Get Mystery Box with random crypto!

​​Партугальскі пісьменнік Жазэ дэ Соза нарадзіўся ў 1922 годзе | Выдавецтва Янушкевіч

​​Партугальскі пісьменнік Жазэ дэ Соза нарадзіўся ў 1922 годзе ў невялічкай вёсцы ў сялянскай сям’і. Але ў гісторыю сусветнай літаратуры ён увайшоў пад іменем Жазэ Сарамагу. Сарамагу — партугальская назва дзікай рэдзькі і мянушка бацькі пісьменніка. У пасведчанне аб нараджэнні Жазэ яна трапіла выпадкова, праз памылку супрацоўніка архіва.

Маленькі Жазэ вучыўся добра, але сям’я не магла забяспечыць яму нават сярэднюю адукацыю, таму ў 12 гадоў ён быў вымушаны пачаць навучанне ў тэхнічнай школе. Сарамагу атрымаў спецыяльнасць токара і два гады працаваў аўтамеханікам. Тады будучы пісьменнік захапіўся чытаннем і ў вольны час стаў наведваць публічную бібліятэку ў Лісабоне. Ён вучыў замежныя мовы і шмат чытаў.

Сарамагу працаваў дзяржаўным служачым у Службе сацыяльнага забеспячэння, потым рэдактарам, перакладчыкам і журналістам у газеце. Свой першы раман ён апублікаваў у 1947 годзе і замаўчаў на 19 гадоў, а ў 1966 годзе выдаў паэтычны зборнік. Пасля звальнення з газеты ў 1975 годзе шчыльна заняўся літаратурнай дзейнасцю. Прызнанне і вядомасць прыйшлі да Сарамагу толькі ў 60 гадоў. У 1998 годзе ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.

У 2019 годзе мы выдалі беларускі пераклад яго рамана «Пячора» (2000). Перакладчыца з партугальскай — Галіна Мітраховіч.

Купіць кнігу «Пячора».