Get Mystery Box with random crypto!

​​ Купала – сапраўдны беларускі нацыяналіст 7ліпеня 1882 | Супер Мова

​​ Купала – сапраўдны беларускі нацыяналіст

7ліпеня 1882 — нарадзіўся Янка Купала, клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выбітны дзяяч беларускага Адраджэньня.

Дакастрычніцкі пэрыяд Янкі Купалы даў белліту аднаго з самых буйных і супярэчлівых паэтаў і скончыўся не ў кастрычніку 1917, а значна пазьней, у 1930, жахлівым кафкіянскім Verwandlung паэта ў драўлянага жаўнера, Каяна Лупаку. Але ён быў, гэты “дакастрычнік” – і паэт быў таксама.

Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.

Худыя плечы, рукі ў крыві, ногі ў лапцях, сьляпы, глухі. Пагарджаны век. Далей, пра сілу, чытаць ужо няма моцы. Ёсьць за што ўзьненавідзець сябе, і Купалу ў прыдачу. Як сталася, што вершы, прызначаныя быць заклікам да абуджэньня, праграмуюць, наадварот, пажыцьцёвае аўтсайдэрства? Але гэта папрок не паэту, пра гэта трэба спытаць аўтараў школьнай праграмы.

Але асабіста для мяне той, сапраўдны паэт Купала пачынаецца тады, калі ў ягонай творчасьці зьяўляецца цудоўная недагаворанасьць. Уласна кажучы, недагаворанасьцю жыве любая добрая паэзія, і Купала тут не выключэньне. Мае ўлюбёныя вершы Купалы сканчаюцца… нічым.

Яшчэ да перамогі калектывізацыі ў вершах Купалы словы “мы” і “народ” пасьпяхова канкуравалі зь “я”. Найлепшае сьведчаньне таго, што ён рана ўсьвядоміў сябе мэсіям. Тым, каму дазволена трымаць люстэрка, хто мае права і ноччу, і днём “рабіць агледзіны”. Ня толькі падлеткам – усім нам Купала расказаў і паказаў, хто мы. Тое, што Багушэвіч прамовіў калісьці напаўголасу, Купала выкрыкнуў – і яму спадабалася.

Высьветлілася, што мы – беларусы, і нас не адзін мільён. Што мы люнатыкі – бо ўсё робім у сьне: “прачніся”, яшчэ адно папулярнае слова з Купалавага лексыкону, на нас ня дзейнічае. Што ўсім пакінулі спадчыну як спадчыну: каму млын, каму асла, каму ката ў ботах – а нам родную старонку, мову і – увага – вялікую, тоўстую, тлустую, пякучую, як мэдуза, крыўду.

Крыўда – галоўная тэма Купалы. У творах Купалы крыўдзяцца ўсе: беларусы на маскалёў і ляхаў, чалавек на бога, прырода на людзей і людзі на прыроду, бацькі на дзяцей – за тое, што хочуць пазбавіцца крыўды, і дзеці на бацькоў – за тое, што ня хочуць раструшчыць гадзіну. Крыўдзіцца аўтар – бо ня чуюць, не прачынаюцца суайчыньнікі.

Але крыўда – усё ж ня надта творчае пачуцьцё. Творчыя пачуцьці – любоў і нянавісьць. І калі зь любоўю ў Купалы ўсё як мае быць: “Яна і я” (а ня “Мы і яны”!) уражвае сваёй інтымнасьцю, то нянавісьць, сапраўдную гаючую нянавісьць замяняе якраз-такі крыўда. Купала шчыра спрабаваў ненавідзець. Але зноў спрацавала люстэрка, ён сам у ім адбіўся.

Там, дзе крыўды няма – Купала, хутчэй, мяккі рамантык. Абсалютна закансэрваваны ў беларушчыне. Запозьнены беларускі нацыяналізм ня мог існаваць без такога ж запозьненага беларускага рамантызму.

Купала – сапраўдны беларускі нацыяналіст. “Калісь амэрыканцы напісалі на сваім сьцягу несьмяротныя словы: “Амэрыка для амэрыканцаў”. І гэта памагло – сёньня Амэрыка вольная. Павінны і мы пайсьці па яе сьлядах і напісаць агністымі рунамі на сваім сьцягу: “Беларусь…”

…Мне вось асабліва падабаецца, калі ў адсутнасьці патрыятызму мяне папракаюць людзі, якія баяцца гаварыць у Беларусі па-беларуску і гадуюць па-расейску дзяцей. Наўрад ці яны калісьці зразумеюць, што гэта насамрэч значыць:

“Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні…
Я ад вас далёка… Скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуў у чужыя грудзі?”

Верш, які адгукаецца, ня можа не адгукацца. Часам сярод “чужакоў” яна, радзіма, ёсьць большай “ласкай”, чым сярод сваіх, спадары патрыёты.

…Што й казаць, позьні Купала пакінуў неабмежаваныя магчымасьці для інтэрпрэтацыі яго твораў. Прыкмета вялікага паэта – ці гэта ад таго, што паэт сам ня ведаў, чаго хацеў? Спадзяюся, усё ж першае. “Тутэйшыя” на патрэбу паддаюцца якой заўгодна інтэрпрэтацыі.

З артыкула А.Бахарэвіча - Крыўда, праўда і брыда

#мова #супермова #героі #гонар #годна #купала #бахарэвіч #белліт