Get Mystery Box with random crypto!

​​У Беларусі абвясцілі экстрэмісцкай кнігу Віктара Ляхара 'Вае | Беларускі Бабілон

​​У Беларусі абвясцілі экстрэмісцкай кнігу Віктара Ляхара "Ваенная гісторыя Беларусі".

Цыкл кніг, якія выдаваў Віктар Ляхар, у мяне заўсёды выклікалі здзіўленне. 

Па-першае, сваім фактам існавання. Чалавек, які шчыльна супрацоўнічае з сілавым блокам у Беларусі, піша і малюе кнігі са старадаўнімі рыцарамі, жаўнерамі БНР і бчб сцягамі. І ўсё гэта публічна і афіцыйна.

Па-другое, сваёй ідэалогіяй. Калі хто раптам не гартаў. Аўтар сабраў разам усіх жаўнераў-беларусаў за ўсе стагоддзі: дружыннікі старадаўняй Русі, рыцары ВКЛ, крылатыя гусары, расійскія жаўнеры ХІХ ст., жаўнеры БНР, савецкія салдаты і партызаны. Няма, напэўна, толькі вайскоўцаў у складзе Вермахта перыяду вайны. Усе астатнія ёсць, сабраныя разам, адмаляваныя і прэзентаваныя як героі. 

На вокладцы так і напісана "Герои, символы, цвета".

Я сам вялікі прыхільнік шанаваць усё варта ў беларускай гісторыі без ідэалагічнага фільтра. Ну не было ў мешчаніна XIX ст. іншага варыянта выбіцца ў людзі, як вайсковая кар'ера ў імперскім войску. Гэта аб'ектыўна. То калі чалавек быў варты, значыцца варты пашаны.

Але канцэнтрацыя гэтай ідэі ў адной кнізе, нават, у мяне выклікала лёгкі ступар. Бо некаторыя з персанажаў кнігі ў жыцці былі ворагамі паміжсобку, а тут яны разам і ўсе абвешчаны героямі. 

І тут праблема ў тым, што калі я магу ацаніць маштаб задумы, то вось большасць беларускіх вайскоўцаў наўрад ці. Ім патрэбныя зразумелыя і бясспрэчныя арыенціры. А не гэтыя інтэлектуальныя гульні. 

Беларускае войска несумненна жыве мінулым. Правяраць сваю баяздольнасць яно гатовае толькі ў абозе "старэйшага" брата. Для такой арміі патрэбна магутны, уцямны і непарыўны гістарычна-ваенны наратыў, які можна было б смакаваць бясконца. І імперска-савецкая гісторыя такі мае: Алякснадр Неўскі, стральцы, Сувораў, Скобелеў, Будзённы, Жукаў. Ён з пазіцыі логікі выглядае дзіўна, але ён ёсць.

А вось беларуская гісторыя такога наратыву не мае. І яго не прыдумаць. Нельга скласці ў адну сістэму Астрожскага, Каліноўскага і Булак-Булаховіча. Яны ўсе паасобку.

Увесь сакрэт паспяховых постсавецкіх армій быў у тым, што яны прайшлі ідэалагічнае абнуленне. Пагадзіліся, што яны не нашчадкі нейкай слаўнай непарыўнай вайсковай традыцыі, а наадварот самі з'яўляюцца першым пакаленнем, пачынальнікамі без традыцыі, якія могуць абапірацца толькі на паасобных герояў з розных эпох. І часцей за ўсё гэта трагічныя героі. 

Прыбалты праз гэта лёгка прайшлі ў пачатку 1990-ых, украінцы з цяжкасцю (але наколькі эфектыўна!) пасля 2014. А беларусаў гэта яшчэ толькі чакае.

Хаця можа працэс ужо пачаўся. У Кіеве. З батальёна імя Каліноўскага.

А кніжка несумненна добрая. Калі маеце магчымасць пагартаць, то вельмі раю.