Get Mystery Box with random crypto!

Прапусіць ў гэтым годзе дату 3 мая. Нічога не напісаў пра Канс | Беларускі Бабілон

Прапусіць ў гэтым годзе дату 3 мая. Нічога не напісаў пра Канстытуцыю, хоць гэта адна з нешмаліткіх тэм пра якую магу казаць з пазіцыі навукоўца.

Таму напішу з іншай пазіцыі. З пазіцыі прыдуманай мной навукі святазнаўства (можа такая навука ўжо ёсць, але я ня чуў).

Дата 3 мая несумненна вельмі істотная для нашай гісторыі. Нам яе трэба памятаць і асэнсоўваць. Я ўжо пра тое пісаў, можна глянуць па тэгу #3мая

Але святы - гэта такая субстанцыя, што яе не можа быць зашмат. Вось жа, святаў прысвечаных заканадаўству і канстытуцыйнасці ў народа не можа быць 5 штук на годзе. Таму трэба выбіраць.

Тут варта ўдакладніць, што выбіраць нічога ня трэба, калі ёсць устаялая традыцыя святкавання. І ў палякаў такая традыцыя на 3 мая існуе ўжо 200 год.

У нас яе няма (ні пад час адраджэння пач. ХХ ст, ні пад час адраджэння канца ХХ ст. яе ў эталон не ўключылі).

Зыходзячы з гэтага мы можам спакойна разабраць гэту дату. Па-першае, вырашыць, ці патрэбнае нам такое свята. І па-другое, маем права выбару. Бо традыцыі святкавання не маем.

Першае. Ці трэба свята. Свята заканадаўчай гісторыі беларусам вельмі пажаданае. Мы законы любім, гэта нашае "My Precious".

Таму сядаем выбіраем дату. І нават лёгкага позірку на плашчыню нашай гісторыі дастаткова, каб убачыць, што дата 28 студзеня з разгромным лікам перамагае 3 мая.

28 студзеня? Што за дата? Усе палезлі ў Вікіпедыю. Але я думаю, нескладана здагадацца.

28 студзеня 1588 года быў прыняты Статут ВКЛ.

Статут ВКЛ не такая ідэальна з'ява, як яе малююць у патрыятычных артыкулах, але гэта несумненна вельмі важны элемент нашай гісторыі. Суперважны: глабальны, глыбінны, эпахальны! Без яго беларусы дакладна былі б іншыя. Нават па менталітэце.

Калі адслонена паглядзець, то спроба ў нас святкавання 3 мая - гэта калька польскай традыцыі, на якую мы паглядзелі, зразумелі, што яна нам пасуе і вырашылі скарыстацца ўжо напрацаваным наратывам.

І гэта не так блага. Але правільней усё ж вырошчваць сваё.

А сваё - гэта Статут 1588. У наступным годзе, дарэчы 435.

Можа перанясём нашыя патэтычныя пасты пра "першую канстытуцыю" на гэту дату?
А можа нешта сур'ёзнейшае прыдумаем?