Get Mystery Box with random crypto!

Дзесь на ўсходзе, на захадзе, Ці на поўдні, на поўначы Ад усіх | Zhubleny Lichtaryk

Дзесь на ўсходзе, на захадзе,
Ці на поўдні, на поўначы
Ад усіх вас. Мо ў цэнтры
Бязьмежнай зямлі?
Ціхі казачны край, дзе
Не халодна, ня горача,
Не бясьпечна, ня роспачна,
Ні забавы, ні горычы,
Ды цьмяны агні.

На балотавых выспах
Стаяць хаткі драўляныя.
Стаіць кожная з краю,
І болей нідзе.
Гэта ўсё не наўмысна.
Проста зручна ды звыкла.
Проста багна зьбірае
Сваё па чарзе.

А там сьпяць у калысках.
На падлозе ці ложку,
Беспрасыпна ці трошкі
І ў дзень, і ў начы.
Гэта ўсё не наўмысна,
А спакойна. Карысна.
Проста скрозь сон ня чутна
Крыкаў, як не крычы.

Але як выпадкова
Хто прачнецца ад нечага,
То ўжо потым ніколі
Ня можа заснуць.
Ён сядзіць абяздолены,
Паліць сьвечку за сьвечкаю
Ды глядзіць, што за вокнамі.
Чакае зіму.

Каб завея сьцюдзёная
Адчыніла вароты.
Каб закула болоты
Ільдзяным дываном.
Невядома, урэшце,
Ім чакаць колькі дзён яшчэ,
Невядома, канечне,
Ці ня ёсьць гэта сном.

Яны мараць, што нехта
Лёгкім ўпэўненым крокам
Завітае калісьці,
І сядуць яны.
Будуць цешыцца гукам
Чалавечага голасу,
Так чаруюча блізкім
І такім незямным.

А зімы ўсё ня мае.
Ды з кожным сьвітаньнем,
Ды з кожным заходам,
Ды на працяг дня
Хаты зьнікаюць.
Вера зьнікае.
Край занядбаны.
А людзі ўсё сьпяць.