Get Mystery Box with random crypto!

“Ребята, давайте жить дружно” Мяркуючы па ўсім, Папа Рымскі Ф | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

“Ребята, давайте жить дружно”

Мяркуючы па ўсім, Папа Рымскі Францішак усур’ёз вырашыў памірыць Расею і Украіну. Менавіта гэтым можа тлумачыцца яго нежаданне крытыкаваць асабіста Пуціна і Крэмль.

За апошні тыдзень мы пабачылі, як блізкі сябар пантыфіка Леаніда Севасцьянаў, які адначасова з’яўляецца старшынёй Сусветнага звязу старавераў і пасланцом міра Папы Францішка, апублікаваў артыкул, у якім раскрытыкаваў ААН за няздольнасць развязваць вайсковыя канфлікты і заявіў, што даць рады можа менавіта пераемнік апостала Пятра.

Затым з крытыкай ААН выступіў ужо сам Францішак, які заявіў, што арганізацыя “не мае дастаткова ўлады”. Ды ў стылі савецкай песні “Солнечному миру — Да! Да! Да! Ядерному взрыву — Нет! Нет! Нет!” яшчэ і прапанаваў новы парадак свету, дзе ўсё будуць жыць у міры і гармоніі.

І вось цяпер стала вядома, што ўжо ў жніўні-верасні пантыфік паспрабуе наведаць Маскву і Кіеў (менавіта ў такім парадку), каб прывесці краіны да міру.

Мы ўжо пісалі, што ва ўяўленні аргентынскага папы прычыны вайны ва Украіне ляжаць у каварным НАТО, якое, маўляў, гаўкае ля дзвераў Расеі. Менавіта з гэтых уводных ён, пэўна, і сыходзіць у сваіх планах: прыбраць з сітуацыі Захад і тады наступіць “мір, злучаны паміж народамі і цывілізацыямі, што паважаюць адна адну”. Але гэтае “котлеапольдства” не ўлічвае таго факту, што шмат для якіх дыктатарскіх рэжымаў павага да іх цывілізацыі – гэта неўмяшальніцтва ў іхныя людажэрскія справы і ўседазволенасць: як на знішчэнне ўласнага народу, гэтак і суседніх.

І што можна ў такім разе прапанаваць ваўку, які лезе ў авечы статак, каб загрызці авечак? Прагнаць натаўскага сабаку, які іх ахоўвае і перашкаджае беднаму ваўку жыць? Дык гэты воўк імгненна перагрызе палову тых авечак, як толькі яму дадуць волю. І чаму авечкі павінны адмовіцца ад аховы, калі не першае стагоддзе знаёмыя з тым ваўком і ягонымі апетытамі?

Як гэтыя пытанні збіраецца вырашыць пантыфік, невядома. Але практыка і біблійная гісторыя паказваюць, што добрае слова і дзесяць пакаранняў егіпецкіх працуюць куды лепш, чым проста добрае слова.