамадзянаў, змаганне імі за свае правы ўяўляюць небяспеку – “сегодня ты играешь джаз, а завтра родину продашь”. Але змаганне з пратэрмінаваным мясам ці малаком, пэўна, усё ж не зусім з гэтай оперы. Можна было наадварот нават паспрабаваць узначаліць гэты працэс – супраць несумленных гандляроў, якія нажываюцца на простых беларусах, што пакутуюць ад санкцыяў. Вось жа ходзяць ФПБ па крамах і манітораць кошты. Чаму і супраць пратэрмінаваных тавараў не могуць змагацца?

Але ж не. Замест гэтага пакрыўджаныя сеткі звяртаюцца да сілавікоў і просяць іх разабрацца з блогерам, які “даставіў нязручнасці”. Магчыма, што не задарма.

А простыя беларусы будуць працягваць есці сапсаваныя прадукты і труціцца ад іх, часам нават паміраць. Але ж у карумпаванага бізнесу нязручнасцяў больш не будзе. А камусьці нават грошыкаў за гэта адсыпяць.