Get Mystery Box with random crypto!

​​Экзыстэнцыялізм Васіля Быкава 19 чэрвеня 1924 — нарадзіў | Забі зяпу

​​Экзыстэнцыялізм Васіля Быкава

19 чэрвеня 1924 — нарадзіўся Васіль Быкаў, выдатны беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзяяч.

Ён сказаў праўду пра вайну. Вайна Быкава сказала праўду пра чалавека. А чалавек Быкава нічога не сказаў. Нікога не асудзіў і не прамовіў патрэбных банальнасьцяў: сытуацыі пату не пасуе патас і трэба пачынаць спачатку. Ён нават не ўсьміхнуўся стомленай усьмешкай пераможцы, гэты быкаўскі чалавек, які раптам намацаў у сабе сэнс.

Бадай у кожным быкаўскім творы падзеі разгортваюцца ў сытуацыі пагранічча, яго героі нібыта ўвесь час рухаюцца на вузкім лапіку нічыйнай тэрыторыі, якую трэба адолець. Яны ня надта задумваюцца, чыёй воляй дадзеная ім гэтая спрэс замінаваная мяжа: паміж маральлю і выжываньнем, паміж «я» і «звыш-я», паміж ганьбаю і... Ня гонарам, не — проста адсутнасьцю ганьбы, на большае яны не прэтэндуюць. Мяжа паміж жыцьцём і сьмерцю, геамэтрычна простая і блізкая, як ніколі, ня надта дазваляе ім лавіраваць.

Ляндшафты ягонага сьвету, пераважна беларускія, свае, гіблыя — ідэальнае месца для такіх практыкаваньняў. Натыкаючыся ў тумане на сьцены, блытаючы сьляды, скочваючыся ў лагчыны, правальваючыся ў дрыгву, марна спрабуючы зьнікнуць, растварыцца ў гушчары — так спрабуюць пазьбегнуць выбару на гэтай зямлі. Але ён усё адно насьцігае.

Сваю ўласную «ваенную» тэму Быкаў некалі сфармуляваў так: «Што такое чалавек перад зьнішчальнай сілаю бесчалавечых абставінаў? На што ён здольны, калі магчымасьці абараніць жыцьцё вычарпаны і прадухіліць сьмерць немагчыма?»

З самага пачатку Быкаў быў пасьлядоўна беларускі — і гэтая дарога, выкладзеная брукам яго ўсё больш значнага аўтарытэту, прывяла пісьменьніка туды, куды мусіла прывесьці: да «Жоўтага пясочку», да БНФ, да палітычнага змаганьня і ўрэшце — да духоўнага і інтэлектуальнага супраціву новай «народнай уласьці» і ад’езду за мяжу. Здаецца, Быкаў зрабіўся ледзьве ня самай вялікай «культурнай» паразай рэжыму: пасьля таго, як найбольш знанаму яшчэ з савецкіх часоў жывому беларускаму пісьменьніку вырашылі перакрыць кісларод, расталі апошнія ілюзіі што да прытомнасьці гэтай дзяржавы. Нават тым, хто ставіўся да «ўласьці» нэўтральна, стала зразумела, што адбываецца — асабліва ў «братняй Расеі», дзе Быкава цанілі і цэняць як свайго.

У Нямеччыне да нашых пісьменьнікаў заўжды ставіліся са спачуваньнем. «...Тут нічога, апроч інтэрвію, надрукаваць немагчыма... Адно лепш — тут вясна ўжо на падыходзе, сьнегу няма (і не было), распускаюцца пупышкі на кустах. А ў Менску яшчэ, кажуць, сьнег. Але ня толькі сьнег, а і дрымучае ідыёцтва ўладаў, якімі кіруе „мазаічная псыхапатыя“...» Гэта ўрывак зь ліста Быкава.

З артыкула: Апошняе вымярэньне

Больш пра неверагодны лёс слухайце Васіля Быкава ў аўтабіяграфіі "Доўга дарога дадому", чытае сам аўтар, быццам размаўляе з табой сам насам.

#мова #супермова #героі #гонар #годна #белліт