Get Mystery Box with random crypto!

Самы стары арган Беларусі знаходзіцца ў Гродне! Гэта інструме | 🇺🇦 Hrodna 11:27

Самы стары арган Беларусі знаходзіцца ў Гродне!

Гэта інструмент 1750 (!) года, які ўсталяваны ў касцёле Маці Божай Анёльскай (Францішканскім). Пабудаваў яго майстар Мацей Краеўскі з Усходняй Прусіі. Вядома, што яго двойчы грунтоўна рамантавалі ў 1884 і 1988 гадах. Дробных жа рамонтаў у адным ХІХ стагоддзі было яшчэ тры.

Нягледзячы на ўсе гэтыя рамонты і перабудовы, ад арыгінальнага аргана засталося некалькі соцен труб з гістарычнай маркіроўкай, а шэраг рэгістраў большай часткай складзены з гістарычных рэгістраў.

Познебарочны праспект аргана (яго фасад) багата ўпрыгожаны драўлянай разьбой і фігурамі анёлаў ды цара Давіда. Постаць Давіда - папулярны матыў аздаблення арганаў. Звычайна ён трымае ў руках арфу, ці дакладней кінору. Гэты Давід, наколькі вядома, трымаў у правай руцэ ліру. Але яна не захавалася.

У 2014-м, пасля грунтоўнай рэстаўрацыі, арган упершыню за доўгія гады зайграў. Паслухаць яго можна ў час службы або на сёлетнім цыкле бясплатных канцэртаў, якія будуць праходзіць кожны чацвер з 23 чэрвеня па 4 жніўня.

Крыніца: кніга “Арганы Беларусі” / argany.by