Get Mystery Box with random crypto!

У той час, як украінскія спікеры, напрыклад, Мыхайла Падаляк, | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

У той час, як украінскія спікеры, напрыклад, Мыхайла Падаляк, называюць Аляксандра Лукашэнку ці не адзіным гарантам таго, што беларускія войскі не ўвойдуць ва Украіну, з беларускага погляду перспектыва выглядае трошкі інакш.

У выпадку адхілення Лукашэнкі ад улады цяпер (адзін з варыянтаў гэтага апісалі “Кукловод и овца”), праблемаў ва Украіне мае стаць менш, а вось у Расеі – больш.

На гэты момант Лукашэнка з’яўляецца ці не адзіным дзейным саюзнікам Расеі падчас вайны. Менавіта ён даваў і дае беларускую тэрыторыю для праходу расейскіх войскаў, абстрэлаў украінскай тэрыторыі з паветра ды стварае напружанасць на мяжы сталым правядзеннем самых разнастайных вучэнняў. Гэта пры тым, што абсалютная большасць насельніцтва краіны, у тым ліку, як кажуць і ладная частка вайскоўцаў, гэтага не падтрымлівае.

Таму адхіленне Лукашэнкі, у тым ліку паводле вышэй згаданага сцэнара, па-першае, прыбірае галоўнага саюзніка РФ у гэтай вайне. Па-другое, з улікам таго, што дыктатура ў Беларусі звышперсаналісцкая, аніякага пераемніка ў яго няма. Ані Качанава, Галоўчанака ці Андрэйчанка і блізка не маюць таго аўтарытэту нават сярод уладнай вертыкалі і сілавікоў, не кажучы ўжо пра рэшту грамадства. Таму ў выпадку рэальнага безуладдзя ў краіне варта чакаць міжвідавой грызні. Адначасова з гэтым з гарантыяй 146% у Беларусі і на яе межах павялічыцца пратэставая актыўнасць, што яшчэ больш будзе дэстабілізаваць рэшткі рэжыму.

Пры гэтым нельга выключаць, што будуць і тыя прадстаўнікі ўладаў, якія захочуць усталяваць кантакты з Захадам і/ці дэмакратычнымі сіламі, будуць зліваць кампрамат на замазаных калегаў дый проста сабатаваць загады пераходнага афіцыйнага кіраўніцтва. Сілавікі, у тым ліку і вайсковыя сілы, тым часам могуць апынуцца ў разгубленасці, як гэта ўжо было на некаторы перыяд у жніўні 2020 года.

Адначасова гэта створыць новыя праблемы для Масквы. Па-першае, у яе ўжо не будзе надзейнага саюзніка, які будзе прыкрываць яе тылы і ствараць напружанасць для Кіева. Па-другое, у Крамля ва ўмовах вайны магчымасці сабраць Расгвардыю і накіраваць яе ў Беларусь будуць слабейшымі, чым у 2020-м, бо без Лукашэнкі для задушэння беларускіх пратэстаў давядзецца засылаць больш людскіх рэсурсаў, якіх і так у Расеі цяпер дэфіцыт. Па-трэцяе, чарговае паўстанне ў Беларусі зноў можа разварушыць пратэсты ў самой РФ, як гэта ўжо было ў 2021-м. А значыць, Расгвардыя спатрэбіцца і дома. Дый ўвядзенне войскаў у Беларусь – гэта адкрыццё якога-ніякога другога фронту ў краіне з 8-9 млн насельніцтва. Такога Крэмль можа і не пацягнуць, як не здолеў Гітлер выратаваць Мусаліні ў красавіку 1945-га.

У Беларусі ж у выніку гэтых падзеяў з пэўнай доляй верагоднасці можа быць дэмантаваны варожы Украіне і краінам Захаду рэжым.