2021-07-05 12:48:30
Пакуль беларуская інтэлектуальная эліта не зразумее, не ўсьвядоміць глыбока і рэальна, што з боку Расеі йдзе доўгая зацяжная вайна супраць Беларусі, што гэта вайна іншымі сродкамі, бяз бомбаў і кулямётаў, бяз гучнае зброі, — што гэта вайна не на жыцьцё, а на сьмерць, — супраціўленьне арганізаваць ня ўдасца. Цяпер, аднак, трэба думаць разам, усім пра стратэгію супраціўленьня вынішчэньню ў вобласьці культуры, пра тактыку абароны мовы, пра спосабы яе захаваньня, пра контрнаступ і барацьбу за яе адраджэньне і разьвіцьцё. Стыхійнае выказваньне пазыцыі, абурэньняў, скаргаў ды ацэнак – справа неабходная, але ў гэтаў сытуацыі бездапаможная (“Масква сьлязам ня верыць,” панове).
Там, дзе ідзе арганізаваная атака – там павінен узьнікаць і арганізаваны супраціў.
Калі глянуць у корань і калі не апэраваць дэфініцыямі ды катэгорыямі (цяжкімі для ўспрыняцьця бальшыні людзей), то галоўны сэнс русіфікацыі і ўсёй гэтай векавой антыкультурнай палітыкі ў тым, каб беларусы перасталі гаварыць, чытаць і пісаць па-беларуску і пачалі размаўляць, чытаць і пісаць па руску. Вось іхняя стратэгія, зьведзеная да ўзроўню звычайнага чалавека. Яна ненатуральная, але простая, як кол. Адказ на гэта ёсьць жыцьцёвы і адпаведны – беларус павінен гаварыць, чытаць, пісаць і думаць па-беларуску — на роднай мове вялікай культуры і вялікай эўрапейскай нацыі. Вось нашая галоўная стратэгія ў барацьбе за культурнае існаваньне. Ёй павінна быць падпарадкавана ўся наша дзейнасьць ў вобласьці адукацыі, асьветы, інфармацыі, творчасьці, навукі і культуры. Не забывайма пра функцыю і ролю эліты, не забываймася і пра місію інтэлігенцыі. Тут мусіць быць тактыка і мэтадалёгія. Як некалі было ў акупаванай Прыбалтыцы – першае пытаньне па-эстонску (па-беларуску); другое пытаньне – чаму не размаўляеце па-эстонску (па-беларуску). Вялікая небясьпека, пачварныя зьявы насоўваюцца на нас з Ўсходу. Але мы маем супраць гэтага моцную зброю (прытым, у шырокім ужытку – непераможную). Гэтая зброя ёсьць наша вялікая Беларуская Мова.
Улічваючы разуменьне ўсяго, што сказана вышэй, што можна прапанаваць у гэтай сытуацыі, калі антымоўны дыскрымінацыйны закон прыняты? Найперш, яшчэ маецца больш за год да пачатку ўвядзеньня гэтага заканадаўчага “акту”. Трэба добра прадумаць дзеяньні і паводзіны ў гэтым пэрыядзе і на прышласьць. Калі за гэты час ішак ня здохне, і візір ня жэніцца, то першае што неабходна забясьпечыць – гэта захаваць вобласьць, дзе мог бы разьвівацца “плюралізм правапісаў” (паўтаруся, гэта жывы творчы працэс). Не выключаю, што трэба заранёў падумаць пра Інтэрнэт, падпольны самвыдат, кружэлкі ЦД і ДВД, псэўданімы, выданьні за мяжой і інш. Абсяг вялікі. Заўважце, што ў дзяржаўных выдавецтвах з прычыны пазыцыі рэжыму ўжо даўно і так не выходзяць кнігі сучасных выбітных беларускіх аўтараў – Барадуліна, Разанава, Бураўкіна, Някляева, Казько, Арлова, Гілевіча, ды-й, практычна, ўсе “маладыя” друкуюцца ў недзяржаўных выдавецтвах. Так што ёсьць, існуе “дарога жыцьця”. І будзе існаваць пакуль творыцца наша выдатная літаратура.
Другое (прашу аднесьціся да гэтага спакойна), неабходна распрацаваць мэтодыку нацыянальнага прыстасаваньня дыскрымінацыйнага моўнага закону да патрэбаў афіцыйнага існаваньня і пашырэньня беларускай мовы. Выдаткі непазьбежныя, напэўна будуць зьнявагі і нават ганебныя рэпрэсіі, грэблівасьць з абодвух бакоў. Усё трэба выцерпець, бо калі мы гэтага ня зробім, мову ў афіцыйным ужытку “прыхлопнуць” на “законных” (дакладней, на законна-крымінальных) падставах. Дзеля гэтага і прыняты нішчыцелямі такі юрыдычны акт. Трэба не забывацца, паўтаруся, што сутнасьць дыскрымінацыйнага закона не ў правапісе (прапануецца мадыфікаваная “наркомаўка”, ня больш), а ў пакараньні за артаграфію У сёньняшнім грамадзтве яшчэ няма сілы на шырокае і стыхійнае супраціўленьне моўнай дыскрымінацыі. Сілу трэба рыхтаваць і нельга праігрываць.
91 views09:48