2021-10-19 09:13:21
У гэтых абставінах існаваў канфлікт паміж імпэрскім (савецкім) афіцыёзам і тымі беларусамі, якія не прымалі імпэрскай ідэалогіі і расейскага спосабу думаньня альбо адмовіліся, адыйшлі ад імпэрскай сьвядомасьці і ад каланіяльнага стану жыцьця, зрабілі сьвядомы выбар на карысць свабоды і пабудовы нацыянальнай дзяржавы.
Гэты канфлікт (паўтаруся) сьведчыць не пра існаванне дзвюх нацый ("субэтнасаў") – каланіяльнай і антыкаланіяльнай, але выяўляе працэс пазбаўлення ад імпэрскага каланіялізму, працэс паўтаральнага адраджэньня Беларускай нацыі (які пэрыядычна доўжыцца ўжо другое стагоддзе, і тое трэба разумець; гэтая вайна суправаджаецца стратамі, ахвярамі, змаганьнем і выжываньнем). Тут таксама класічная схема, шлях, праз які праходзілі шмат якія забраныя народы.
Нацыянальная дзяржава прадугледжвае агульную нацыянальную ідэю, агульнае кіраўніцтва, агульныя прынцыпы. Нацыянальная дзяржава зьяўляецца базісам — дэмакратыя ёсьць надбудова. Так было па ўсёй Эўропе, так пачыналася «Вясна народаў» (шэраг антыфеадальных і нацыянальна-вызвольных рухаў у Эўропе ў сярэдзіне ХІХ стагодзя, – заўв. Reform.by). У сваім часе праз гэта прайшлі і чэхі, і палякі, і сербы з балгарамі, і вэнгры, і славакі, і ўсе іншыя. У Беларусі гэтыя працэсы адбыліся крыху пазьней, бо Аўстра-Вэнгерская, Пруская, Атаманская імперыі распаліся, а Расея застаецца дагэтуль, і барацьба яшчэ працягваецца.
Нельга сур'ёзна ўспрымаць разважаньні пра субэтнасы. Тут адлюстраваньне адвечнай барацьбы акупацыйнай палітыкі і прапаганды рускага каланіялізму супраць беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Беларусы — адзінародная нацыя, у якой ёсць гістарычна выпрацаваная адзіная мова, адзіная тэрыторыя, адзіная гісторыя. У выніку рускай каланіяльнай палітыкі беларускую мову забаранялі, абмяжоўвалі, не пускалі, знішчалі, вырасталі пакаленні, якія размаўлялі на чужой мове, не ведаючы сваёй. Ім ужо стала прывычна размаўляць на чужой мове. Тут сітуацыйная праблема і сітуацыйны падзел, але іншага выхаду, акрамя як адраджэньне нацыі, няма. Калі беларусы не будуць вяртацца да сваёй мовы, гісторыі, культуры, да сваёй нацыі – іх шлях у Расею, у каланіяльную імпэрыю. Другога шляху няма. Прытым, гэты шлях будзе нават бяз іх волі. Сваю дзяржаву «ябацек» дэнацыяналізаваныя беларусы не пабудуюць. Няма пэрспэктывы такога існаваньня побач з Расеяй. Няма нацыянальнай дзяржавы без нацыянальнай сьвядомасьці.
А ў цэлым тут маніпултарская імпэрская палітыка, якая паразітуе на здэградаванай самаідэнтыфікацыі людзей, што стварылася ў выніку каланіяльнай (савецкай) русіфікацыі.
Цяпер канфлікт існуе паміж старой каланіяльнай русіфікатарскай палітыкай, паміж тым сацыяльным пластам, які яна стварыла, і паміж новымі людзьмі волі, свабоды, незалежнасьці, якія бачаць існаваньне нацыі і будучыню ў вольнай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Гэта канфлікт паміж нацыянальнай ідэалёгіяй і пазыцыяй сацыяльнага выбару, які можа зьмяніцца ў залежнасьці ад абставін (што часткова пацьвердзілася нават у падзеях 2020 года).
Беларуская нацыя можа лёгка стаць палітычна адзінай у нацыянальнай свабодзе, калі гэтая свабода прынясе выгаду і дабрабыт. І вось тут шмат будзе залежыць ад сілы нацыянальнага духу, бо нацыянальную дзяржаву трэба будаваць, каштоўнасьці напрацаваць і выпрабаваньні непазьбежныя. Бо трэба разумець, што дабрабыт (на жаль) зьяўляецца галоўнай каштоўнасьцю для бальшыні беларускага насельніцтва. У такім стане дух, волю і нацыю трэба пускаць паперадзе, у аваннард. Інакш параза. І ня трэба мудрыць з адваротнага. Яно было. Змагаючыся за нацыю і свабоду -- здабываем хлеб. Але не наадварот.
Паўтаруся: мы тут не унікальныя. Паглядзіце нават на Украіну. Сёння гэта ўжо нацыянальная дзяржава (якія б цяжкасьці яна не перажывала), а ўсяго дзесяць гадоў таму такога яшчэ не было. Дзесяць гадоў таму ў іх былі фактычна такія ж самыя праблемы са свядомасцю і ўсім іншым (можа, у меншым маштабе), як і ў нас. Працэс пазбаўлення ад каланіялізму, ад каланіяльнага думаньня, ад русіфікацыі і рабскай псіхалогіі -- гэта працэс гістарычны. Выразаць яго са свядомасці немагчыма.
23 views06:13