Get Mystery Box with random crypto!

​​Першы і адзіны баўгарскі беларускамоўны паэт-клясык 6 л | Супер Мова

​​Першы і адзіны баўгарскі беларускамоўны паэт-клясык

6 ліпеня 1851 — нарадзіўся Янка Лучына, беларускі паэт.

У самым пачатку дваццатага стагодзьдзя сябры паэта скінуліся й выдалі ў Пецярбургу зборнік Лучыны “Вязанка”, а каб неяк абысьці забарону царскага ўраду на беларускамоўнае кнігадрукаваньне, пераканалі ўлады ў тым, што кніжка напісаная па-баўгарску. Тады зрабіць гэта было нескладана, няцяжка і цяпер.

На пачатку ХХІ стагодзьдзя ўжо ня ў нейкім там Пецярбургу, а ў менскай кавярні “Грунвальд” (здаецца, назва сама па сабе ўжо мусіць да чагосьці абавязваць) афіцыянт запытаўся ў нас зь Сяргеем Шупам, чаму мы гаворым па-польску – за што быў без ваганьняў пазбаўлены чаявых. Магчыма, ідыёт-афіцыянт быў прамым нашчадкам таго недавучкі-цэнзара, які, уздыхнуўшы, дазволіў сто гадоў таму выхад псэўдабаўгарскай “Вязанкі”. (Ня выключана, што наш афіцыянт таксама зробіць у Беларусі добрую кар’еру і стане ўрэшце якім-небудзь міністрам інфармацыі, будзе стужачкі рэзаць на Лучынавым юбілеі і абдымацца з баўгарскім паслом.)

Кім Янка Лучына намагаўся стаць пры жыцьці, відавочна: беларускім Някрасавым. Усё выкрывае ў ім руплівага някрасаўскага эпігона: тэмы, рымы, ямы і тамтамы, ды яшчэ ўсе гэтыя былінныя завываньні, ды тая самая маштабнасьць задумаў пры мінімуме навыкаў, ды нездаровае пачуцьцё віны, якое перарастае ў звыклы панскі мазахізм. Нават аўдыторыя, якую ўяўляў сабе паэт, магла б гэтаксама спакойна лушчыць семкі перад Някрасавым.

У часы Лучыны ўсё яшчэ модна было лічыцца народнікам і дэмакратам, раз-пораз “зьлівацца з добрай волі” з мужыкамі і “мець на сэрцы путы” – як цяпер айфон. Гэтую моду стварылі не палітыкі, не папы і не пакутнікі – яе стварыла расейская літаратура, запусьціўшы мэханізм бясконцага кланаваньня самой сябе.

Што ж, любая творчасьць пачынаецца з эпігонства. Там, дзе Лучына наважваецца адступіць ад свайго ідэалу, зьяўляецца, хай сабе і нехаця, паэзія.

“Паверма, шчасьце заквітнее на зямлі,
Шумець там жыту, дзе балоты век былі”,
“Паверма шчыра! Шапэнгаўэру назло!”

З артыкула А.Бахарэвіча - Шапэнгаўэру назло

#мова #supermova #каляндар #бахарэвіч