Get Mystery Box with random crypto!

Нядаўна паслухаў падкаст 'Так склалася гістарычна' з гісторыка | Беларускі Бабілон

Нядаўна паслухаў падкаст "Так склалася гістарычна" з гісторыкам Алегам Дзярновічам. Ён там вельмі цікава распавядае пра часы Міндоўга і сярод іншага закранае калізію пра якую я сам даўно думаю.

Вось глядзіце, у беларускай школьнай гісторыі вельмі важнай, адной з базавых, з'яўляецца ідэя пра тое, што беларусы пайшлі ад крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Нават самы апошні троечнік згадае назвы трох плямёнаў. Гэта, падаецца, самы відавочны і просты факт у заблытанай гісторыі нашай зямлі.

Але ў пэўны момант я са здзіўленнем для сябе зразумеў, што ён бессэнсоўны. Бессэнсоўны, бо не дае ніякай інфармацыі.

Толькі вузкія спецыялісты разумеюць, як гэтыя плямёны паўплывалі на фармаванне нашай дзяржаўнасці і культуры. У гісторыі ўсё звязана, але як звязаныя крывічы, дрыгавічы, радзімічы з фармаваннем ВКЛ? Тут не толькі троечнік, тут і выпускнік ВНУ не зможа сказаць нічога ўцямнага. З такім жа поспехам можна было б сцвярджаць, што беларусы пайшлі ад рудых, чарнявых і бялявых. А між тым, IX-XI стагоддзі - гэта час фармавання тых каштоўнасных маркераў па якіх мы жывем цяпер.

Вось жа, просты адказ на пытанне "ад каго пайшлі беларусы?" ляжыць на паверхні. Мы ёсць вынікам узаемапранікнення балцкага і славянскага племені. Можна нават больш жорстка абазначыць - вынікам сімбіёзу Літвы і Русі.

Кажаш, што Беларусь - гэта сімбіёз Літвы і Русі, і адразу процьма гістарычных асацыяцый узнікае. І пра дзяржаўнасць і пра культуру. І ясна, як з гэтага працэсу ВКЛ атрымалася. Звычайны выпуснік школы можа пра гэта некалькі словаў сказаць. І паспрачацца, нават. Адгукаецца, карацей.

Але таксама лёгка зразумець, чаму ў ХХ ст. такую фармулёўку (Беларусь - вынік сімбіёзу/накладання Літвы і Русі) у падручніках моцна зацёрлі на другі план і размазалі па параграфах, а фармулёўку пра тры племені зрабілі цэнтральнай.

У ХХ ст. беларусы не маглі сабе дазволіць быць нейкай там мяшанкай нейкіх там літоўцаў і нейкіх там рускіх. Мы мусілі мець сваё ўнікальнае паходжанне калі не ад рымскіх патрыцыяў, то хаця б ад трох таямнічых плямёнаў, якія на той момант нікому асабліва не былі патрэбныя, таму мы моглі пакінуць іх сабе і ні з кім не дзяліць. Так і зрабілі.

Напэўна, і цяпер знойдзецца шмат прыхільнікаў пакінуць усё на сваім месцы. Але асабіста я спадзяюся, што сітуацыя будзе мяняцца. Беларуская гісторыя, як і нашая душа (па Гарэцкаму), дуалістычная. Разуменне гэтага мусіць быць першасным.

***

Алег Дзярновіч у падкасце крыху з іншага боку раскрывае гэту тэму, больш паглыблена ў гісторыю. Вельмі раю гэту перадачу, як зрэшты і іншыя з цыкла Так складася гістарычна.