Get Mystery Box with random crypto!

Горкаўскія цэхі па дабычы каляровых металаў (у асноўным —медзі | Admyslova

Горкаўскія цэхі па дабычы каляровых металаў (у асноўным —медзі і алюмінія) з адпрацаваных кабеляў, умяшчаюць сотню-другую мурзатых твараў.

Перад пачаткам працы да цэха пад’язджае які МАЗ і вывальвае пад “лакалку” гару кабеляў, на якую зэкі тут жа кідаюцца з усіх бакоў і яна пераўтвараецца ў жывы арганізм: адзін цягне кабель, другі — зэка за нагу, трэці з чацьвёртым чысцяць лычы адзін аднаму — ідзе грамадзянская вайна, у якой кожны імкнецца заваяваць паболей здабычы.

Пасля падбітыя ваякі цягнуць трафеі ў цэхі і — усе ў мазуце, саляры і шчэ якой гадасці — пачынаюць іх драць, здабываючы для радзімы каляровы метал. Тут нябёсы разраджаюцца дажджом (а дажджы неяк вельмі любяць цудоўную горкаўскую зямлю і дзікунскую горкаўскую калонію), і цэхі пераўтвараюцца ў вялікую душавую кабіну — зліва з даху палівае ўсё: чорных рабоў, кабеля, мазут і нават мусара якога, што зайшоў пракантраляваць медны руднік. А пячорныя людзі каменага веку, хоць у руках у іх прылады металёвыя, усё дзяруць, дзяруць, дзяруць: норма-та — 60 кг!

(Чытач, калі ты маеш дома адпрацаваны медны, алюміневы ці любы іншы кабель, ніколі, ніколі не здавай яго на пункт пераапрацоўкі! “Закапай яго!” — умаляюць цябе разам са мною ўсе зэкі Беларусі. — Не ўмацоўвай рабаўладальніцкі лад на Бацькаўшчыне!)

Паўцэнтнера алюмінію (гэта ж — цэлы воз!), канешне, здаць за змену нерэальна і ніхто ўстаноўку са столі ўзятую не выконвае. Падавалася б тады: навошта ўвогуле норма гэтая, хворымі людзьмі выдуманая? Аж не, людзі-та не хворыя, людзі — граматныя і добра прашараныя: норма для таго, каб любога і ў любую секунду можна было прыцягнуць у цугундзер за яе невыкананне.

Пасля працы пячорнаму рабу хацелася б прыняць не імправізаваны небам, а просты, штучны душ. І вось, заходзіць ён на ўмывальнікі — і што бачыць? На ўмывальніках ён бачыць чатыры ракавіны і тут жа, за невялікаю перагародкаю — чатыры, адна ля адной дзіркі (даруйце, даруйце мне дзеці, жанчыны, натуры тонкія і вытанчаныя — усе даруйце!), за дзень сотняю зэкаў заваленыя натуральнымі і ненатуральнымі выкідамі замучаных баландаю страўнікаў. У такой абстаноўцы мыйся як хочаш: тут — чатыры ракавіны, дзе ценяў восем, паздымаўшы кашулі, штурхаючыся, шаруюць далонямі па грудзях, а побач — дыміцца чатыры гары гаўна.

Я скажу дакладна, каб не быў я зэкам, каб быў я нармальным чалавекам і прачытаў такое, седзячы пры гальштучку за кампутарам, альбо ў газетцы, у халаціку разваліўшыся на канапе, не паверыў бы я і сам, што такое можа быць у III тысячагоддзі. Але, клянуся вам: так і ёсць! Абы толькі не “ехалі” вы правяраць мяне ў “Горкі”!

#Творчасць_палітвязняў #Палітвязні #Дашкевіч