Get Mystery Box with random crypto!

​​Уладзімір Цэслер нядаўна апублікаваў карцінку з двума Пагоня | Беларускі Бабілон

​​Уладзімір Цэслер нядаўна апублікаваў карцінку з двума Пагонямі ў колерах беларускага і літоўскага сцяга і подпісам "Беларусь - Літва. 700 год разам".

Цэслер, відавочна, натхняўся сучаснымі палітычнымі падзеямі, у якіх Літва напраўду заняла актыўную пазіцыю. Але для мяне праца вядомага мастака стала ілюстрацыяй аднаго з самых таямнічых пытанняў у гісторыі Беларусі.

З літоўцамі мы выходзім з аднаго балцкага кораня, супольная дзяржаўнасць у нас не 700 год, як у Цэслера, а добрую тысячу, бо ў палітыцы Полацкага княства балцкае насельніцтва займала важную ролю. Мы разам будавалі адну з буйнейшых дзяржаў Еўропы ад мора да мора, і, нават, калі гэта не атрымалася, да 1991 года жылі побач у адной дзяржаве, хай і не сваёй.

Гэта быў працэс поўны адкрыццяў і канфліктаў. Мы ведаем, што ўжо ў XV ст. у Вільні былі літоўская і руская ратушы. Гэта колькі ж усяго мусіла адбыцца паміж імі за наступныя 5 стагоддзяў?

Карацей, літоўцы, па ўсіх аб'ектыўных паказчыках, найбліжэйшы для беларусаў народ. Найбліжэйшы, бо за гэты час у нас павінен быў назапасіцца неверагодны пласт культурных узаемаадносіанаў.

Але гэта па аб'ектыўных маркерах, бо па суб'ектыўных у нас нуль узаемаадносін. Як у сучаснасці, так і ў гістарычнай плоскасці - ні дыялектаў, ні анекдотаў, ні застаялых міфаў адзін пра аднога.

Дакладней, усё гэта ёсць, але на на глыбокім маргінэзе. Асабліва калі параўноўваць беларуска-украінскі, ці беларуска-польскі культурныя пласты.

Мы нічога ня ведаем і ведаць ня хочам пра народ з якім жылі паўтары стагоддзі побач і разам будавалі розныя дзяржаўнасці. І яны пра нас таксама.

Гэта вельмі дзіўна. Выглядае, што мы існуем нібыта ў паралельных рэальнасцях.

Нешта тут схавана. Таямніца, якую нам яшчэ трэба будзе раскрываць. І 2020, відавочна, гэты працэс падштурхне.