Get Mystery Box with random crypto!

Працягваем шэраг кароткіх пастоў пра старыя камянічкі. Па вашы | 🇺🇦 Hrodna 11:27

Працягваем шэраг кароткіх пастоў пра старыя камянічкі. Па вашым запыце - сёння будзе пра тое, што існавала на месцы цяперашняга ўнівермага.

У шэрагу камяніц, што некалі былі на гэтым адрэзку Савецкай, быў дом №22. Ён быў вядомы як дом Любавіцкага, дом Баркоўскага, дом Прэнскага, гатэль “Бельвю”. Яго пабудавалі ў канцы ХІХ ст. прыкладна ў месцы, дзе цяпер старая частка гандлёвага дома.

Гэта быў двухпавярховы з мансардай будынак. У 1884 г. у доме мясцілася фотамайстэрня Мардуха Шоламавіча Папірнага, Карасіка (1895 г.). Там жа ў 1897–1901 гг. была фотамайстэрня Хаіма-Арона Файвелевіча Язерскага.

Дарэчы, гэтыя тры знакамітыя гродзенскія фатографы канца ХІХ ст. былі шчыльна звязаныя: Язерскі, перш чым адчыніць уласную студыю, быў два гады здымшчыкам і рэтушорам у Карасіка, а яшчэ быў неафіцыйным кампаньёнам Папірнага, дзе таксама займаўся здымкай, рэтушам, друкам.

У 1913 г. у доме №22 знаходзіўся рэстаран Войцеха Паплаўскага. У міжваенны тут працаваў рэстаран “Warszawski”. Па стане на 1928 г. па адрасе вул. Дамініканская № 22 працавалі: крама мясных вырабаў Мароза, спажывецкая крама Шэйны Любіч, крама мясных вырабаў Сапачынскага, цырульня Залеўскага. У 1929 г. рэстаран В. Куявінскага. У 1937 г. належаў Ісідору і Фрэйдзе Прэнскім. У 1941 г. дом быў амаль цалкам знішчаны праз пападанне бомбы.

Крыніца: Фэйсбук Мечыслава Супрона