Get Mystery Box with random crypto!

​​“Толькі мы, ды радзіма, Ды балотны гушчар”. 6 ліпеня 1905 | Супер Мова

​​“Толькі мы, ды радзіма,
Ды балотны гушчар”.

6 ліпеня 1905 — нарадзіўся Пятро Глебка, беларускі паэт, драматург, перакладчык, вучоны, грамадзкі дзяяч

Пятра Глебку паэтам зрабіла вайна. Звычайны сьмяротны, камуніст-атэіст, былы маладняковец і сьціплы ясенініскі эпігон, які бязь ценю сумневу рымаваў “ціха” і “ліпа”, Нонік, як яго называлі сябры і крэўныя, раптам апынуўся сам-насам перад богам Арэсам і застыў, зачараваны ягонымі жахам і веліччу.

У акупаваным Менску засталася жонка, якая ўладкавалася на нямецкае радыё – сэрца разрывалася, страх еў поедам, і за яе, і за сябе; потым высьветлілася, што ўсё гэта было бліскучым падпольніцкім спэктаклем, Станіслаўскі на службе паўстанцаў. Якая нечуваная ў мірны час інтрыга, якія неймаверныя перапляценьні лёсаў…

Глебка напісаў свой партрэт Вайны – і няхай фарбы ён браў толькі ліцэнзаваныя, афіцыйна дазволеныя, на гэтым палатне знайшлося месца і трагедыі вайны, і яе простай, як стрэл, філязофіі: “забіць ці быць забітым”.

У Глебкі ёсьць верш пра аднаго (не пра войска, не пра батальён, не пра партызанскі атрад, не пра дзяржаўную нарыхтоўку гарматнага мяса) – а пра аднаго, аднаго ва ўсім сьвеце салдата. Наўрад ці Глебка калісьці напісаў бы такое, калі б не вайна, якая раптам усіх зрабіла голымі і роўнымі:

“Мы ўсе памалу прыйдзем к небыцьцю.
Судзі мне, доля, мужнаму памерці.
І прасьпяваць перад вачыма сьмерці
Апошняй песьняю хвалу жыцьцю”.

Здаецца, неблагая кампэнсацыя за пляскатасьць лірыкі і павярхоўнасьць партызанскіх прыпевак. Невядома, куды б завялі Глебку тыя сіманаўска-брукаўскія дарогі, але ён сьвядома вырашыў пайсьці шляхам нармальнага савецкага паэта. Застацца для моцных гэтага сьвету чыстым, як шклянка. Трапіць у вялізарны дом, дзе вокны гараць так прывабна і сьвецяць не згасаючы ні ўдзень, ні ўначы.

Блок даў расейцам “Ноч. Вуліцу. Ліхтар. Аптэку”. Глебка беларусам – “Ноч. Халодную зямлянку. Перастрэлку. Цішыню”. Нам зямлянка замест вуліцы, ліхтар патушаны трапным стрэлам, навокал ціха. Як у аптэцы. І толькі ноч – адна на ўсіх.

З артыкула А.Бахарэвіча - Чысты, як шклянка

#мова #supermova #каляндар #бахарэвіч