Get Mystery Box with random crypto!

Калі скончылася ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, унутры ўсё кіп | Беларуская музыка

Калі скончылася ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, унутры ўсё кіпела. Адчуванне бяды, пачуццё нянавісці і страху адначасова раздзірала на часткі: у галаве была тысяча думак пра тое, што насамрэч здарылася ў гэтую ноч і як мы будзем жыць далей. Хадзіў, нібы ў тумане, і думаў-думаў-думаў. Была толькі адна рэч, якая дапамагла сабрацца: альбом гарадзенскага панк-гурта Deviation «Чарговы дзень пад акупацыяй».

Наўпроставай музыкі вельмі не хапае ў Беларусі. Каб назваць рэчы сваімі імёнамі, каб кулаком у сківіцу, каб не азірацца на абставіны. Менавіта гэта зрабілі хлопцы з Deviation у 2009 годзе і, на жаль, нічога з тых часоў не змянілася: гэты запіс звышактуальны дагэтуль і яго можна ставіць нават у тэрапеўтычных мэтах. Проста каб унутры арганізму не акумулявалася нянавісць, каб яна знаходзіла выйсце — хаця б праз музыку.

10 жніўня я ехаў у маршрутцы з Барысава ў Мінск і на рэпіце слухаў усе гэтыя песні: «Забі мяне, мент», «Заябала» — ну, вы ведаеце. Даходзілі ўсё больш трывожныя навіны пра затрыманні сяброў, пра гвалт і людажэрства, а я ехаў і слухаў, нібы мантру, гэты запіс, бо ў яго надта аптымістычны фінал!

Праз дзевяць месяцаў, калі руйнавалі галоўны інфармацыйны партал краіны, незнаёмыя малпы ў балаклавах забралі ў мяне тэлефон, у памяці якога я трымаў гэты альбом, бо на стрымінгах яго няма. Спадзяюся, што чыйсьць сын ці дачка, якому ў рукі трапіла «канфіскаваная» тэхніка, паслухалі гэты запіс і зрабілі для сябе нейкія высновы. Бо мы будзем жыць!..

https://soundcloud.com/refn46s7eic7/sets/deviation-2009